У Рэспубліканскім саюзе турыстычных арганізацый (РСТА) паведамілі, што цяпер галоўная задача — вярнуць групы з Эўропы. 14 верасьня празь пераход «Тэрэспаль — Брэст» мусілі вяртацца два аўтобусы зь Італіі і Грэцыі, у якіх ехалі 82 турысты. Цяпер яны накіраваныя празь літоўска-беларускі памежны пункт «Мядзінінкай — Каменны Лог».
Тым жа маршрутам цяпер будуць карыстацца і тыя групы, што выяжджаюць у Эўропу ў бліжэйшыя дні. Акрамя таго, беларускія апэратары пачалі актыўна выкарыстоўваць транзыт праз Латвію, піша myfin.by.
Нягледзячы на складанасьці, у РСТА кажуць, што «панікі няма, запыты працягваюць паступаць, і людзі браніруюць аўтобусныя туры на Каляды і Новы год».
- Рашэньне Польшчы закрыць мяжу зь Беларусьсю было прынятае, паводле прэм’ера Дональда Туска, у сувязі з «ростам колькасьці правакацыяў з боку Расеі і Беларусі» і пачаткам сумесных расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2025». Варшава назвала іх пагрозай бясьпецы NATO і краінаў рэгіёну. Эстонія, Літва і Латвія закрылі сваю паветраную прастору на ўсходзе.
«Нікуды яны не падзенуцца, мяжу адкрыюць», — адрэагаваў на гэта міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1», адказваючы на пытаньне, ці адкрые Польшча мяжу пасьля вучэньняў «Захад-2025».
Форум