Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянтэрка «Вясны» Марфа Рабкова ўжо 5 гадоў за кратамі. Што пра яе вядома?


Марфа Рабкова ў судзе, 2022 год
Марфа Рабкова ў судзе, 2022 год

17 верасьня споўнілася 5 гадоў, як у Менску затрымалі актывістку праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфу Рабкову.

Марфа Рабкова адбывае тэрмін у гомельскай жаночай калёніі № 4, за яе вызваленьне вясноўцы працягваюць змагацца, як і за вызваленьне яе калег па «Вясьне» Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча.

Апошнія зьвесткі пра Марфу Рабкову Свабодзе перадала крыніца, якая нядаўна вызвалілася з ПК-4 і прасіла яе не называць.

«Марфа працягвае працаваць, яе бачаць на тэрыторыі, выглядае нармальна. Але гэта вонкавае ўражаньне, бо непасрэднага кантакту зь ёю ў мяне не было», — паведаміла крыніца.

Праваабаронца «Вясны» Марына Кастылянчанка расказала, што «Вясна» робіць дзеля вызваленьня Рабковай:

«На жаль, апошнімі гадамі мы атрымліваем мінімум інфармацыі. Сытуацыя ў яе вельмі падобная да таго, што адбываецца зь іншымі палітвязьнямі: праблемы са здароўем, абмежаваньні ў перапісцы, ізаляцыя, цяжкія ўмовы ўтрыманьня і працы ў калёніі. Дакладна пра настрой і стан сказаць складана, але мы спадзяемся, што яна трымаецца», — паведаміла Марына Кастылянчанка.

Яна дадала, што вясноўцы працуюць на розных узроўнях і пастаянна падымаюць пытаньне безумоўнага і неадкладнага вызваленьня Марфы Рабковай.

Сёлета, напрыклад, Amnesty International Polska накіравала пэтыцыю да міністра замежных спраў Польшчы Радослава Сікорскага з заклікам з свайго боку паўплываць на ўлады Беларусі ў гэтым пытаньні. Актыўна далучаюцца студэнцкія супольнасьці ў розных краінах у межах сеткі Scholars at Risk, якія сочаць за сытуацыяй Марфы і арганізуюць розныя захады ў яе падтрымку, расказала Марына.

Праваабаронца «Вясны» нагадала, што партрэт Марфы Рабковай стаў часткай арт-інсталяцыі «Нязломныя», якая выстаўлялася ў васьмі эўрапейскіх гарадах.

«Сёньня ў Вільні пройдзе невялікая акцыя, прысьвечаная пятай гадавіне затрыманьня нашай сяброўкі», — паведаміла Марына Кастылянчанка.

Марфа Рабкова асуджаная на 14 гадоў і 9 месяцаў зьняволеньня паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 1 арт. 293 («арганізацыя масавых беспарадкаў») і ч. 1 арт. 285 («кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй»). Беларускія праваабаронцы прызналі Марфу Рабкову палітзьняволенай. Працоўная група ААН у адвольных затрыманьнях назвала арышт і прысуд Марфы палітычна матываванымі і заклікала да тэрміновага яе вызваленьня.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.


Выйшлі на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў). Выйшаў на волю 18 красавіка 2025 году.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG