Улады Вялікай Брытаніі пацьвердзілі, што брытанскія зьнішчальнікі «Typhoon» будуць удзельнічаць у апэрацыі NATO «Ўсходні вартавы» па ўмацаваньні ўсходніх межаў Паўночнаатлянтычнага альянсу. Пра гэта 15 верасьня заявіла Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.
Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ, аб’яўляючы ў пятніцу аб пачатку місіі «Ўсходні вартавы», назваў Вялікую Брытанію ў ліку яе ўдзельнікаў, але падрабязнасьцяў тады не агучыў.
Як гаворыцца ў паведамленьні брытанскага ведамства, зьнішчальнікі «Typhoon» далучацца да абароны Польшчы «празь некалькі дзён пасьля безразважнага і небясьпечнага ўварваньня расейскіх бесьпілётнікаў у паветраную прастору Польшчы — самага значнага на сёньня парушэньня паветранай прасторыальянсу прэзыдэнтам Пуціным». Каля 20 расейскіх бесьпілётнікаў уварваліся ў польскую паветраную прастору ў час нападу на Ўкраіну ў ноч на 10 верасьня. Расея адмаўляе, што гэта былі ейныя бесьпілётнікі.
Як гаворыцца ў паведамленьні Мінабароны, зьнішчальнікі «Typhoon» пачнуць выконваць задачы над Польшчай найбліжэйшымі днямі. Падкрэсьліваецца, што Брытанія ўзяла на сябе гэтыя абавязаньні па выніках кансультацый, ініцыяваных Польшчай у рамках 4-га артыкулу Паўночнаатлянтычнае дамовы.
У паведамленні не гаворыцца, колькі зьнішчальнікаў будуць удзельнічаць у місіі. Раней паведамлялася, што патруляваць паветраную прастору Польшчы будуць два самалёты F-16 Даніі, тры францускія зьнішчальнікі «Rafale» і чатыры нямецкія «Eurofighter».
Прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі 14 верасьня ўхваліў разьмяшчэньне войскаў NATO на тэрыторыі краіны. Як паведамляе Бюро нацыянальнай бясьпекі, гэтае рашэньне тычыцца апэрацыі «Ўсходні вартавы», распачатай сумесна з краінамі-ўдзельніцамі вайсковага зьвязу для ўзмацненьня аховы ўсходніх межаў Польшчы.
Форум