Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Іншае імя любові». Чаму беларускія эмігранты гавораць міжсобку па-расейску


На ўроку ў гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні. Архіўнае фота
На ўроку ў гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні. Архіўнае фота

Здавалася б, нелягічна: расейская мова ў Вільні, Варшаве ці Беластоку стварае карыстальніку ня самы прывабны вобраз і пагатоў зусім не спрыяе ў жыцьці. Але ў гэтай, прывезенай зь Беларусі, праблемы даўняя гісторыя, якая пачалася яшчэ ў часы сталінскай катастрофы.

Днямі ў Вільні адбылася прэзэнтацыя новага перавыданьня кнігі пра Беларускую Майстроўню, якой сёлета споўніцца 45 гадоў. Мы, колішнія майстроўцы, распавядалі пра гэты цуд, які адбыўся з намі ў студэнцкія гады. Напрыканцы сустрэчы ўстала зь месца дзяўчына зь 9 клясы Віленскай беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны і спыталася: маўляў, чаму для вас у 1980-м беларушчына стала адкрыцьцём, прычым на ўсё жыцьцё, а ў нас у гімназіі большасьць вучняў міжсобку гавораць па-расейску?

Заля прыціхла, было бачна, што кожны прысутны сам шукае свой адказ. Бо па сутнасьці тут трэба пачынаць распавядаць гісторыю Беларусі апошняй сотні гадоў. Але галоўнае, пра што пыталася дзяўчына, — пра тую яску, якая запальвае чалавека, і чаму тое яскі ў іншых няма. Гэтае пытаньне, паводле духу цалкам майстроўскае, дарэчы, сьведчыла, што сама дзяўчына сваё адкрыцьцё ўжо зрабіла.

Неўсьвядомленая «норма»

Многія вучні Віленскай гімназіі прыехалі пасьля 2020 году зь Беларусі і саму праблему прывезьлі з сабой адтуль. У іх беларускі пашпарт, яны вырасьлі ў Беларусі, але гаварыць па-беларуску яны ня ўмеюць, ня хочуць і ня ўмеюць хацець. Лукашэнка ўвесь час паўтарае на публіцы, што мы, беларусы, — тыя ж расейцы, нічым не адрозьніваемся ад іх, у нас адна мова, адзін лёс. А корань такой аблуды ў тым, што гэта няпраўда: якраз адрозьніваемся, і мовай, і лёсам. Адкрыцьцё гэтае і ёсьць тая яска, зь якое нарадзілася Майстроўня і запаліла ў нас гэты агонь.

Рускамоўнае асяродзьдзе ў Беларусі настолькі пашыранае, што многія лічаць яго натуральным, хоць насамрэч гэта ня так

Гэта зусім не ідэйная пазыцыя новых віленчукоў, а прывезеная імі неўсьвядомленая «норма». Рускамоўнае асяродзьдзе ў Беларусі настолькі пашыранае, што многія лічаць яго натуральным, хоць насамрэч гэта ня так. Гэта штодзённая, калі ня штохвілінная праца вялікай колькасьці адмысловых людзей.

Ня маю сумневу, што Віленская беларуская гімназія справіцца зь цяперашняй рускамоўнасьцю, бо ў дзяржаўнай літоўскай установе нічога гэтаму аб’ектыўна не замінае. Але трэба разумець, што гэта і ня школьная ўвогуле справа, яна шырэйшая і тычыцца ўсёй цяперашняй эміграцыі. Многія пашпартныя беларусы гаварыць па-беларуску або ня ўмеюць, або ім «нязручна», або яны ня хочуць… Гэтую сваю звыклую для іх нехаць яны набылі яшчэ ў Беларусі і цяпер прывезьлі ў суседнія краіны.

(Нейкі час таму рассылку BYSOL я пачаў быў атрымліваць па-беларуску, але цяпер усё ізноў па-расейску, хоць гаворка ідзе пра вельмі ўнутраныя справы нашай беларускай супольнасьці. І гэта толькі першы прыклад, які прыходзіць у галаву.)

Адкуль узялася «нехаць»

Гэта адбылося ў 1930-я гады, калі беларушчына ў БССР была паддадзеная літаральна фізычнай кастрацыі — каб не магла нараджаць наступнікаў — камуністы праводзілі масавыя расстрэлы і ссылкі беларускай інтэлігенцыі. Правапіс быў «спрошчаны і набліжаны да расейскае мовы». Прыродны беларус ніколі ня скажа і не напіша «снег», «не буду», бо гэта… па-расейску.

Гэта не былі дзьве розныя беларушчыны: гэта была беларушчына і тое, што ад яе засталося пасьля кастрацыі (яе каляніяльны, савецкі, маскоўскі «варыянт»). Гэта беларушчына і яе фікцыя, зьлепленая на тое, каб падмяніць беларушчыну, яе пасьмяротная маска.

У 1930-я гады беларушчына ў БССР была паддадзеная літаральна фізычнай кастрацыі

У часе майго школьніцтва ў 1970-я засталося ўжо толькі тое, што засталося. Дзяцей вайскоўцаў вызвалялі ад урокаў беларускае мовы і многія пад гэтую марку вызваляліся самі. Мы слухалі музыку з дазволу беларусіцы, якая дазваляла нам прыносіць магнітафон, а сама сыходзіла па сваіх справах. Між іншым, славуты альбом Deep Purple In Rock я ўпершыню слухаў на ўроку беларускай мовы ў менскай 4-й школе. Усе прагматычна разумелі, што беларускае не мае пэрспэктывы, бо няма наступнае адукацыі па-беларуску. А каб самім ствараць пэрспэктыву — нішто не натхняла. Беларушчына была тупіковай галіной разьвіцьця. Радасна згадвалі словы маскоўскага правадыра: беларусы першыя будуць жыць пры камунізьме, бо першыя адмовіліся ад сваёй мовы.

Восень дзяцей сустракае.
— Дзень добры! — вітае здалёк. —
Гатовы да школы? — пытае.
— Гатовы! — Чакаем званок!

І лета падносіць букеты:
— Віншую з заняткамі вас!
Сігналіць на старце ракета —
У вырай збірацца мне час.

Гэты бессэнсоўны верш — ужо зь сёньняшняга падручніка, пазбаўленага жывога духу праўды. Сытуацыя настолькі ўрасла ў рэальнасьць, што каб зьмяніць яе, патрэбная воля, а воля ня можа быць узгадаваная на тым матэрыяле, які найперш менавіта на тое і разьлічаны — каб не магла, каб нават ня думала пра гэта.

Татальна сытуацыю фіксавала статыстыка. Кожныя 10 гадоў чарговы перапіс насельніцтва мусіў паказваць стабільнае зьмяншэньне тых, для каго беларуская мова родная і хто на ёй гаворыць. Так было і так ёсьць.

На прэзэнтацыі майстровец Вінцук Вячорка прыгадаў тагачасных (у часы Майстроўні) прафэсійных дзеячоў культуры, большасьць якіх па-за працай беларускай мовай не карысталіся і гадавалі сваіх дзяцей расейцамі. Яны ўжо і не задумляліся, наколькі цынічна сябе паводзяць. Пісьменьнікі, артысты, мовазнаўцы пры тым вымагалі ад публікі, каб ім верылі. І ім верылі, міжволі беручы ўдзел у гэтай татальнай мане.

Школа ў Беларусі — як сыстэма — ня можа выгадаваць беларусаў, бо яе задача адваротная — каб ня выгадаваць. Напэўна, такую місію можа выканаць пэўны настаўнік, але гэта сапраўды місія, а не «хадзіць на работу», такі настаўнік цяпер выпадае з сыстэмы, ён для яе не пажаданы. Такую задачу можа выканаць сям’я, але тут таксама ўсё залежыць ад людзей у гэтай сям’і.

«Іншае імя любові»

Адкуль тое ўзялося ў Майстроўні? У чым было адкрыцьцё? Мы разумелі, што з часоў «Нашай Нівы» (1906-1915) дзесьці схаваная, але ёсьць (несавецкая) беларуская культура і мова, якія былі народжаныя без адваротных задач, проста з прыроды Беларусі і беларускага чалавека, зь неінтэрпрэтаванай кімсьці мінуўшчыны, і што мы — непасрэдны працяг гэтай культуры, мовы, гісторыі. Мы — натуральны працяг несавецкай беларушчыны, жывой і плённай, але старанна схаванай ад нас. У гэтым адкрыцьці і быў праўдзівы цуд.

Мы апантана вандравалі па Беларусі, захопленыя словамі Францішка Багушэвіча:

Прэч бутэлькі, люлькі, карты!
Марна траціць час ня варта.
Хай жывыя рушаць з кіем
У сьвяты паход!

Нас ня край далёкі кліча
Вывучаць чужы нам звычай,
Нас чакае ў нашым краі
Родны наш народ.

Янка Лучына таксама пісаў свой верш яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі:

Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашай ніваю,
I будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй — доляй шчасьліваю!..

Абодва вершы апісваюць тое, чым мы захапіліся, абодва былі з нашага лемантара і абодва немагчымыя ў сёньняшнім падручніку. Чаму? Бо гэта гранічна шчырыя творы, якія ў фальшывы кантэкст ня ўставіш.

Мы прагна ўглядаліся ў ацалелыя храмы і замкі, працавалі на археалягічных раскопах, зьбіралі ў вёсках тканыя ручнікі, глякі, калаўроты, запісвалі сьпевы ды казкі ад вясковых людзей. Тады такія яшчэ былі…

Раптам прырода Беларусі быццам адкрылася нам. І мы літаральна прыпадалі да яе. Мы езьдзілі ў Вільню, дзе ў старэйшых беларусаў ці ў бібліятэцы знаходзілі незьлічоныя беларускія кнігі, газэты і часопісы, фатаграфавалі кожную паперку, бо ўсё беларускае несавецкае падавалася сапраўднай каштоўнасьцю. Зь якой фантастычнай радасьцю чыталіся і капіяваліся беларускія несавецкія лемантары! Быццам мы знайшлі сваю школу.

І мы сьпявалі. Адна з нас, наша кіраўніца кампазытарка Ларыса Сімаковіч была ўпэўненая, што можа з «набраных на вуліцы» маладзёнаў стварыць годны хор, і ёй гэта ўдалося. Мы ставілі народную драму «Цар Максімілян», на прэм’еры якой на філфаку былі запрошаныя старэйшыя аднадумцы: Уладзімір Караткевіч, Алесь Разанаў, Васіль Сёмуха, Георгі Колас… Пісалі мы таксама свае творы, выдавалі самаробныя пэрыёдыкі і бясконца капіявалі несавецкую беларушчыну.

Слова «несавецкі» было паролем гэтага пераходу ад нялюбае савецкае фікцыі — наскрозь фальшывай — да беларушчыны натуральнай, прыроднай, якую душа кожнага радасна адкрывала як сваю, як нашу ўласную тоеснасьць, да чаго, аднак, не дапускала савецкая сыстэма.

Напэўна, больш дакладна было б казаць пра дасавецкую беларушчыну, бо яна фармавалася да савецкай сталінскай катастрофы. І мы ўсьведамлялі, што наша жарсьць да яе робіць нас намінальнымі антысаветчыкамі, як на сёньняшнюю ўладу — экстрэмістамі. Але гэта і быў наш экстрым, наша «дыскавэры» саміх сябе, сваёй сутнасьці.

Усё, што мы адкрывалі для сябе, было наша, было «мы». Быццам дзіцёнку, якога трымалі ў інтэрнаце, выпаў шчасьлівы квіток і ён узьядноўваецца са сваёй праўдзівай сям’ёй і адчувае гэта ўсёй сваёй падсьвядомасьцю. У гэтым яднаньні не было ані кроплі хлусьні, фальшу ці ілюзорнасьці, гэта была чыстая праўда. І гэта была аўтэнтыка — так мы сьпявалі, так гаварылі і пісалі, так пачыналі думаць. Ніхто асабліва не задумляўся пра гэта, але ўнутрана разумеў, што гэта — на ўсё жыцьцё. Інакш папросту не магло быць, каб знайшоўшы сябе, ты шукаў нешта яшчэ.

У Сяргея Жадана ёсьць верш пра тое, што такое родная мова:

Мова, як іншае імя любові.
Мова, як доказ існаваньня нашага тагасьвецьця —
не адступае ад цябе, нібы аўчарка, што ўласна цябе
абрала ў ранішнім натоўпе і цяпер
аддана вартуе тваю лютую самотнасьць.
Будзе глыбейшаю за памяць,
будзе трывалейшаю за выдых,
і калі сыду, я пачую цябе і з таго боку маўчаньня.

(Пераклад з украінскай Андрэя Хадановіча)

Так знайшоўся адказ на пытаньне 9-клясьніцы Віленскай беларускай гімназіі. Між іншым, гэтая гімназія ад свайго пачатку ў 1919-м да самай вайны ніколі не была савецкай. Яе згадваюць зь любоўю. Бо гэта была больш чым школа, укамплектаваная найлепшымі настаўнікамі, падручнікамі, свабодай. Гэта быў прамень таго сьвятла, якім сьвяціла колішняя «Наша Ніва». І, бадай, не памылюся, калі скажу, што ніводзін з выпускнікоў яе ўжо ніколі «не перастаў быць» беларусам.

Сёньняшняя адроджаная Віленская гімназія стваралася ў пачатку 1990-х — як своеасаблівы працяг беларускай адукацыі ў Беларусі, пры ўдзеле тагачаснай беларускай дзяржавы. І гэта было натуральна, бо было да Лукашэнкі, да катастрофы, калі праўда ў школе зьмянілася хлусьнёй, адукацыя — ідэалягічнай прафанацыяй, а беларушчына — расейшчынай. Для гімназіі гэта быў няпросты час, калі дзьве дзяржавы пайшлі процілеглымі шляхамі. І для Віленскай гімназіі натуральна было вярнуцца да сваіх вытокаў. То бок яна ня можа быць псэўдашколай, а значыць, у яе ёсьць будучыня. Іншая рэч, што беларуская эміграцыя цяпер уся перад гэтымі выклікамі паміж несавецкай беларушчынай і цынізмам савецкай імітацыі, настолькі звыклым, што, здаецца, незаўважным.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG