Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 52 палітычных зьняволеных. Хто сярод іх?

абноўлена

Вызваленая загадчыца маркетынгавай службы санаторыя «Беларусь» у Друскеніках Алена Раманаўскене, фота з старонкі прэзыдэнта Літвы ў сацыяльнай сетцы X
Вызваленая загадчыца маркетынгавай службы санаторыя «Беларусь» у Друскеніках Алена Раманаўскене, фота з старонкі прэзыдэнта Літвы ў сацыяльнай сетцы X

У іх ліку 14 замежных грамадзян.

Сярод вызваленых палітычны актывісты Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Зьміцер Дашкевіч, прафсаюзныя лідэры Генадзь Фядыніч і Аляксандар Ярашук філёзаф Уладзімер Мацкевіч, журналісты Ігар Лосік, Павал Мажэйка, Аляксандар Манцэвіч, Ірына Слаўнікава, Ларыса Шчыракова, загадчыца маркетынгавай службы санаторыя «Беларусь» у Друскеніках Алена Раманаўскене.

Палітвязняў адразу з месцаў няволі прымусова вывозяць у Літву.

Вядома таксама пра вызваленьне палітыка Міколы Статкевіча, але праваабаронцы «Вясны» паведамляюць, што ён адмаўляецца пакінуць тэрыторыю Беларусі.

Раней прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа абвясьціў, што Беларусь вызваліла 52 палітычных зьняволеных, у тым ліку шэсьць грамадзян Літвы, перадае bns.lt.

Паводле прэзыдэнта Літвы, сярод вызваленых «дзеячы апазыцыі, журналісты, удзельнікі пратэстаў і грамадзяне замежных дзяржаў».

Паводле яго слоў, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп непасрэдна ўдзельнічаў у перамовах аб гэтым вызваленьні.

«Тое, што адбылося, — гэта велізарны дыпляматычны посьпех для Амэрыкі і ўсіх нас», — сказаў Наўседа.

11 верасьня Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з прадстаўніком прэзыдэнта ЗША Джон Коўлам і прапанаваў «вялікую зьдзелку» па «закладніках».

Лічбу ў 52 памілаваных зьняволеных пацьвердзіла ТАСС прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант.

«Зыходзячы з прынцыпаў гуманізму, таксама ўлічваўся ўзрост асуджаных, стан здароўя, пытаньні ўзьяднаньня сем’яў», — сказала яна.

Тэлеграм-канал «Пул первого», які вядзе прэсавая служба Лукашэнкі, напісаў, што па просьбе прэзыдэнта ЗША і іншых кіраўнікоў дзяржаў, «у рамках жэсту добрай волі і зыходзячы з прынцыпаў гуманнасьці» Лукашэнка ухваліў рашэньне аб памілаваньні шэрагу замежных грамадзян, асуджаных за «шпіёнскую дзейнасьць, удзел у экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Усяго памілаваны 14 замежных грамадзян.

6 зь іх — грамадзяне Літвы, па двое — Латвіі, Польшчы і Германіі, адзін грамадзянін Францыі і адзін — Вялікабрытаніі.

Гітанас Наўседа зазначыў, што 52 вызваленыя «гэта вельмі шмат».

«Тым не менш, больш за 1000 палітвязьняў усё яшчэ застаюцца ў беларускіх турмах, і мы ня спынімся, пакуль яны не выйдуць на волю», — напісаў прэзыдэнт Літвы ў Х.

Прозьвішчы вызваленых удакладняюцца. Паводле «Вясны», іх вывезьлі ў Літву.

БелТА паведаміла, што прадстаўнік Трампа заявіў Лукашэнку, што ЗША хочуць зноў адкрыць пасольства ў Менску.

Тэлеграм-канал «Пул первого» паведаміў, што ЗША зьнялі санкцыі з беларускай авіякампаніі «Белавія», пра гэта заявіў прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Поўны спіс палітвязняў, вызваленых у Беларусі 11 верасня

1. Статкевіч Мікалай Віктаравіч, 12.08.1956 г. н.

2. Мацкевіч Уладзімір Уладзіміравіч, 14.05.1956 г. н.

3. Фядыніч Генадзь Фёдаравіч, 31.07.1957 г. н.

4. Ярашук Аляксандр Ільліч, 16.11.1951 г. н.

5. Дзядок Мікалай Аляксандравіч, 03.08.1988 г. н.

6. Кучук Дзмітрый Леанідавіч, 20.03.1974 г. н.

7. Дашкевіч Зьміцер Вячаслававіч, 20.07.1981 г. н.

8. Афнагель Яўген Юр'евіч, 07.02.1979 г. н.

9. Вінаградаў Павал Юр'евіч, 24.04.1988 г. н.

10. Вінярскі Максім Аляксандравіч, 28.07.1981 г. н.

11. Войніч Андрэй Сяргеевіч, 15.04.1981 г. н.

12. Спарыш Сяргей Сяргеевіч, 11.07.1986 г. н.

13. Дзербыш Галіна Іванаўна, 05.08.1961 г. н.

14. Лосік Ігар Аляксандравіч, 20.05.1992 г. н.

15. Мажэйка Павал Іванавіч, 25.05.1978 г. н.

16. Манцэвіч Аляксандар Барысавіч, 05.08.1958 г. н.

17. Цімашчук Алена Пятроўна, 26.06.1993 г. н.

18. Слаўнікава Ірына Аляксандраўна, 12.07.1970 г. н.

19. Шчыракова Ларыса Фёдараўна, 13.04.1973 г. н.

20. Падабед Павел Васільевіч, 13.05.1979 г. н.

21. Лазараў Вячаслаў Дзьмітрыевіч, 29.08.1976 г. н.

22. Меркіс Яўген Аляксандравіч, 08.11.1986 г. н.

23. Хіло Мікалай Мікалаевіч, 17.10.1983 г. н.

24. Дубскі Ільля Сяргеевіч, 23.03.1997 г. н.

25. Крылоў Андрэй Максімавіч, 15.10.1962 г. н.

26. Казлоў Дзьмітрый Алегавіч, 26.04.1988 г. н.

27. Нікіценка Павал Міхайлавіч, 04.03.1987 г. н.

28. Бандарук Віталь Сяргеевіч, 18.02.1975 г. н.

29. Шафарэнка Якаў Аляксандравіч, 26.04.2000 г. н.

30. Сямёнаў Яўген Вітальевіч, 04.03.1986 г. н.

31. Гладкоўскі Глеб Уладзіміравіч, 06.05.1985 г. н.

32. Шубіч Сьвятаслаў Юр'евіч, 16.10.1991 г. н.

33. Сьцепанькоў Андрэй Леанідавіч, 05.12.1980 г. н.

34. Хвяскоеў Андрэй Сяргеевіч, 27.12.1997 г. н.

35. Сіленка Аляксей Дзьмітрыевіч, 22.07.1989 г. н.

36. Цяпцееў Ігар Аляксеевіч, 29.07.1986 г. н.

37. Уласенка Віктар Валер'евіч, 05.05.1987 г. н.

38. Рызапур Цімур Набі аглы, 14.03.1983 г. н.

Замежныя грамадзяне

Вялікая Брытанія:

39. Фэнэр Юлія Міхайлаўна, 15.02.1973 г. н.

Літва:

40. Раманаўскене Алена, 31.12.1964 г. н.

41. Чарняцевас Эдуардас, 27.06.1987 г. н.

42. Кавальчук Дзьмітрый, 12.03.1987 г. н.

43. Рымкус Томас, 03.10.1980 г. н.

44. Сакалоўская Данута, 10.03.1975 г. н.

45. Рыхцэр Генадзь, 29.04.1970 г. н.

Латвія:

46. Шумас Івас, 17.11.1989 г. н.

47. Асарс Эмілс, 18.09.2001 г. н.

Польшча:

48. Заневіч Кшыштаф, 06.08.1986 г. н.

49. Езутак Томаш Яцак, 12.09.1979 г. н.

Нямеччына:

50. Фос Карстэн, 21.03.1964 г. н.

51. Шміт Вальдэмар, 06.12.1982 г. н.

Францыя:

52. Расандэр Манюэль, 22.02.1979 г. н.

Каго вызвалілі раней

Гэта ня першае вызваленьне беларускіх палітвязьняў пры ўдзеле амэрыканскай дыпляматыі.

У выніку сустрэчы 21 чэрвеня пасланьніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў. Тады вызвалілі Сяргея Ціханоўскага, а таксама былога журналіста Радыё Свабода Ігара Карнея, выкладчыцу Натальлю Дуліну, актывіста анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскага-Ханада, уладальніцу беларускага і швэдзкага грамадзянства Галіну Красьнянскую, фігуранта справы «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыла Балахонава, бізнэсоўца Сяргея Шэлега.

Раней у 2025 годзе прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл наведваў Беларусь, вынікам чаго стала вызваленьне амэрыканскага грамадзяніна, палітвязьня Юрася Зянковіча.

12 лютага зь беларускіх турмаў вызвалілі журналіста Беларускай службы Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, амэрыканскага грамадзяніна, імя якога не называецца, і шматдзетную маці Алену Маўшук.

Намаганьні Дональда Трампа па вызваленьні беларускіх палітвязьняў

5 верасьня на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон і Менск вядуць перамовы пра вызваленьне часткі з 1400-1500 затрыманых у Беларусі, большасьць зь якіх — палітвязьні.

Раней Трамп называў лічбу 1300 зьняволеных і не ўжываў слова «палітычныя».

Трамп падзякаваў Аляксандру Лукашэнку, назваўшы яго «паважаным чалавекам», «моцным лідэрам» і «моцнай асобай».

Гаворачы пра вызваленых і пра астатніх зьняволеных, Трамп ужыў слова «закладнікі».

Па дарозе на саміт на Алясцы 15 жніўня Трамп апублікаваў у сацыяльных сетках допіс пра тое, што правёў «цудоўную размову зь вельмі паважаным прэзыдэнтам Беларусі», у якой падзякаваў Лукашэнку за вызваленьне 16 чалавек і абмеркаваў вызваленьне яшчэ 1300 чалавек. Перад перамовамі з Пуціным на Алясцы, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пазваніў Аляксандру Лукашэнку.

Зь сярэдзіны 2024 году Беларусь вызваліла некалькі сотняў чалавек, асуджаных за «экстрэмізм» і іншыя палітычныя «злачынствы», што аналітыкі лічаць спробай Лукашэнкі палегчыць сваю ізаляцыю ад Захаду. Пры гэтым сам Лукашэнка адмаўляе наяўнасьць у краіне палітычных вязьняў, а перасьлед грамадзян за пратэсты і іншадумства няспынна працягваецца па сёньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG