11 верасьня ЗША зьнялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія». Пра гэта на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл.
«Хачу цалкам афіцыйна зараз тут заявіць, што мы зьнялі санкцыі з „Белавія“. Гэта афіцыйна. У мяне была сустрэча з прэзыдэнтам Трампам, у якой удзельнічалі яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек. Гэта рашэньне было прынята прэзыдэнтам, які сказаў: „Зрабіце гэта неадкладна“», — сказаў Джон Коўл падчас сустрэчы. Відэа з гэтай цытатай паказаў тэлеграм-канал «Пул первого», зьвязаны з прэс-службай Лукашэнкі.
ЗША ўвялі санкцыі супраць «Белавія» 9 жніўня 2023 году. Пад санкцыямі Эўразьвязу авіякампанія знаходзіцца з сьнежня 2021-га. Свабода распытала былога супрацоўніка кампаніі, які займаўся тэхнічным абслугоўваньнем, што дае адмена амэрыканскіх санкцый.
Сяргей (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы — РС) падкрэсьлівае, што «Белавія» усё яшчэ пад санкцыямі ЭЗ, а ў ЗША самалёты авіякампаніі не ляталі і раней. На ягоную думку, найперш зьняцьцё абмежаваньняў закране тэхнічныя і рэпутацыйныя пытаньні для кампаніі.
«Найперш разблякуецца магчымасьць прамых закупак камлектуючых. Таксама размарожваецца магчымасьць абнаўляць праграмнае абсталяваньне, навігацыйныя базы дадзеных. Таксама гэта магчымасьць закупак самалётаў, тых жа Boeing. Магчыма, раней замарожаныя пастаўкі даедуць да кампаніі. Можа быць адкрыецца шлях, каб праводзіць навучаньне лётчыкаў, бо раней лётчыкі езьдзілі навучацца ў Эўропу. Магчыма, цяпер яны змогуць навучацца ў ЗША», — гаворыць суразмоўца.
Былы супрацоўнік «Белавія» прыводзіць прыклад, як раней кампанія набыла самалёты Airbus праз пасярэднікаў, а навучаньне пілётаў з-за санкцый праводзілі расейцы. Пасьля зьняцьця санкцый, на думку суразмоўцы, такое навучаньне можа быць дасяжнае і ў ЗША.
Аднак, зьняцьцё санкцый не прывядзе да ўвядзеньня прамых рэйсаў з ЗША, дадае спэцыяліст. На гэта няма тэхнічных магчымасьцяў. Але гэта добра для рэпутацыі кампаніі, зважае суразмоўца. Гаворка пра аднаўленьне рэйсаў зь Менску ў Эўропу таксама пакуль не можа весьціся, Эўразьвяз свае санкцыі ў дачыненьні да «Белавія» не адмяняў.
«Рэпутацыйна „Белавія“ шмат атрымлівае. Пазытыў таксама ў тым, што авіякампанія сыходзіць ад расейскай залежнасьці. Расея зараз прапагандуе імпартазамяшчэньне ў пляне авіябудаўніцтва. Зьняцьцё абмежаваньняў дае магчымасьць сысьці ад прымусовага набыцьця расейскіх лайнэраў і дэталяў», — гаворыць суразмоўца.
Пасьля ўвядзеньня санкцый ЭЗ і ЗША «Белавія» пачала нарошчваць рэйсы ў Расеі і іншыя краіны СНД. З 3 чэрвеня 2021 году пасьля прымусовай пасадкі ў Менску самалёта Rynair з Раманам Пратасевічам на борце ЭЗ закрыў неба для беларускіх самалётаў.
Форум