Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі былыя сілавікі трапляюць за краты, яны ўспамінаюць правы чалавека»: Максім Вінярскі пра сваё зьняволеньне і салідарнасьць беларусаў


Максім Вінярскі
Максім Вінярскі

Даўняга апанэнта ўладаў Беларусі Максіма Вінярскага асудзілі на 5 гадоў за нібыта «падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках». 11 верасьня актывіста разам зь іншымі вязьнямі адпусьцілі з-за кратаў і вывезьлі да літоўскай мяжы. Свабода распытала былога вязьня пра настроі асуджаных, правы чалавека за кратамі і падтрымку грамадзтва.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі і да 2020 году актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцьці Беларусі і цярпеў ад перасьледу: былі штрафы, адміністрацыйны арышт.

У студзені 2021 году Максіма затрымалі паводле падазрэньня ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» і прысудзілі 5 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 11 верасьня 2025 году ў выніку перамоваў прадстаўнікоў ЗША з уладамі Беларусі Максіма і яшчэ 51 вязьня адпусьцілі з-за кратаў і вывезьлі да літоўскай мяжы. На волі актывіст, як і некаторыя іншыя зьняволеныя, аказаўся без пашпарта, які яму не аддалі.

З словаў Максіма, нават у незаконным зьняволеньні чалавек можа пачувацца вольна. Найперш актывіст дзякуе ўсім на волі, хто аказваў падтрымку зьняволеным, а таксама незалежным СМІ.

«Там нашмат больш палітвязьняў, чым афіцыйна прызнаная іх колькасьць. Ня ўсе падавалі інфармацыю, каб іх прызналі палітвязьнямі, пра некага невядома, хтосьці хавае гэта, каб не было праблемаў у сваякоў. Нехта наагул не ведае, што ягоная дзейнасьць падпадае пад палітычны складнік. Мяне не адпускае пачуцьцё адказнасьці за ўсіх астатніх і за краіну. Ніхто ня можа пазбавіць мяне Радзімы, калі я на гэта ня згодны», — кажа актывіст.

Паводле Максіма Вінярскага, 2020 год у Беларусі стаў магчымым у выніку безупыннай працы вялікага пласту людзей.

«Доўгія гады ў Беларусі былі тыя, хто працаваў дзеля гэтага моманту цалкам сьвядома. Напрыклад, у 2019 годзе мы пайшлі зьбіраць подпісы, каб удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Аднак не таму, што мы вырашылі пагуляць у выбары. Мы разумелі, што патрэбная сыстэмная праца зь людзьмі, каб яны потым далучаліся да палітычных падзеяў, якія будуць вырашаць лёс краіны», — гаворыць суразмоўца.

«Шмат супрацоўнікаў калёніі разумеюць, што адбываецца ў краіне»

Супрацоўнікі калёніяў ведаюць, якое рэальнае стаўленьне людзей да ўладаў, кажа Максім Вінярскі. Некаторыя нават падзяляюць погляды большасьці беларусаў, а некаторыя баяцца, дадае суразмоўца.

«Калі ты ідзеш супраць свайго народу, нясеш гвалт, рэпрэсіі, то рана ці позна і цябе гэта можа закрануць. Нядаўна ў калёнію трапіў супрацоўнік, датычны да справы Tut.by. Ён туды трапіў за карупцыйнае злачынства, але ўлада пазбавілася сьведкі», — даводзіць Вінярскі.

Максім Вінярскі
Максім Вінярскі

Самым складаным за кратамі ён называе адсутнасьць свабоднай камунікацыі з воляй. Іншыя побытавыя абмежаваньні не такія складаныя, мяркуе суразмоўца.

«Мне, можа быць, было троху лягчэй, бо раней было шмат адміністрацыйных арыштаў. Для чалавека, які жыў крыху іншым жыцьцём, можа быць складаней. Аднак большасьць адаптуецца даволі лёгка», — гаворыць актывіст.

Вызваленых людзей улада выціскае зь Беларусі, у тым ліку праз свой страх, дадае актывіст.

«Улады спрабуюць пазбавіцца магчымых лідэраў і актыўных людзей. Гэта памылковая тактыка, якая ня мае сэнсу. Чалавек, для якога Радзіма перадусім, ня спыніцца. Чалавек будзе шукаць сродкі ўплыву. Толькі ты сам вырашаеш, як табе жыць, забраць Радзіму ў чалавека немагчыма», — кажа Максім Вінярскі.

«Турэмнікаў трасе ад таго, колькі людзей працягваюць пісаць палітвязьням»

Колькасьць лістоў ад неабыякавых людзей да палітвязьняў — важны паказьнік, гаворыць Максім Вінярскі. Нават калі гэтыя лісты не даходзяць да адрасата, людзі сыстэмы бачаць узровень падтрымкі.

«Лісты бачаць тыя супрацоўнікі, якія іх прыносяць, цэнзар, апэратыўныя супрацоўнікі, тыя, хто зьнішчае лісты. Турэмнікаў трасе ад таго, колькі людзей працягваюць пісаць палітзьняволеным», — заўважае актывіст.

Што да ўплыву на беларускае грамадзтва ідэалёгіі, прастору для якой пашыраюць улады, то, на думку Максіма Вінярскага, пад прымусам гэта ня дасьць выніку.

«З-пад палкі ў нешта верыць ня будзеш. Можна прымусіць асуджанага выйсьці працаваць і тое, не кожнага. Немагчыма прымусіць ненатуральны лад рэчаў прымаць за натуральны. Справа кожнага — не хлусіць самому сабе, глядзець у люстэрка і бачыць там чалавека. Кожны мае права і надалей уплываць на сытуацыю ў Беларусі. Тым, хто быў да нас, было нашмат складаней. За спробы заснаваць беларускую дзяржаву людзей вешалі, расстрэльвалі. Ці ўяўляў Каліноўскі, што праз столькі гадоў пасьля ягонай сьмерці на ягонае перапахаваньне зьбяруцца тысячы беларусаў?» — прыводзіць прыклад суразмоўца.

«Калі закон не працуе, ён не працуе для ўсіх»

Максім Вінярскі прыводзіць прыклад: былыя сілавікі, калі трапляюць за краты, добра бачаць, што закон не працуе, і разумеюць, што было б добра, каб сыстэма працавала інакш і правы не парушаліся.

«З гэтага ракурсу калёнія для іх выглядае зусім ня так, калі яны туды прыяжджалі з праверкамі. Яны разумеюць, што было б добра, каб правы не парушаліся. Некаторыя дзейныя супрацоўнікі намагаюцца не рабіць стан паднявольнага горшым, чым ён ёсьць. Каты будуць заўсёды, але трымаць іх за руку — справа грамадзянскай супольнасьці», — гаворыць суразмоўца.

Ён кажа, што былыя супрацоўнікі, якія трапляюць за краты, адразу ўспамінаюць аб правах чалавека.

Калі б улады адчувалі сябе ўпэўнена, то такіх рэпрэсіяў не было б, працягвае Максім Вінярскі.

«Людзі сыстэмы ня могуць давяраць адно адному. Яны камунікуюць зь іншымі людзьмі, якія жывуць зь імі ў адным часе і прасторы. У той жа калёніі супрацоўнікі адчуваюць, калі вязьнем цікавяцца, і для вязьня гэта ў нейкім сэнсе абарона. Калі пра чалавека не забываюць — для супрацоўнікаў гэта знак, што такога чалавека лепей не чапаць», — кажа актывіст.

Што да пакараньня людзей, датычных да рэпрэсіяў, то, на думку былога вязьня, для іх мусяць дзейнічаць правы чалавека.

«Калі чалавека пазбаўляюць волі, ён не павінен быць пазбаўлены правоў. Нельга так — вось гэты чалавек мне падабаецца і для яго правы дзейнічаюць, а гэты — не, і для яго ня дзейнічаюць. Для людзей сыстэмы гэта мусіць быць важна найперш, бо тады зь імі не адбудзецца нічога жахлівага», — гаворыць былы вязень.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», цяпер у Беларусі за кратамі знаходзяцца 1168 палітзьняволеных. Асуджаных за палітыку пры гэтым можа быць болей. Праваабарончая ініцыятыва dissidentby падае лічбу 1308 палітзьняволеных.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG