Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Савету Рэспублікі звольніўся колішні міністар юстыцыі, адказны за рэпрэсіі


Сяргей Хаменка на сьвяткаваньні Дня міліцыі ў сакавіку 2020 году. Тады ён працаваў на пасадзе намесьніка міністра ўнутраных справаў Беларусі.
Сяргей Хаменка на сьвяткаваньні Дня міліцыі ў сакавіку 2020 году. Тады ён працаваў на пасадзе намесьніка міністра ўнутраных справаў Беларусі.

З Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі звольніўся Сяргей Хаменка, прызначаны туды Аляксандрам Лукашэнкам у красавіку 2024 году.

Як вынікае з дакумэнту, апублікаванага на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі, 16 верасьня Савет Рэспублікі датэрмінова спыніў яго паўнамоцтвы і вызваліў ад пасады намесьніка старшыні Савету Рэспублікі.

Рашэньне абгрунтавана ч. 1 артыкулу 85 закону аб Нацыянальным сходзе і артыкулам 29 рэглямэнту Савету Рэспублікі, якія прадугледжваюць датэрміновае звальненьне з пасады ў выпадку спыненьня паўнамоцтваў.

У паведамленьні дзяржаўнага агенцтва БелТА аб прызначэньні новага намесьніка Натальлі Качанавай, датаваным 16 верасьня, адзначалася, што Сяргей Хаменка «звольнены з пасады з асабістай ініцыятывы, яго паўнамоцтвы як чальца Савету Рэспублікі спыненыя». Аднак прычынаў ягонага рашэньня не назвалі.

Пакуль не было афіцыйных паведамленьняў аб прызначэньні яго на іншыя пасады.

Што вядома пра Хаменку

Сяргей Хаменка нарадзіўся ў Ясінаватай Данецкай вобласьці 21 верасьня 1966 году. Вучыўся ў Расеі — у 1987 годзе скончыў Арджанікідзэўскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча, вядомае цяпер як Паўночна-Каўкаскі вайсковы інстытут унутраных войскаў Расеі, знаходзіцца ўва Ўладзікаўказе.

У Беларусь пераехаў у 1993 годзе і пачаў службу ў вядомай вайсковай частцы 5448 унутраных войскаў МУС Беларусі, дзе даслужыўся да начальніка штабу. Потым зноў атрымліваў адукацыю ў Расеі — на факультэце памежных і ўнутраных войскаў Вайсковай акадэміі імя Фрунзэ, але па заканчэньні зноў прыехаў у Беларусь, на службу ў тую ж вайсковую частку.

З 24 сьнежня 2019 году да 8 кастрычніка 2021 году працаваў намесьнікам міністра ўнутраных справаў Беларусі, а з 8 кастрычніка 2021 году да 11 красавіка 2024 году — міністрам юстыцыі.

На гэтых пасадах падтрымліваў палітычныя рэпрэсіі, ліквідацыю грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў, забраньне ліцэнзіяў у адвакатаў.

У 2020 годзе Латвія і Літва забаранілі яму ўезд на сваю тэрыторыю бестэрмінова, а Эстонія на пяць гадоў — за арганізацыю і падтрымку фальсыфікацыі вынікаў выбараў прэзыдэнта, жорсткі разгон мірных пратэстаў і катаваньне затрыманых актывістаў.

У кастрычніку 2020 году супраць яго ўвялі санкцыі краіны Эўразьвязу, да якіх далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Украіна і Чарнагорыя. Вялікая Брытанія, Канада і Швайцарыя ўвялі супраць яго свае нацыянальныя санкцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG