Былая журналістка тэлеканала «Белсат» з Гомля Ларыса Шчыракова аказалася ў групе паўсотні вызваленых і вывезеных за мяжу 11 верасьня вязьняў. Яе затрымалі ў сьнежні 2022 году. Асудзілі на 3,5 гады калёніі за тое, што нібыта перадавала інфармацыю «Белсату», а таксама за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Ларысу накіравалі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Пасьля ейнага затрыманьня сына-падлетка на некалькі тыдняў забралі ў прытулак. Падчас зьняволеньня Ларысы ейная маці памерла, Шчыраковай сказалі пра гэта толькі празь месяц.
«Я села ў турму, каб мець магчымасьць застацца дома»
«Няма эўфарыі, радасьці… Усё яшчэ вельмі няпэўнае», — кажа Ларыса пра сваё адчуваньне празь некалькі дзён пасьля выхаду з калёніі, дзе яна правяла амаль тры гады.
«Я думала, што адчыніцца брама, там стаяць мае сваякі, мы ўсе абдымаемся, яны кладуць мае рэчы, мы едзем дадому, я абдымаю сваю сабаку, нямецкую аўчарку Лайму, якую я абажаю, паразмаўляю з усімі, сяду за гітару, буду граць, караоке вазьму, буду сьпяваць, пайду на рэчку з сабакам, буду там тры гадзіны хадзіць», — кажа яна, як уяўляла сабе першыя моманты пасьля калёніі.
Але палітзьняволеная аказалася ў Вільні.
«Я стаю і разумею, што на мне палонная шмотка, чорная, што ў мяне нічога няма: няма грошай, маёмасьці, побач са мной няма маіх сваякоў. Так мне сябе шкада было. Я такой сябе адчувала… проста бамжом», — успамінае яна першыя хвіліны ў Вільні.
Суразмоўца кажа, што не хацела выяжджаць за мяжу. Ёй заставалася адсядзець чатыры месяцы да канца тэрміну. «Але лёс склаўся так», падсумоўвае яна. На ейную думку, турма навучыла яе пакоры.
«Трэба прыняць гэта, і жыць, і радавацца. Мяне ж не саслалі на Салаўкі. Богу лепш відаць. Ён лепш ведае, што мне трэба», — кажа яна і пералічвае добрыя рэчы ў Вільні.
Яна дадае, што зьвязвала сваё вызваленьне з домам. Хацела набыцца, нагаварыцца з блізкімі, наведаць магілу маці.
«Я села ў турму, каб мець магчымасьць застацца дома. Я думала: адсяджу, хоць я ні ў чым не вінаватая, і вы ад мяне адчэпіцеся. Вы ж і так далі мне максымальнае пакараньне. Няўжо я не заслужыла застацца дома?!», — кажа Шчыракова, хаця не лічыла сябе ні ў чым вінаватай. Але ў апошні час на волі ў 2022 годзе чакала ўласнага затрыманьня.
Ружы, суп з фрыкадэлькамі, немаўля
Ларыса тлумачыць, што ў зьняволеньні чалавек пераасэнсоўвае рэчы, якія на волі ўспрымаў як належнае: магчымасьць бачыцца з сынам, быць на прыродзе, хадзіць адной, а не ў суправаджэньні, не прачынацца, а шостай гадзіне, есьці, што хочаш, размаўляць зь сябрамі.
«Ты ўжо не ўспрымаеш гэта як падарунак лёсу і Бога», — кажа яна пра жыцьцё на волі.
Суразмоўца ўспамінае, што ў першую раніцу пасьля вызваленьня прачнулася, а шостай гадзіне, як у калёніі. Потым магла ўстаць і, а дзевятай, і аб 11-й гадзіне, бо хацела даўжэй папесьціцца ў ложку, паслухаць музыку ці паскроліць сацыяльныя сеткі. Дадае, што аднойчы да трох ночы глядзела ролікі ў TikTok. А потым вырашыла, што ня хоча марнаваць на гэта жыцьцё на волі.
Яшчэ адной радасьцю для яе на волі сталі букет з барвовых і белых ружаў, якія ёй падарылі пасьля вызваленьня. Былая палітзьняволеная адзначае, што і ў калёніі шмат клюмбаў з кветкамі, з ружамі. «Уся тэрыторыя патанае ў кветках». Зь ейных словаў, многія зьняволеныя любяць і абіраюць менавіта агародныя працы.
«Пасьля прэс-канфэрэнцыі я ўбачыла малое дзіця, хтосьці яго прынёс. Я злавіла сябе на думцы, што стаю, як зачараваная, гляджу, як на нейкі цуд прыроды», — успамінае яна яшчэ адну радасьць.
Суп з фрыкадэлькамі, розныя гатункі сыру, смажаныя каўбаскі са спагеці — таксама ўвайшлі ў сьпіс дробных радасьцяў пасьля зьняволеньня.
«Гэта была траўма-траўма»
Адной з вялікіх радасьцяў для Ларысы на волі было пагаварыць з сынам Сьвятаславам. Ён быў першым, каму яна патэлефанавала. Яна жартам сказала першую абавязковую фразу, калі ейным сваякам званілі з калёніі: «ПК № 4, прадстаўцеся». Кажа, яны пасьмяяліся з гэтага. Сын сказаў маці, што шакаваны навіной пра ейнае вызваленьне.
У калёніі Шчыраковай дазвалялі званкі па 3-5 хвілін дадому тройчы на месяц. Але іх увесь час праслухоўвалі міліцыянты. Таму пагаварыць атрымлівалася толькі пра сямейныя справы, каб нешта хутка вырашыць. Відэазванкі праз тэхнічныя складанасьці сваякоў ніколі не атрымалася зрабіць. Таксама ёй двойчы дазвалялі доўгатэрміновае спатканьне з сынам цягам сутак, і двойчы кароткія спатканьні па некалькі гадзін. Ларыса заўважае, што сын так ссумаваўся па маці, што цяпер увесь час ёй «піша, піша, піша».
Ларыса расказала, што сыну цяпер 19 гадоў. Ён жыве ў Гомлі зь дзедам. Скончыў гандлёвую вучэльню, працуе ў краме, атрымаў свой першы заробак у 700 рублёў. Маці мяркуе, што гэты пэрыяд безь яе побач зрабіў хлопца больш самастойным, дысцыплінаваным.
Калі маці затрымалі, Сьвятаславу было 16 гадоў. На некалькі тыдняў яго тады забралі ў дзіцячы прытулак. Пазьней хлопец расказаў маці пра гэты досьвед падчас спатканьня ў калёніі.
«Гэта была траўма-траўма. Гэта хатні дзіцёнак, які прызвычаіўся да жыцьця ў вялікай хаце. Ён увесь час жыў у любові сваякоў. І раптам маці арыштоўваюць, а ён трапляе ў СПЦ. Ён у сябе прыйсьці ня мог. Там вельмі добрыя ўмовы і абыходжаньне зь ім. Але канешне гэта стрэс, і карціна сьвету іншая», — расказвае Ларыса.
У гэты пэрыяд у прытулку Сьвята наведвалі сваякі, але ім не аддавалі хлопца пад апеку. Потым з Навасібірска прыехаў бацька хлопца, зь якім Ларыса даўно разьвялася. Ён забраў сына дадому, у Гомель. Перад гэтым малы бачыўся з бацькам, калі яму было пяць гадоў.
Ларыса кажа, што праблема, якая турбуе яе цяпер гэта захворваньне сына: остэахандрапатыя. Лекары прагназуюць, што ён у 30 гадоў, магчыма, ня здолее хадзіць. Яна шукае добрых лекараў, якія могуць пракансультаваць яго, ці ёсьць надзея на сучаснае лекаваньне. Цяпер ён праходзіць мэдкамісію ў войска.
Маці хацела б убачыцца з сынам, але пакуль у яго няма візы. Да таго ж ён мае адпрацаваць па разьмеркаваньні пасьля вучэльні.
«Я песьні сьпявала, весялілася, а мая мама ў магіле была»
Маці Ларысы Тамара памерла ў чэрвені 2023 году, калі дачка знаходзілася ў СІЗА. Палітзьняволенай не далі разьвітацца з ёй. Пра сьмерць ёй паведамілі на месяц пазьней, бо позна напісалі ліст сваякі, імаверна, каб не хваляваць яе перад судом. Прайшло больш за два гады, але дачцэ дагэтуль цяжка гаварыць на гэтую тэму. Яна расказвае пра гэта і плача наўзрыд.
«Я песьні сьпявала, весялілася, а мая мама ў магіле была. Гэта невыносная думка», — кажа суразмоўца.
Паведамленьне пра сьмерць выглядала так, што па Ларысу прыйшоў псыхоляг, забраў яе з камэры і аддаў ёй ліст ад сястры, дзе тая пісала пра сьмерць маці. Ларысе далі снатворнае і дазволілі дзьве гадзіны паляжаць, чаго звычайна нельга рабіць удзень.
«Табе нічога не дапаможа, якія размовы… Ты не адразу ўсьведамляеш. У мяне спачатку і сьлёз-та не было, калі мне сказалі. Я ўжо потым вярнулася ў камэру, нават папіла чаю, неяк паразмаўляла зь дзяўчатамі. І нават пайшла ў „ванну“, там у мяне была замочаная бялізна, пачала мыць і мяне як накрыла», — Ларыса горка плача.
Яна адзначае, што некаторыя зьняволеныя робяць заўвагі, калі нехта плача. маўляў, усім цяжка, няма чаго плакаць. Сама ж Ларыса прытрымлівалася іншай практыкі: калі хочацца плакаць — плач. Яна перакананая, што так становіцца лягчэй. Яна кажа, што яшчэ да навіны пра сьмерць маці першыя месяцы ў СІЗа плакала ледзь ня штодзень, прыкладам, калі яе не пускалі на прагулку, бо іншы зьнволены не хацелі выходзіць.
Псыхалягічная адукацыя
Ларыса хацела атрымаць другую вышэйшую псыхалягічную адукацыю. На момант затрыманьня яна паступіла ў магістратуру на кірунак псыхалёгіі. Таксама марыла набыць старажытныя драўляныя дамы, перавезьці іх у адно месца і стварыць там музэй сялянскай культуры пад адкрытым небам. Хацела займацца этнафотасэсіямі, то бок здымаць людзей у традыцыйных беларускіх строях. У яе ёсьць вялікая калекцыя аўтэнтычных строяў, якія яна набывала ў людзей у вёсках.
«Буду людзей на возе катаць, коней куплю», — кажа яна пра свае ранейшыя пляны.
Яна шкадуе, што ўсяго гэтага ня можа рэалізаваць дома.
«Чаму вы пазбаўляеце мяне права жыць у сваё краіне. Хто вам дае права яшчэ і высылаць? Там сваякі, магілы. Я ўсё жыцьцё пражыла, нешта ж нажыла. Няўжо я ў свае 52 гады павінна мыкацца па арандаваных кватэрах, шэлтарах, пакойчыках, маючы свой дом?», — разважае яна.
Але, адзначае суразмоўца, яе ахінулі за мяжой клопатам, людзі прапаноўваюць розную дапамогу. Ларыса разважае, што магла б заняцца этнічнай дзейнасьцю і за мяжой, ладзіць фотасэсіі. Але дзеля гэтага ёй трэба было б перавезьці ў Літву ейную калекцыю строяў. Вяртацца ў журналістыку Шчыракова ня думае, бо пісаць пра Беларусь з-за мяжы не хацела б.
Цяпер Ларыса па-ранейшаму хоча атрымаць псыхалягічную адукацыю. Мяркуе, што яна мае багаты жыцьцёвы досьвед, каб дапамагаць людзям. Да таго ж у калёніі яна чытала псыхалягічную літаратуру. Гэта прафэсія, якая б дазволіла ёй працаваць онлайн і добра зарабляць, мяркуе яна.
Форум