Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Ігара Ільяша асудзілі на 4 гады турмы за камэнтары і інтэрвію мэдыя


Ігар Ільяш, архіўнае фота
Ігар Ільяш, архіўнае фота

Вядома, што для Ігара Ільяша пракурор патрабаваў 4 гады зьняволеньня, адвакат прасіў яго апраўдаць. Суд адбываўся з паўгадавым перапынкам на экспэртызу ягоных выказваньняў.

Вырак журналісту вынес судьдзя Менскага гарадзкога суду Сяргей Кацар, ён вынес вырак Ігару Ільяшу ў 4 гады зьняволеньня, як і прасіў пракурор.

Апрача таго Ільяшу прысудзілі штраф у памеры 100 базавых велічыняў (4200 рублёў). Паводле адваката цягам 10 дзён будзе пададзеная апэляцыя ў Вярхоўны суд.

Журналіста Ігара Ільяша затрымалі ў кастрычніку 2024 году і абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369–1 Крымінальнага кодэксу) і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 2 арт. 361–4 КК). Паводле гэтых артыкулаў Крымінальнага кодэксу журналісту пагражала да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Працэс над Ігарам Ільяшом пачаўся 21 лютага ў Менскім гарадзкім судзе. У сакавіку суд аб’явіў перапынак у разглядзе крымінальнай справы і накіраваў публікацыі журналіста на псыхалінгвістычную экспэртызу. Пры гэтым суд адхіліў хадайніцтва Ільяша аб тым, каб экспэртыза праводзілася ў Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў, і прызначыў экспэртам доктара філялягічных навук, загадчыка катэдры на філфаку БДУ Сяргея Лебядзінскага.

Судзіў журналіста Ігара Ільяша судьдзя Менскага гарадзкога суду Сяргей Кацар. Вядома, што ў 2024 годзе Кацар прысудзіў журналісту Ігару Карнею 3 гады зьняволеньня. У 2020 годзе, працуючы ў Маскоўскім раённым судзе, Кацар прысуджаў адміністрацыйныя арышты ўдзельніцам жаночых маршаў, а таксама адправіў на 15 содняў арышту журналіста Андрэя Рабчыка.

Хто быў экспэртам і што ён напісаў

Пра экспэрта вядома, што ён нарадзіўся ў Данецку, скончыў Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт, працаваў асыстэнтам катэдры расейскай мовы і псыхалёгіі Тульскага політэхнічнага інстытуту. У 1984 годзе Лебядзінскі пераехаў у Беларусь і з таго часу працуе ў БДУ. Паводле выданьня «Наша ніва», Сяргей Лебядзінскі актыўны ў няўрадавай арганізацыі, якя прасоўвае каштоўнасьці «рускага міру».

4 верасьня суд над Ігарам Ільшом аднавіўся, удзельнікаў працэсу азнаёмілі з вынікамі экспэртызы, якія маглі паўплываць на прысуд журналісту.

Прысутны на працэсе Сяргей Ваганаў, дзед жонкі Ільяша журналісткі Кацярыны Бахвалавай (Андрэевай), якая адбывае кару ў гомельскай калёніі, у сваім фэйсбуку выказаўся аб экспэртнай выснове Сяргея Лебядзінскага.

«Так, напрыклад, ён лічыць, што журналіст, палітычны аналітык не павінен карыстацца тэрмінам „палітзьняволеныя“, бо ў беларускім заканадаўстве такога тэрміна не існуе. Так, не існуе, але ён існуе ў сусьветнай паліталёгіі. Як існуе і тэрмін „палітычная эміграцыя“. Але, на думку экспэрта, трэба карыстацца тэрмінам „беглыя апазыцыянэры“. А тэрмін „дыктатура“, якім неаднаразова карыстаюцца прадстаўнікі ўлады, у тым ліку кіраўнік краіны, увогуле недапушчальны», — заўважыў Сяргей Ваганаў.

Ігар Ільяш адзначаў у відэазапісе, які зьявіўся пасьля яго затрыманьня, што да ліпеня 2021 года працаваў на тэлеканале «Белсат», а пасьля стаў фрылансэрам. Таксама Ільяш на відэа прызнаваў, што даваў інтэрвію розным мэдыя, у тым ліку прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

У апошнім слове Ігар Ільяш адхіліў абвінавачаньні ў інкрымінаваных яму злачынствах і сваёй віны не прызнаў.

Ігар Ільяш заставаўся ў Беларусі, дзе ў турме знаходзіцца ягоная жонка Кацярына Бахвалава. Пасьля затрыманьня Ігара 22 кастрычніка 2024 году праўладныя тэлеграм-каналы пісалі, што Ільяш нібыта займаўся «садзейнічаньнем экстрэмісцкім фармаваньням» — даваў інтэрвію незалежным мэдыя, а таксама нібыта «займаўся зборам зьвестак для замежных выведак» — бо ён даваў камэнтары ўкраінскім выданьням. Праваабаронцы прызналі Ігара Ільяша палітычным вязьнем у лістападзе 2024 году.

Жонка Ігара Ільяша палітзьняволеная журналістка «Белсату» Кацярына Бахвалава (Андрэева) трапіла за краты яшчэ ў лістападзе 2020 году. З таго часу журналістку двойчы судзілі і агулам прызначылі ёй 8 гадоў і 3 месяцы зьняволеньня, яна адбывае пакараньне ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG