Дрон трапіў у паветраную прастору Румыніі пасьля расейскіх авіяўдараў па ўкраінскай інфраструктуры на рацэ Дунаі, па якой праходзіць мяжа Румыніі з Украінай.
Бесьпілётнік не ляцеў над населенымі пунктамі і не ўяўляў непасрэднай пагрозы, адзначылі ў міністэрстве.
Румынія падняла два зьнішчальнікі F-16, якія сачылі за дронам, але вырашылі не зьбіваць яго, каб не рызыкаваць стратамі ад абломкаў.
Міністэрства абароны Румыніі рашуча асудзіла «безадказныя дзеяньні Расейскай Фэдэрацыі» і назвала іх «новым выклікам для рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці ў Чарнаморскім рэгіёне».
«Такія выпадкі дэманструюць непавагу Расейскай Фэдэрацыі да нормаў міжнароднага права і ставяць пад пагрозу ня толькі бясьпеку румынскіх грамадзян, але і калектыўную бясьпеку NATO», — гаворыцца ў заяве.
Кая Калас, кіраўніца замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі Эўрапейскага Зьвязу, назвала ўварваньне дрона «яшчэ адным непрымальным парушэньнем» сувэрэнітэту краіны — сябра ЭЗ, дадаўшы, што «гэтая бесьперапынная неразважлівая эскаляцыя пагражае рэгіянальнай бясьпецы».
Раней, 10 верасьня, 19 расейскіх дронаў заляцелі на тэрыторыю Польшчы. Частку зь іх зьбілі. Гэта быў першы выпадак, калі сілы NATO адкрылі агонь пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
Форум