13 верасьня ў Бэрліне прайшла публічная сустрэча зь дзьвюма нобэлеўскімі ляўрэаткамі — беларускай пісьменьніцай Сьвятланай Алексіевіч і сузаснавальніцай расейскага «Мэмарыяла» Ірынай Шчарбаковай, перадае DW.
Сабралі цытаты Сьвятланы Алексіевіч пра апошнія падзеі і бачаньне будучыні.
«Агульная разгубленасьць дэмакратыі здарылася праз тое, што кожны з нас скалануўся і сказаў: „Я бясьсільны, я маленькі чалавек, я нічога не магу“. Але правы чалавека адыгрываюць вялікую ролю: яны гавораць, што ты не маленькі, ты вялікі і значны — у сваім доме, для свайго атачэньня. Гэта дапамагае людзям супраціўляцца».
«Я вымушаная пісаць новую кнігу, бо падзагаловак „Канец чырвонага чалавека“ у кнізе „Час сэканд хэнд“ быў заўчасным і рамантычным. Гэта аказалася няпраўдай: усе гэтыя падзеі былі абарачальнымі. Гэты „чырвоны чалавек“ забраў маю краіну, я была вымушана бегчы і не магу вярнуцца дадому».
«Самае страшнае — тое, што ён учыніў вайну ва Ўкраіне. Я павінна напісаць пра тое, чаму была сьведкай: пра нашу рэвалюцыю ў Беларусі, пра вайну ва Ўкраіне — для гэтага я размаўляю з украінскімі ўцекачамі».
«Гэта гісторыя ня толькі пра тое, што было з кімсьці — але і са мной. У кнізе я стараюся ня трапіць у пастку нашай культуры — культуры пакуты. Я хачу, каб мае героі адказалі на пытаньне: што яны ўзялі, прайшоўшы гэтае пекла? Які сэнс здабылі? Каб яны задумаліся над тым, што было з намі, што з намі будзе. Бо я вельмі спадзяюся, што тыя, хто сядзіць у Крамлі, не перамогуць час».
«Перамогу паказалі ў такім вялікім выдатным вобразе, але не было ні слова пра тое, што было да яе і пасьля. Тэму ГУЛАГа закрылі — а ён вярнуўся праз шмат дзесяцігодзьдзяў. Досьвед аказаўся не прагавораным. І гэта, я думаю, адыграла нейкую ролю ў тым, што Пуцін так лёгка купіў Расею. Спачатку ён давёў яе да галечы, а потым стаў плаціць за тое, што людзі ваююць за яго бачаньне будучыні краіны».
«Яму [Лукашэнку — РС] трэба зьняць санкцыі, стаць выязным у Эўропу, і таму ён ідзе на такі падман: выпускае 50 чалавек, але саджае яшчэ 100. Ніхто па-сапраўднаму не вызваляе гэтых людзей: калі іх адпускаюць, то тут жа дэпартуюць. Дык гэта вызваленьне ці новае катаваньне? Я лічу, што новае катаваньне».
«Статкевіч вельмі моцны, прыгожы чалавек. Але патрабаваць такой сілы ад усіх людзей, якія ў турмах, можа, і нельга»
«Гэта [прашэньне аб памілаваньні — РС] толькі папера для дыктатара. Самае галоўнае — каб яны засталіся жывыя: для сваіх дзяцей, маці, жонак і мужоў. Але тут мы зноў сутыкаемся з культурай: з аднаго боку, з культурай гвалту, зь іншага — культурай гераізму. Я ўсё ж такі за тое, што жыцьцё важнейшае за ўсё. Нельга дапусьціць, каб правілы для нашага ўнутранага сьвету і маралі дыктаваў дыктатар».
«Я нядаўна была ў краінах Балтыі. Пра што там гавораць людзі? Пра вайну. І ўсе бездапаможныя. Усе могуць даць Украіне зброю, але потым сказаць, каб ёй не стралялі далёка. Патрэбныя самалёты, але іх не пастаўляюць. Трэба аддаць належнае, што ўкраінцы ваююць ня толькі з Пуціным, але і з нашай бездапаможнасьцю — у палітыцы, дыпляматыі. Самае ўзрушвальнае — гэта наша бездапаможнасьць. Два маленькія дыктатары, а сьвет перад імі бясьсільны».
Форум