Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Можа дайсьці да адкліканьня ўкраінскіх дыпляматаў». Яўген Магда пра сустрэчу Лукашэнкі з кіраўніком акупацыйнай херсонскай адміністрацыі


Уладзімір Сальда і Аляксандар Лукашэнка, Менск, 15 верасьня 2025
Уладзімір Сальда і Аляксандар Лукашэнка, Менск, 15 верасьня 2025

Сьцісла

  • Узяла верх «саўгасная геапалітыка», увогуле ўласьцівая Лукашэнку
  • Лёгіка Лукашэнкі прыблізна такая — зараз расейскія войскі на тэрыторыі Беларусі, Украіна ня пойдзе на абвастрэньне са мной
  • Сустрэча з Сальдам — магчыма, апошняя прыступка перад візытам Лукашэнкі ў Крым
  • Стан беларускіх дэмакратычных сілаў пакуль нічым не падштурхоўвае Ўкраіну да разрыву адносінаў з Лукашэнкам

Украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магдакаментуе сутрэчу Аляксандра Лукашэнкі зь кіраўніком акупаванай Расеяй частцы Херсонскай вобласьці і прагнузуе далейшую рэакцыю афіцыйнага Кіева.

— Лукашэнка сустрэўся з Уладзімірам Сальдам, якога ва Ўкраіне асудзілі на 15 гадоў за дзяржаўную здраду. Сальда ўзначальвае расейскую адміністрацыю ў акупаванай Расеяй частцы Херсонскай вобласьці. Лукашэнка назваў Херсонскую вобласьць «новым рэгіёнам Расеі». Ці можна гэта назваць нейкім новым узроўнем падтрымкі агрэсіі Расеі з боку Лукашэнкі? Бо раней ён менавіта такіх азначэньняў не ўжываў.

— Вы маеце рацыю. Лукашэнка з 2014 году ўнікаў адкрытай падтрымкі акупацыі Крыму і не наведваў Крым, нягледзячы на свае намёкі, што ён туды накіруецца. І не пабываў там нават пасьля 24 лютага 2022 году.

Яўген Магда, украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі
Яўген Магда, украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі

Але ў гэтым выпадку, мне здаецца, узяла верх саўгасная геапалітыка, увогуле ўласьцівая Лукашэнку. Я бачу невыпадковым тое, што сустрэча з Сальдам адбылася, з аднаго боку, пасьля візыту амэрыканскай дэлегацыі і ўдзелу амэрыканскіх вайскоўцаў у вучэньнях «Запад-2025» у якасьці назіральнікаў. А з другога боку — гэтыя самыя вучэньні, на думку Лукашэнкі, павінны перасьцерагчы Ўкраіну ад разрыву дыпляматычных адносінаў зь Беларусьсю.

Думаю, што ягоная лёгіка прыблізна такая: зараз на тэрыторыі Беларусі расейскія войскі, Украіна ня пойдзе на абвастрэньне са мной, бо ёй гэта нявыгадна.

— Вы згадалі нядаўні візыт у Менск пасланьніка прэзыдэнта ЗША і вызваленьне 52 палітвязьняў. Такое ўражаньне, што Лукашэнка, як нярэдка зь ім бывае, адразу пасьля нейкага кроку да заходнікаў спрабуе ўраўнаважыць гэта пракрамлёўскімі заявамі і дзеяньнямі.

— Так. І вось ён у гэтым выпадку кажа пра новыя рэгіёны Расеі, і мы ж разумеем, што гэтае азначэньне выкарыстоўваецца ў крамлёўскім афіцыёзе для пазнакі ўкраінскіх акупаваных тэрыторыяў. І Лукашэнка кажа, што прыехаў кіраўнік новай тэрыторыі Расеі, і расказвае, як усё будзе добра, што мы гатовыя супрацоўнічаць.

Сярод іншага, Лукашэнка шукае новыя магчымасьці для беларускага машынабудаваньня. І, у прынцыпе, даволі відавочна, што рамонт тэхнікі ды іншыя рэчы — усё гэта будзе выклікаць інтарэс у Расеі. Лукашэнка, я думаю, праз Херсон спрабуе зайсьці далей і стаць удзельнікам разьвіцьця і іншых акупаваных рэгіёнаў Украіны. Мая думка, што сустрэча з Сальдам — гэта апошняя прыступка перад візытам Лукашэнкі ў Крым ці сустрэчай з кімсьці з крымскіх калябарантаў, якія там займаюць кіроўныя пасады.

— МЗС Украіны ўжо адрэагавала дастаткова рэзкай заявай. Але ці можна казаць, што гэтым усё толькі і абмяжуецца? Мінулым разам, калі ў Менск прыяжджаў кіраўнік гэтак званай ДНР Пушылін, Украіна адклікала свайго пасла зь Менску.

— Вядома, што цяпер амбасадараў ані Ўкраіны ў Беларусі, ані Беларусі ва Ўкраіне няма. Колькасьць украінскіх дыпляматаў у Беларусі мізэрная. Застаецца хіба толькі адклікаць увесь дыпляматычны пэрсанал і дазволіць тэрыторыі ўкраінскага пасольства ў Менску зарастаць бур’яном так, як зарастае бур’яном тэрыторыя беларускага пасольства ў Кіеве.

— То бок вы не чакаеце поўнага разрыву дыпляматычных адносінаў паміж Кіевам і Менскам?

— Я гляджу, што, напрыклад, стан беларускіх дэмакратычных сілаў пакуль нічым не падштурхоўвае Ўкраіну да таго, каб рэзка разарваць адносіны з Лукашэнкам і, умоўна, запрасіць у госьці Сьвятлану Ціханоўскую. Гэта значыць, мы разумеем, што Ўкраіна гэтага пастаянна ўнікала і, у прынцыпе, працягвае.

Праблема ў тым, што Лукашэнка, на жаль, паказаў, што ён здольны ствараць беларускім дэмакратычным сілам нашмат больш праблемаў, чым яны яму.

— Вы перавялі тэму на дэмакратычныя сілы, хоць, здавалася б, пры чым тут яны? Як вам сёньня бачыцца стратэгія Кіева ў дачыненьні да Менску? Ці адбываецца проста рэакцыя на нейкія дзеяньні Менску?

— Я ня проста перавёў размову пра стратэгію Ўкраіны ў дачыненьні да Беларусі. Хачу нагадаць пазыцыю былога амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Ігара Кізіма, які казаў, што Ўкраіна павінна выбудоўваць адносіны і з афіцыйным Менскам, і зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Праўда, пасьля яго сыходу ў адстаўку Ўкраіна так і не стварыла новай пасады спэцыяльнага прадстаўніка для Беларусі. Ёсьць дыплямат, які адказвае за гэтыя пытаньні ва ўкраінскім МЗС, але ён, па маіх назіраньнях, не займае занадта публічную пазыцыю.

Тут можна адзначыць, што пачатак вучэньняў «Запад-2025» міністры замежных справаў краінаў Люблінскага трыкутніку (Літва, Польшча, Украіна) сустрэлі заявай, якая асуджае атаку дронаў на тэрыторыі Польшчы і пазыцыю Лукашэнкі. Крыху больш за год таму ў інтэрвію «Нашай Ніве» я сказаў, што для Кіева нібыта «было б лепш, каб Беларусі не было». На жаль, такая пазыцыя Кіева на гэты момант, па-мойму, засталася гэткай самай, бо ўкраінскія ўлады ня маюць дакладнага бачаньня і інструмэнтаў, зь якімі можа працаваць.

— Як адрэагавала ўкраінскае грамадзтва на сустрэчы Лукашэнкі з Сальдам і наколькі гэта, скажам так, зьдзівіла ўкраінцаў? Ці зьдзіўленьня і не магло быць, бо гэта было даволі прадказальна?

— Спадар Сальда быў і народным дэпутатам Украіны, а значыць, ён відавочны калябарант, то бок перабежнік. Таму не адрэагаваць украінскі МЗС ня мог. Я лічу, што наступным крокам будзе ўсё ж такі рашэньне апусьціць узровень адносін да мінімуму, гэта значыць да адкліканьня дыпляматычнага пэрсаналу. Потым ужо пачынаць з нуля — пасьля таго, як у Беларусі зьменіцца ўлада, а мы да гэтай сытуацыі пастаянна набліжаемся.

— Як у Кіеве ацэньваюць іншыя навіны — візыт амэрыканскай дэлегацыі ў Менск і вызваленьне закладнікаў, а таксама закрыцьцё польска-беларускай мяжы?

— У інфармацыйнай прасторы Ўкраіны гэта прайшло практычна незаўважана. А значыць, няма нейкага энтузіязму, усплёску цікавасьці да Беларусі й да таго, што там адбываецца. Мы на гэта глядзім праз прызму таго, што Дональд Трамп фактычна ператварыў Злучаныя Штаты з саюзьнікаў Украіны ў такога пасярэдніка, які спрабуе гандляваць украінскімі інтарэсамі. І гэта значыць, тут большы акцэнт не на дзеяньні Лукашэнкі, а на дзеяньні Трампа.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG