Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зрэзаў скуру. Гутарка з хлопцам, якога прымусілі зьнішчыць татуяваньне з Пагоняй у калёніі


Ільля Дубскі
Ільля Дубскі

Гутарка з Ільлём Дубскім, хлопцам, якога ў калёніі прымусілі жыўцом зрэзаць на сабе татуяваньне з Пагоняй, пра Эдуарда Бабарыку, пагрозы і як падзяліць 84 рублі ў месяц на дваіх.

«Для мяне пяць гадоў — гэта было „ніколі“»

Ільлю 28 гадоў. Ён з Асіповічаў Магілёўскай вобласьці. Расказвае, што іх у шматдзетнай сям’і дзевяцёра, Ільля трэці. Ён вывучыўся на зварніка. Два гады адседзеў у Беларусі за наркатычныя «закладкі», трапіў на «хімію» за «злоснае хуліганства». Працаваў у Расеі на будоўлі, у Польшчы — на дэмантажы будынкаў з дапамогай выбухаў. Увосень пасьля выбараў 2020 году вярнуўся ў Беларусь. Тады ў Асіповічах, зь ягоных словаў, ужо «нічога не адбывалася».

Хлопца амаль адразу, у лістападзе, арыштавалі на 13 дзён за камэнтар у Тэлеграме. Ён кажа, што пісаў камэнатры, бо ня мог стрымаць абурэньня несправядлівасьцю, што адбывалася ў Беларусі.

У пастарунку, як расказвае суразмоўца, яго пабілі сілавікі, гасілі аб ягоны твар акуркі. Ягоны родзіч раней расказваў, што Ільля выйшаў адтуль іншым чалавекам, прыгнечаным, прыбітым. Пасьля гэтага маладзён баяўся сустрэчы зь міліцыянтамі, хаваўся ад іх. Тыя некалькі разоў наведваліся ў кватэру да іхнай сям’і.

У сакавіку 2021 году Ільлю затрымалі паўторна. На яго завялі крымінальныя справы за «пагрозу гвалту ў дачыненьні да службовай асобы» і за «распальваньне варожасьці». Падставай сталі 16 камэнтароў у Тэлеграме, прыкладам: «ганьба МУС і вайскоўцам», а таксама галасавое паведамленьне ў Viber з пагрозамі афіцэру спэцназу.

Ільлю асудзілі на пяць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Тады маладзёну было 24 гады.

«Для мяне пяць гадоў — гэта было „ніколі“, для мяне тады час спыніўся... Калі я зайшоў у камэру, усе зьвярнулі ўвагу, што я белы. Мяне абколвалі супакаяльнымі два ці тры тыдні, каб я нічога з сабой не зрабіў. Ніколі ў жыцьці ня думаў, што за такія рэчы могуць даць такі доўгі тэрмін у невыносных умовах, дзе будуць зьдзекавацца», — прызнаецца Ільля.

Ільля Дубскі
Ільля Дубскі

Яго накіравалі ў калёнію № 5 у Івацэвічах. Калі калёнію расфармавалі, Ільлю перавялі ў Воршу.

Зрэзаць татуяваньне

Фота Ільлі з рубцом на плячы абляцела сеціва. Пяць гадоў таму на гэтым месцы была Пагоня.

«Гэта наш герб», — тлумачыць Ільля, чаму вырашыў набіць тату.

На татуяваньне зьвярталі ўвагу ўсе сілавікі ў розных установах, дадае ён.

«Я быў для іх як пракляты. „Экстрэміст“, „бэчэбэшнік“, „здраднік“, — пералічвае хлопец, як яго называлі ў сувязі і з тату, і з палітычнымі артыкуламі. — Спаць абавязкова будзеш на другім паверсе, на самым нязручным месцы. Будуць шукаць нагоды падкалоць, прынізіць, паказаць, што ты ніхто».

Калі Ільля быў у Івацэвічах, супрацоўнікі калёніі параілі яму забіць татуяваньне зьверху квадратам. Ён некалькі разоў адмаўляўся. Урэшце, зь ягоных словаў, яго паставілі перад выбарам: або «выдаляеш, як хочаш, хоць цэглай сьцірай», або «нізкі статус», або «ты ніколі ня выйдзеш». Ільля ім паверыў.

«У турме „нізкі статус“ даволі непрыемная рэч. Ты не такі, як усе. Цябе ўсе прыніжаюць. У цябе няма права голасу. Ніякіх правоў у цябе няма», — тлумачыць палітзьняволены.

На ягоную думку, у будучыні на волі некаторыя таварышы перасталі б зь ім кантактаваць, калі б ён сядзеў у «нізкім статусе». Да таго ж, мяркуе хлопец, ён бы ня вытрымаў да канца тэрміну ў такім становішчы.

«Я знайшоў — не памятаю, ці саляную, ці азотную — кіслату. Іголкай надрапаў драпінкі, змазаў кіслатой, то бок спаліў нэрвовыя канчаткі, каб ня так балюча было. І кусачкамі для пазногцяў надразаў, зубамі трымаў, нацягваў і зразаў. Было балюча і непрыемна. Мазгі не дазвалялі такія рэчы рабіць... Уся рука была ў крыві. Хтосьці побач сядзеў, курыў. Так на мяне паглядзеў, быццам так і трэба, абыякава», — расказвае Ільля.

Месца, дзе было тату з Пагоняй, Ільля Дубскі
Месца, дзе было тату з Пагоняй, Ільля Дубскі

Працэдура, кажа ён, заняла каля гадзіны. Ён рабіў яе ўвечары ў альтанцы на лякальным участку. Кажа, што на гэта пайшло каля 40 станкоў для галеньня, бо яны ўсе кепскай якасьці. Празь некалькі дзён зьвярнуўся ў санчастку, калі рана пачала падгніваць.

«Лекары былі ў шоку. Яны мне перабінтоўвалі рану, апрацоўвалі перакісам. Нават выдалі мне перакіс, бінт, мазь. Зажыла, дзякуй Богу», — кажа суразмоўца.

Пасьля гэтага, паводле Дубскага, сілавікі на нядоўгі час адчапіліся ад яго.

Павесіўся ад холаду

Адным з моцных выпрабаваньняў у калёніі быў штрафны ізалятар. Ільля некалькі разоў кажа, што яго ці іншых у калёніі маглі «пасадзіць» — хоць яны і так ужо сядзелі. Гэтак ён апісваў ШЫЗА.

Дубскі расказвае, што трапляў у ШЫЗА некалькі разоў за дробныя парушэньні: не павітаўся, знайшлі пыл на ложку, няправільна надзеў шалік. Аднойчы ў Івацэвічах яго пасадзілі на 60 дзён запар.

«Там халодна. ШЫЗА — гэта сапраўдная лядоўня. Камэра недзе шэсьць на восем мэтраў. Туды запіхвалі 35 чалавек. Спалі там седзячы, валетам, на падлозе, на стале, на лаўцы, пад сталом. Батарэя ня грэла ўвогуле. На адной сьценцы сантымэтры тры лёду, па другой сьцякае вада», — так палітзьняволены апісвае ізалятар.

Ад холаду было немагчыма спаць. Калі было менш людзей, хадзілі сюды-туды, каб сагрэцца. Калі шмат — рабілася крыху цяплей.

«Паспаць 10-15 хвілін удавалася пасьля яды. На пятнаццатыя содні ад стомы трацілі прытомнасьць, і я таксама. Людзі галовы разьбівалі аб сьценку, вешаліся на дзьвярах. Чалавек сінее, толькі тады яны (супрацоўнікі калёніі. — РС) адчыняюць дзьверы, здымаюць яго, разьвязваюць і проста пакідаюць у камэры», — расказвае Ільля пра бачанае ў ШЫЗА.

Ён тлумачыць, што людзі так сябе паводзілі, бо былі змучаныя холадам. У выніку яны не паміралі, ачуньвалі. Ільля таксама расказвае, што многія ў калёніі рэжуць сабе вены, бо ім там цяжка або каб да іх пачалі ставіцца мякчэй. Зь ягоных словаў, звычайна людзей пасьпяваюць выратаваць, раны зашываюць.

Ільля кажа, што ён сам рэзаў сабе вены яшчэ ў сьледчым ізалятары. Так ён супрацьстаяў ціску. Суразмоўца дадае, што кожныя некалькі дзён яго пераводзілі ў іншую камэру, што цяжка. Пасьля здарэньня зашылі раны ў санчастцы, пакаралі за гэта карцарам, а потым вярнулі ў камэру. Пасьля гэтага, кажа, на яго менш ціснулі. Хлопец расказвае, што ў знак пратэсту таксама трымаў галадоўку ў СІЗА пяць дзён.

«Эдуард Бабарыка ня ведаў, ці жывы ягоны бацька»

Ільля расказвае, што трымаўся ў калёніі разам зь яшчэ адным палітвязьнем. Яны падтрымлівалі адзін аднаго. Таму вязьню забаранілі грашовыя пераводы, ён нічога ня мог сабе купіць у турэмнай краме. Ільля мог купляць тавары на 84 рублі ў месяц, што таксама лічыцца мала. Але дзяліўся з таварышам гарбатай, сродкамі гігіены, хоць забаронена перадаваць свае рэчы іншаму зьняволенаму. Ён прызнаецца, што часам паводзіць сябе па-чалавечы ў калёніі было вельмі страшна.

«Ён такі ж, як я, з такімі ж поглядамі. Гэта было б не па-чалавечы... Я быў бы больш рады, калі б замест мяне яго выпусьцілі», — тлумачыць суразмоўца, чаму, сам будучы ў складанай сытуацыі, вырашыў падтрымліваць іншага чалавека.

У Воршы Ільля перасякаўся з Эдуардам Бабарыкам.

«Зь ім было вельмі небясьпечна кантактаваць. Маглі і пасадзіць (у ШЫЗА. — РС), маглі раскруціць па 411 артыкуле (дадаць тэрмін за парушэньне правілаў. — РС). Мы зь ім пазнаёміліся, камунікавалі. На той момант ён ня меў паняцьця, ці жывы ягоны бацька. Яму ні лісты (не даходзяць), ні званкі, нічога. За ім усе сочаць. Ён на пазытыве, трымаецца», — расказвае Дубскі.

«Я ня мог стрымаць сьлёз»

Ільля кажа, што трымацца яму дапамагала вера, што яго чакаюць і што ўрэшце ўсё наладзіцца. Яго выпусьцілі з калёніі № 8 у Воршы сёлета 11 верасьня. Яго адзінага ў той дзень вывозілі з гэтай калёніі легкавой машынай сілавікі ў масках. Ён трапіў у аўтобус з іншаземцамі, іх вывозілі ў Літву. Тыя па-польску сталі ў яго пытацца, што адбываецца, бо не разумелі.

Маладзён успамінае адчуваньне нерэальнасьці сытуацыі, калі стаў здагадвацца, што іх вызваляюць. Самы кранальны момант здарыўся, калі ў аўтобус зайшоў прадстаўнік Белага дому і паведаміў, што яны цяпер свабодныя.

«Я ня мог стрымаць сьлёз. Апусьціў галаву, каб не было відаць, і сьлёзы пацяклі. Я дагэтуль не магу ачомацца», — успамінае хлопец.

Цяпер Ільля ў Вільні. Ён кажа, што і так хацеў выехаць за мяжу, калі б выйшаў з калёніі па заканчэньні тэрміну, бо мяркуе, што сілавікі не пакінулі б яго ў спакоі на Радзіме.

«Я вельмі хачу, каб усіх вызвалілі», — кажа ён у канцы гутаркі.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», цяпер у Беларусі за кратамі знаходзяцца 1182 палітзьняволеных. Асуджаных за палітыку пры гэтым можа быць болей. Праваабарончая ініцыятыва dissidentby падае лічбу 1319 палітзьняволеных.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG