Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Сальда выклікала крытыку ва Ўкраіне, з рэзкай заявай выступіў МЗС. Сваю ацэнку падзеі выказаў у сваім інтэрвію«Ўкраінскай праўдзе» былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. Ён прапануе кіраўніцтву Ўкраіны ў якасьці адказу афіцыйна сустрэцца са Сьвятланай Ціханоўскай.
«Лукашэнка ніколі не прыхоўваў, што ён падтрымлівае палітыку Расеі ў гэтым пляне. Відавочна, што гэты крок ён зрабіў, ідучы насустрач жаданьням Пуціна. Зь іншага боку, яму трэба рабіць нейкія эканамічныя выгады з гэтага пытаньня. Праграмы аднаўленьня той жа Херсонскай вобласьці — а «почему бы мне не поучаствовать», — разважае Кізім аб прычынах сустрэчы.
На прыезд Сальда ў Менск МЗС Украіны адрэагаваў заявай. Ці можа Ўкраіна ўзмацніць ціск на Лукашэнку па гэтай прычыне?
«Дакладна трэба рэагаваць. Як нам адрэагаваць, можа, асымэтрычна? Калі ён запрашае Сальда, які ў нас лічыцца гаўляйтэрам, чаму мы тады ня можам афіцыйна сустрэцца з Ціханоўскай? Што ён зрабіў такога добрага для Ўкраіны, каб яго не раздражняць? Нічога. Тут павінна быць рэакцыя. Варта нагадаць, што маё адкліканьне ў 2023 годзе было выкліканае тым жа, што Лукашэнка з такой жа пампэзнасьцю сустракаўся з Пушыліным (кіраўнік так званай ДНР). Раней Пушыліна прымалі ў Беларусі на ўзроўні палітычных партый, грамадзкіх арганізацый, але, як толькі ён зьявіўся ў офісе Лукашэнкі, я адразу быў адкліканы. Мы паказалі, што мы можам дзейнічаць», — заявіў Ігар Кізім.
Хто такі Ігар Кізім
Ігар Кізім зь лютага 2024 году займаў пасаду амбасадара Ўкраіны. 7 лютага 2025 ён паведаміў, што пайшоў у адстаўку. Перад гэтым ён працаваў амбасадарам Украіны ў Кіеве, яго адклікалі, калі Аляксандар Лукашэнка сустрэўся ў Менску з прадстаўніком расейскіх акупацыйных уладаў часткі Данеччыны Дзянісам Пушыліным.
Ён шмат крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку. Калі Лукашэнка заявіў, што ня хоча ўцягваць Беларусь у вайну з Украінай, а таксама што гэтай краіне трэба разьлічваць не на дапамогу ЗША ў аднаўленьні пасьля вайны, Кізім нагадаў, што Беларусь ужо «ў вайне» з 24 лютага 2022 году і працягвае ў ёй удзельнічаць, аказваючы дапамогу Расеі.
Таксама ён адказаў на выказваньне Лукашэнкі, што беларускія ўлады нібыта робяць усё дзеля мірнага суседзтва.
«Адказ такі: спыні падтрымку злачыннай вайны, тады зь Беларусьсю гэта магчыма. Але зь цяперашнім рэжымам, на маю думку, — не», — напісаў Кізім.
- Ігар Кізім быў апошнім амбасадарам Украіны ў Беларусі — зь лютага 2017 году.
- Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Кіеў разарваў дыпляматычныя адносіны з Расеяй, але не зь Беларусьсю.
- У красавіку 2023 году, пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі ў Менску з кіраўніком акупаванай Расеяй «ДНР» Дзянісам Пушыліным, Кіеў адклікаў амбасадара Кізіма для кансультацыяў.
- 22 чэрвеня 2023 году ўказам прэзыдэнта Ўкраіны Ігар Кізім быў вызвалены ад пасады амбасадара Ўкраіны ў Беларусі. Новага амбасадара не прызначылі. Тым самым Уладзімір Зяленскі прадэманстраваў паніжэньне ўзроўню дыпляматычных адносінаў зь Беларусьсю.
- На пачатку лютага 2024 году рашэньнем міністра замежных спраў Украіны Ігар Кізім быў прызначаны амбасадарам дзеля асаблівых даручэньняў па Беларусі.
- На новай пасадзе амбасадар Кізім неаднаразова сустракаўся з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі, ён быў госьцем канфэрэнцыі «Новая Беларусь» 2024 году ў Вільні.
Форум