Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай з Польшчай ня здолелі дамовіцца, каб адкрыць польскую мяжу зь Беларусьсю, — эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі


Радэк Сікорскі і Ван І, Варшава, 15 верасьня 2025 году
Радэк Сікорскі і Ван І, Варшава, 15 верасьня 2025 году

Сьцісла

  • Кіраўнікі МЗС Польшчы і Кітаю не дасягнулі згоды наконт адкрыцьця мяжы Польшчы зь Беларусьсю
  • Калі спыненьне чыгуначнага руху паміж Беларусьсю і Польшчай стане доўгатэрміновым, Беларуская чыгунка будзе штодзень губляць па паўмільёна даляраў
  • Падчас крызісу ў расейскай эканоміцы ціск Пэкіну на Менск можа быць больш адчувальным, чым раней
  • Лукашэнка можа вызваліць грамадзкага актывіста Анджэя Пачобута і манаха Гжэгажа Гавэла

Кітай ня здолеў пераканаць Польшчу адкрыць транзыт на мяжы з Беларусьсю. Ня выключана, што Пэкін цяпер будзе ціснуць на Аляксандра Лукашэнку, дамагаючыся саступак Варшаве. Так мяркуе эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі, вядоўца праграмы «Оптымум» на YouTube-канале выданьня «Беларусы і рынак».

— Учора адбылася сустрэча міністраў замежных справаў Польшчы і Кітаю Радэка Сікорскага і Ван І. Напярэдадні сустрэчы Сікорскі сказаў, што зьбіраецца аказаць ціск на свайго кітайскага калегу, каб той у сваю чаргу паўплываў на Расею, прымусіў яе спыніць гібрыдную апэрацыю на беларуска-польскай мяжы. Які вынік ціску?

Андрэй Махоўскі
Андрэй Махоўскі

— Думаю, што ня толькі Радэк Сікорскі хацеў аказаць ціск на кітайскага калегу. Падазраю, што кітайскі калега таксама хацеў аказаць пэўны ціск на Сікорскага з тым, каб Польшча адкрыла мяжу. Мы, вядома, мала ведаем аб выніках гэтага ўзаемнага ціску. Але тут успамінаецца сюжэт з апавяданьня пра Шэрлака Холмса Конан Дойла: сабака не брахаў — і гэта і ёсьць галоўны доказ.

Заплянаваны сумесны брыфінг Ван І і Сікорскага не адбыўся. І можна меркаваць, што сказаць ім не было чаго. Брыфінг не адбыўся на просьбу кітайскага боку. Кітай ня любіць адкрытых канфліктаў, ня любіць, каб гэтыя канфлікты траплялі ў публічную прастору, значыць, хутчэй за ўсё, дамовіцца не ўдалося.

Ну і больш за тое — сёньня зьявіўся другі ўскосны доказ, які паказвае, што нічога з гэтага ўзаемнага ціску не атрымалася, што аб мяжы не ўдалося дамовіцца. Польскае Міністэрства ўнутраных справаў выступіла з заявай, зь якой вынікае, што мяжу зь Беларусьсю пасьля вучэньняў не адкрыюць. Гэта ня тое каб вялікі сюрпрыз, гэтага шмат хто чакаў. Але сёньня практычна наўпрост сказалі, што межы адкрыюць пасьля таго, як польскія ўлады будуць упэўненыя ў бясьпецы польскіх грамадзян.

У гэтым сэнсе даволі забаўна выглядаюць дзеяньні беларускага боку. Міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў заявіў: «Ну вось зараз няхай палякі паразумяваюцца з кітайцамі». Відаць, у беларускага МЗС ёсьць справы важнейшыя, чым такая «драбяза», як мяжа.

— Яшчэ летась, падчас візыту тагачаснага прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Кітай, гучалі меркаваньні, што Пэкін з прычыны пагрозы транзыту можа націснуць на Менск, на Аляксандра Лукашэнку, і прымусіць яго пайсьці на саступкі Варшаве: спыніць міграцыйныя атакі, вызваліць журналіста і актывіста польскай меншасьці Анджэя Пачобута. Сьпіс там вялікі. Цяпер дадаўся польскі манах Гжэгаж Гавэл, арыштаваны ў Беларусі паводле абвінавачаньня ў шпіянажы. Ці былі абгрунтаваныя разьлікі на гэта тады? Ці слушныя яны зараз? Ці вялікія шанцы, што Сі пазвоніць Лукашэнку і запатрабуе пайсьці на саступкі?

— Калі казаць пра тую ранейшую гісторыю, то мы яе можам ізноў жа ацэньваць з ускосных доказаў. А яны такія, што пасьля візыту Анджэя Дуды ў Кітай інтэнсіўнасьць нападаў мігрантаў на мяжу зьнізілася да мінімуму. Мы ня ведаем дакладна, хто на каго ціснуў, але паколькі міграцыйны ціск зьнізіўся, можна было меркаваць, што Пэкін ціснуў на Менск. Але Пачобута Лукашэнка пры гэтым не адпусьціў. Так што калі Пэкін і ціснуў, дык лёгенька.

І ў дачыненьні да Беларусі ў Сі Дзіньпіна «прэс» слабейшы, чым у Пуціна. А Пуцін не зацікаўлены ў тым, каб Лукашэнка памірыўся з Захадам і з той жа Польшчай. Так было раней. Але сытуацыя мяняецца. Цяпер на расейскім рынку справы ідуць кепска. Пуцін Лукашэнку грошы дае, але даволі скупа. І Лукашэнка спрабуе знайсьці ў Кітаі новага сэньёра. І, магчыма, цяпер Кітай мае больш вагароў ціску на Менск.

— А якімі будуць эканамічныя наступствы для Беларусі ад закрыцьця мяжы, калі яно працягнецца доўга?

— Для Беларусі гэта будзе мацнейшым за санкцыі на калійныя ўгнаеньні. Я рабіў ацэнкі меркаванай шкоды. Свае ацэнкі абнародаваў і Мытны камітэт. Яны прыкладна супалі. Тут ёсьць тры ўзроўні стратаў.

Беларускі экспарт у ЭЗ у 2024 годзе склаў прыкладна 1,5 мільярда даляраў. І, паводле інфармацыі мытні, 64% ад гэтага экспарту ішлі празь мяжу з Польшчай. Гэта каля 900 мільёнаў даляраў. Ладная частка гэтых грошай будзе страчана.

Другі ўзровень — той самы кітайскі транзыт. Падлічана, што Беларуская чыгунка страціць на гэтым 180–200 мільёнаў долараў. Гэта не катастрафічна, але нямала. Аднак пры гэтым Беларусь яшчэ больш страчвае сваю каштоўнасьць для Кітаю. Беларусь у эканамічным сэнсе цікавая Кітаю дзьвюма рэчамі — чыгуначным транзытам і калійнымі ўгнаеньнямі. Першае значна важнейшае. Беларусь прапануе ўгнаеньні Кітаю з ладнымі зьніжкамі, але ў прынцыпе іх шмат у каго можна купіць. А вось транзыт — гэта 20 мільярдаў даляраў у год. Праўда, сухаземны кітайскі экспарт складае 4% ад усяго экспарту КНР. Але з улікам маштабаў кітайскай эканомікі гэта вялікія грошы. І гэта выгадна. Морскі транзыт даражэйшы, даўжэйшы, з рызыкай ад піратаў і іншых нечаканасьцяў.

Ёсьць і трэці ўзровень, пра які мала што можна дакладна сказаць. Гэта шэрыя схемы, якія так любяць выстройваць улады Беларусі. Так што закрыцьцё мяжы — таксама і ўдар па асабістых гаманцах Лукашэнкі, якія працуюць у такіх схемах.

У Беларусі разумеюць, чым рызыкуюць. Пра гэта сьведчыць і палітыка ў дачыненьні да вучэньняў «Захад-2025». Вучэньні праводзіліся далёка ад межаў з Польшчай, Літвой і Ўкраінай. Учора міністар абароны Віктар Хрэнін абнародаваў колькасьць удзельнікаў — 7 тысяч, зь іх тысяча расейцаў. Гэта менш, чым плянавалася раней. І дзе абяцаныя праверкі выкарыстаньня ядзернай зброі і «Арэшніку»?

— Міграцыйная плынь быццам бы паменшала. У кірунку Літвы ўчора яна склала нуль чалавек. Але Пачобут сядзіць, манах Гавэл сядзіць. Менск робіць захады насустрач Варшаве?

— Ну можа крыху менш сталі абзывацца на адрас Польшчы. Ёсьць крокі, якія можна было б зрабіць проста зараз — вызваліць Пачобута і Гавэла. Арышт манаха стаў апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярплівасьці Польшчы. Міністар замежных справаў Рыжанкоў заяўляе, што Менск увесь час прапануе партнэрам канструктыўны дыялёг. Дык ня трэба прапаноўваць, зрабіце што-небудзь.

— А вагары, каб ціснуць на Польшчу, Кітай мае?

— Адрозьненьне ў тым, што Беларусі няма куды падзецца. А Польшчы ёсьць. Але пры гэтым калі Лукашэнка вельмі ганарыцца сваімі асаблівымі адносінамі з Кітаем і кітайскімі інвэстыцыямі, то кітайскія інвэстыцыі ў Польшчу на парадак большыя, чым кітайскія інвэстыцыі ў Беларусь. І калі казаць пра нейкі хаб, зь якога сумесна вырабленыя тавары будуць адпраўляцца ў Эўропу, то Польшча на ролю такога хабу пасуе больш, чым Беларусь.

— Учора прэс-сакратар МЗС Польшчы Павал Уроньскі пра вынікі перамоваў Ван І і Сікорскага канцэптуальна заявіў, што ёсьць рэчы важнейшыя, чым грошы. Ён фактычна сказаў, што Польшча шмат страціць ад закрыцьця мяжы, але бясьпека і гонар даражэйшыя.

— Так, улады Беларусі, мяркуючы з усяго, гэтага не разумеюць — што ёсьць рэчы важнейшыя, чым выгада.

— Ну, па-свойму яны гэта разумеюць. Вось не выпускае Лукашэнка Пачобута. Прынцыпова — я не прагнуся. Вось такое разуменьне гонару.

— Так, але яны ж лічаць, што на бяздушным Захадзе ўсё зводзіцца да грошай, адны даляры ў галаве. Яны ня верылі, што Польшча пойдзе на такія страты. Хоць Польшча ня раз намякала, калі закрывала пасажырскія пункты пропуску. Але што перакрыюць таварны транзыт — у Менску не верылі. І для іх гэтае рашэньне было абсалютнай нечаканасьцю і шокам. Калі мяжа будзе заставацца закрытай доўга, то Беларуская чыгунка будзе страчваць прыкладна па паўмільёна даляраў штодзень.

— Учора Ўроньскаму задалі пытаньне: ці закрыцьцё мяжы ўзгодненае з ЭЗ? Бо польскае рашэньне ўдарыла па транзыце ня толькі ў Польшчу, але і ў астатнія краіны ЭЗ на захад ад яе. Уроньскі адказаў: «Гэта было наша сувэрэннае рашэньне». А ЭЗ зь ім пагадзіўся? Ён на страты гатовы?

— Мяркую, што Польшча ўсё ж праводзіла нейкія кансультацыі з Эўразьвязам. Тут як у прыгаданым апавяданьні Конан Дойла: сабака не брахаў, Эўразьвяз не заяўляў, што яго інтарэсы польскім рашэньнем неправамерна парушаныя, што Варшава павінна адкрыць мяжу і аднавіць рух грузаў. І такое таксама ў гэтым выпадку служыць доказам.

— А ці можа Лукашэнка ў гэтай сытуацыі ўсё ж такі прагнуцца? Ён жа можа дазаваць саступкі — вызваліць Пачобута, Гавэла, зьнізіць міграцыйны ціск. Хоць зараз ня факт, што палякі задаволяцца частковымі саступкамі.

— Я думаю, што гэтым разам ён пойдзе на саступкі. Зараз яму гэта зрабіць крыху прасьцей. Ёсьць жа трэк вызваленьня палітвязьняў з амэрыканцамі. Гавораць, што ў бліжэйшы час могуць вызваліць яшчэ 200 чалавек. І Пачобут, і Гавэл могуць апынуцца ў гэтай партыі людзей, вызваленых паводле дамоўленасьці з ЗША. Але сапраўды, цяпер вызваленьня Пачобута і Гавэла можа і не хапіць для аднаўленьня чыгуначных зносін. Ну а памяншэньне міграцыйнага ціску — гэта наагул сьмешна. Сёньня зьменшыць, заўтра зноў павялічыць.

— Палякі, дарэчы, у адказ на частковыя саступкі могуць адкрыць пасажырскія зносіны. Але пакінуць блякаду чыгуначных.

— Ну так. І яно як бы лягічна ў сувязі з завяршэньнем вучэньняў. На час вучэньняў нібыта мела сэнс трымаць закрытымі пасажырскія пераходы — дывэрсанты ж у выпадку чаго не ў таварных вагонах паехалі б, а на аўтобусах з шэнгенскімі візамі. Жарт. А вось вучэньні скончыліся, пасажырскія пераходы ў выпадку частковых саступак можна і адкрыць. Але пакінуць мяжу закрытай для грузаў, сказаўшы, што Беларусь па-ранейшаму стварае пагрозы і мы хочам дамагчыся ад яе ўладаў дакладных гарантыяў, што такіх пагрозаў больш ня будзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG