Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба быць карыснай», — былая палітзьняволеная Натальля Дуліна аб’явіла набор на курс італьянскай мовы


Натальля Дуліна пасьля выезду зь Беларусі. Ліпень 2025 году
Натальля Дуліна пасьля выезду зь Беларусі. Ліпень 2025 году

Падчас зьняволеньня Натальля Дуліна вучыла італьянскай мове сваіх сукамэрніц у СІЗА.

Былая палітзьняволеная Натальля Дуліна, якая ў чэрвені 2025 году выйшла на волю, але была высланая ў Літву, аб’явіла набор на заняткі італьянскаю моваю.

«Фармуем „дарослыя“ групы ўзроўняў A2, B1, B2. Калі будзе патрэба — адкрыем групу C1. Заняткі будуць праходзіць раз на тыдзень онлайн. Узроўні A2, В1, B2 — бясплатна. C1 — зь невялікай даплатай», — паведаміла Натальля Дуліна.

Натальля Дуліна выкладае італьянскую амаль 30 гадоў, навучыла гэтай мове сотні чалавек. Жанчына згадвае, што і ў СІЗА вучыла сябровак, якія цікавіліся італьянскай.

Паводле Натальлі, гэтая мова ня толькі прыгожая і мілагучная. У навучаньні ёй ёсьць сакрэт, якім яна з радасьцю падзеліцца з слухачамі.

«Заняткі будуць праходзіць онлайн. Людзі ўжо запісваюцца. Спадзяюся набраць патрэбную колькасьць вучняў і паралельна вырашыць некаторыя арганізацыйныя пытаньні і асабістыя справы з дакумэнтамі. Добра было пасьля турмы адпачыць, дзякуй усім, хто мне дапамагаў, але жыцьцё патрабуе — працаваць. Дый трэба быць карысным, бяз гэтага таксама не магу», — патлумачыла Свабодзе свой крок Натальля Дуліна.

У 2020 годзе Натальля Дуліна працавала дацэнтам кафэдры італьянскай мовы Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, які цяпер называецца Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт замежных моваў (БДУЗМ). За ўдзелы ў пратэстах жанчыну чатыры разы каралі адміністрацыйнымі арыштамі, а ў кастрычніку 2022 году затрымалі зноў і асудзілі на 3,5 года зьняволеньня. Свой тэрмін Натальля Дуліна не дабыла ўсяго некалькі месяцаў — 21 чэрвеня былую выкладчыцу як памілаваную зь мяшком на галаве вывезьлі да літоўскай мяжы.

«Усе кажуць, што італьянскую прыемна вучыць. Гэта так, згодная. Але ўсё ж вучыць яе няпроста, і я патлумачу вучням, чаму. А яшчэ адзначу, што італьянская мова займае асобнае месца сярод моваў сьвету як мова культурных зносін, і таму яна вельмі прэстыжная. Ахвочых авалодаць гэтай мовай заўсёды шмат, гэта бачна і сярод беларусаў, якія апынуліся, як і я, у эміграцыі», — падзялілася назіраньнямі Натальля Дуліна.

Паводле задумы, найперш на курсы Натальлі Дулінай прымуць асобаў з статусам уцекача: тых, хто знаходзіцца пад дадатковай міжнароднай абаронай ці толькі падаў дакумэнты, а таксама пацярпелых ад рэпрэсічў. Іншыя людзі могуць трапіць на курсы, калі будуць свабодныя месцы. Запіс ідзе праз апрацоўку пэрсанальных зьвестак і вэрыфікацыю. Навучаньне будзе весьціся па-расейску.

Курсы будуць праходзіць з падтрымкай італьянскай некамэрцыйнай арганізацыі Fondazione CR Firenze.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG