Прэм’ер-міністар Эдзі Рама, які фарміруе свой чацьвёрты кабінэт, заявіў, што Дзіела стане «першым членам ураду, які не прысутнічае фізычна, а створаны віртуальна пры дапамозе ШІ». Задача бота — зрабіць так, каб дзяржзакупкі былі на 100% свабодныя ад карупцыі, паведамляе Reuters.
Тэндэры ў Альбаніі даўно лічацца крыніцай карупцыі і спосабам адмываньня грошай, што перашкаджае краіне наблізіцца да ўступленьня ў ЭЗ. Цяпер працэс разьмеркаваньня кантрактаў паступова перадаецца ШІ, каб выключыць уплыў чыноўнікаў, хабар і пагрозы.
Дзіела зьявілася ў пачатку 2025 года як віртуальны асыстэнт на партале e-Albania. У асыстэнта ёсьць аватар у традыцыйным альбанскім касьцюме, яна адказвае на галасавыя запыты і выдае дакумэнты з электроннымі подпісамі, скарачаючы бюракратычныя затрымкі.
Аднак карыстальнікі лічаць, што карупцыя ў Альбаніі нікуды ня дзенецца: многія жартуюць, што крадзеж працягнецца, проста ўсе будуць абвінавачваць ужо Дзіелу, піша devby. Альбанія, па ацэнках экспэртаў, застаецца вузлом для міжнародных злачынных груповак, якія займаюцца наркагандлем і зброяй. Барацьба з карупцыяй — адна з ключавых умоў на шляху да членства ў ЭЗ, якога Рама спадзяецца дасягнуць да 2030 году.
Форум