Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Супрацоўніцы Акрэсьціна мараць стаць палітычнымі ў Польшчы». Паплечнік Статкевіча Сяргей Спарыш пра жыцьцё за кратамі і ўзровень рэпрэсіяў


Сяргей Спарыш
Сяргей Спарыш

Сяргея Спарыша затрымалі ў чэрвені 2020 году, калі ў Менску і іншых беларускіх гарадах яшчэ не пачаліся шматтысячныя акцыі пратэсту. Праз больш чым 5 гадоў яго вызвалілі і вывезьлі разам зь іншымі вязьнямі за мяжу. Свабода распытала актывіста пра самае цяжкае за кратамі, уплыў санкцыяў на Беларусь і апошнюю размову з Статкевічам.

Актывіста партыі «Народная Грамада» Сяргея Спарыша затрымалі 20 чэрвеня 2020 году, абвінаваціўшы ва «ўдзеле ў масавых беспарадках», «навучаньні ці падрыхтоўцы асобаў ва ўдзеле ў масавых беспарадках», «перашкодзе ў ажыцьцяўленьні выбарчых правоў».

Сяргей Спарыш
Сяргей Спарыш

Вынік — 6 гадоў у калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 11 верасьня Сяргея, як і яшчэ 51 вязьня, вызвалілі і вывезьлі за мяжу ў выніку перамоваў уладаў Беларусі з прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША. Палітык Мікола Статкевіч адмовіўся пакідаць Беларусь. Сяргею ўдалося пагаварыць зь ім у СІЗА КДБ.

«Ён быў у добрым маральным стане, лепшым, чым да 2020 году, бо была няпэўнасьць, як праявяць сябе беларусы ў 2020-м. У 2025-м ён сказаў, што беларуская нацыя ўжо існуе, але няма дзяржавы. Цяпер засталася толькі палова задачы», — прыгадвае Сяргей размову зь Міколам Статкевічам.

Сяргей Спарыш
Сяргей Спарыш

Сяргей Спарыш падкрэсьлівае, што праўдзівую інфармацыю пра Міколу Статкевіча можна атрымаць, калі зьявіцца хоць нейкая сувязь зь ім. Пры ўсіх іншых варыянтах улады могуць і будуць хлусіць.

«Каб мы ведалі, што Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў тым ці іншым месцы, што ён жывы, што ён здаровы, трэба атрымаць нейкую сувязь зь ім — званок або ліст. Іншых варыянтаў, каб быць упэўненымі, няма. Усё, што кажа Лукашэнка ці яго памагатыя, павінна a priori лічыцца хлусьнёй», — гаворыць актывіст.

Па вызваленьні Сяргею Спарышу, як і некаторым іншым вязьням, не аддалі пашпарт, ёсьць толькі даведка аб вызваленьні.


«Самае складанае — камунікацыя з крымінальнікамі»

Самым складаным за кратамі Сяргей называе вымушаную камунікацыю з крымінальнікамі. Гэта накладае адбітак на маральны стан.

«Палітвязьні зьмяшаныя з крымінальнікамі. Калі ты ў камэры знаходзісься зь пяцьцю забойцамі, адзін з якіх задушыў маці, бо тая не дала яму грошай на апахмел, — вось у такой кампаніі цяжка нармальнаму чалавеку. Празь нейкі часу гэта накладае адбітак, робіцца некамфортна. Даводзілася займацца мэдытацыяй, нейкім чынам адцягваць сваю ўвагу», — гаворыць Сяргей Спарыш.

Сяргей Спарыш
Сяргей Спарыш

Суразмоўца таксама згадвае брак гігіены і мэдычнай дапамогі за кратамі. І ад галавы, і ад болю ў жываце лекар можа проста даць таблетку асьпірыну. А часам за зварот да лекара можна атрымаць пакараньне ў выглядзе ШЫЗА (штрафны ізалятар, камэрa для ізаляцыі вязьняў у турме. — РС).

«Часта бывае так, што людзям не даюць лекаў. Нашаму таварышу, хвораму на цукровы дыябет, не давалі інсулін. Інсулін — гэта наагул тыповы сродак узьдзеяньня. Чалавек упадае ў інсулінавую кому, пачынае паводзіць сябе неадэкватна і да таго падобнае. Пасьля гэтага такіх людзей завозяць у псіхушку», — гаворыць Сяргей Спарыш.

Палітвязьням цяжэй за іншых атрымаць нават кнігі. Былы зьняволены прыводзіць прыклад: чалавек, асуджаны за забойства, мог узяць 5 кніг, а ён — толькі дзьве.

«У шклоўскай калёніі ІК-17 палітычным кнігі забароненыя. Усе, абсалютна любыя. Калі ты ў кагосьці ўзяў кнігу, вы абодва паедзеце ў ШЫЗА. У Магілёве ў калёніі звычайны чалавек — які-небудзь гвалтаўнік ці забойца — мог узяць пяць кніг, а я толькі дзьве кнігі. І ні ў якім разе нічога зьвязанага з замежнымі мовамі. Замежныя мовы — я дамаўляўся зь нейкім алкашом, плаціў яму цыгарэтамі за кнігі. І ён браў для мяне кнігі», — прыгадвае Спарыш.

Пры гэтым людзі ўнутры карнай сыстэмы таксама мараць зьехаць. Спарыш прыводзіць прыклад: дзьве супрацоўніцы Акрэсьціна, якія катавалі яго, не даючы спаць, марылі аб палітычнай эміграцыі ў Польшчу.

«Уначы будзілі кожныя паўгадзіны, пастаянна. Я падслухаў размову дзьвюх жанчын, якія гэтым займаліся. Адна зь іх сказала: „Я паеду ў Польшчу і скажу, што я палітычная. Мне там дадуць прытулак“. А другая адказала: „Я таксама б з задавальненьнем, але мой ці то Дзіма, то ці то Саша — ён жа на „Д“ непрыстойнае слова — ён ня зможа знайсьці там працу“. Гэта тыя людзі, якія, у сутнасьці, займаюцца катаваньнямі», — прыгадвае былы вязень.

«У кожнай сытуацыі трэба захоўваць чалавечую годнасьць»

Сяргей Спарыш кажа, што ў цяперашняй таталітарнай сыстэме ў Беларусі чалавеку важна захоўваць сваю годнасьць настолькі, наколькі гэта магчыма. А на ўлады Беларусі, на думку актывіста, можна паўплываць, перакрываючы ім грашовыя патокі.

«Калі пасадзілі Ціханоўскага і Статкевіча, ужо трэба было пачынаць уводзіць санкцыі. І ня нейкія там апэрэтачныя санкцыі, а сапраўдныя, каб ахнулі. Вось цяпер палякі закрылі мяжу. Цудоўна. Празь Беларусь ідуць велізарныя плыні тавараў. А цяпер Лукашэнка атрымае ад свайго гаспадара з Кітаю. Гэта вельмі добра», — мяркуе суразмоўца.

Паводле былога вязьня, вайны ва Ўкраіне магло б ня быць, калі б у 2020-м у Беларусі ўдалося зьмяніць уладу.

«Калі б удалося ў 2020 годзе прыбраць гэты рэжым, то не было б вайны, і цяпер палякам не давялося б траціць 4 ці 5% валавага ўнутранага прадукту на сваё войска», — перакананы Сяргей Спарыш.

Сяргей Спарыш
Сяргей Спарыш

«Тыя, хто сядзеў раней за хуліганства, цяпер сядзяць за палітыку»

З аповеду Сяргея Спарыша вынікае, што цяпер у Беларусі многіх людзей саджаюць за палітыку проста так, прычым людзей, абсалютна не далучаных да нейкай дзейнасьці. Такім чынам улада хоча захаваць узровень рэпрэсій, бо баіцца, лічыць суразмоўца.

«Тыя людзі, якія раней сядзелі за хуліганства, алкашы, — цяпер яны таксама палітычныя. Важна, каб было шмат палітычных. Трэба паказваць, што сыстэма працуе. Мне наўпрост казалі — маўляў, у тым горадзе недапрацоўка, не хапае палітычных. І зараз будуць саджаць больш. А ў гэтым горадзе ўжо плян выкананы. У бліжэйшы час не будуць саджаць. Пасадзяць праз год», — прыводзіць прыклады Спарыш.

Такі ўзровень рэпрэсіяў уладам патрэбны, бо яны баяцца актыўнасьці людзей, баяцца, што пры аслабленьні рэпрэсіяў людзі зноў выйдуць на вуліцу, гаворыць актывіст.

«Яны самі вельмі баяцца. Найменшае паслабленьне гаек можа прывесьці да таго, што людзі выйдуць на вуліцу. Нелюбоў да Лукашэнкі даволі сур’ёзная. Вельмі шмат людзей пацярпелі. І я ня бачыў людзей, якія яго менавіта паважаюць. Ёсьць шмат, сярод крымінальнікаў асабліва, такіх, хто лічыць: калі ён улада, значыць, трэба яму падпарадкоўвацца. Аднак гэта не павага. І гэта не сапраўдны рэйтынг. Рэальны рэйтынг Лукашэнкі можа быць працэнтаў 5. Гэта тыя людзі, якія канкрэтна на яго працуюць, прычым на высокіх пасадах», — мяркуе Сяргей Спарыш.

Сяргей Спарыш
Сяргей Спарыш

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», цяпер у Беларусі за кратамі знаходзяцца 1168 палітзьняволеных. Асуджаных за палітыку пры гэтым можа быць болей. Праваабарончая ініцыятыва dissidentby падае лічбу 1305 палітзьняволеных.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG