У японскім Токіё працягваецца першынство сьвету ў лёгкай атлетыцы. Марыя Жодзік, якая выступае за зборную Польшчы, у паўфінале так і не даскочыла да кваліфікацыйнай вышыні 1,97 мэтра. Яна паказала вынік 1,92 м.
Аднак сталася так, што скакух, якія пераадолелі нарматыў, было няшмат. Мусілі дадаткова залучаць спартовак у фінальны тузін удзельніц паводле найвышэйшага паказьніку. А ён у Марыі быў восьмым сярод усіх паўфіналістак, што і дало пропуск у фінал.
У гэтым сэзоне Жодзік ужо пабіла ўласны рэкорд, узяўшы вышыню 1,98 м. У фінале ад яе чакаюць большага. Палякі на чэмпіянаце ў Японіі пакуль мэдалёў не заваявалі.
Фінал у Токіё адбудзецца 21 верасьня, а 13:30 беларускага часу.
У 2020 годзе Марыя Жодзік падпісала адкрыты ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту. Але рэжым Лукашэнкі ў Беларусі ўтрымаўся, і гэта закрыла атлетцы дарогу ў нацыянальную каманду. Як і шэраг іншых спартоўцаў, яна вымушаная была пакінуць Беларусь. У 2024 годзе Марыі дазволілі выступаць за Польшчу.
У тым жа годзе Жодзік выступіла за гэтую краіну на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Аднак выступ быў няўдалым. Узяўшы толькі 1,83 м, ураджэнка Баранавічаў выбыла з барацьбы за мэдалі.
Форум