Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта працяг рэпрэсій, а не вызваленьне». Чаму палітвязьняў, якіх адпусьцілі з-за кратаў, вывозяць за мяжу


Сустрэча беларускіх палітвязьняў у Вільні пасьля вызваленьня і вывазу за мяжу
Сустрэча беларускіх палітвязьняў у Вільні пасьля вызваленьня і вывазу за мяжу

12 верасьня беларускія ўлады ў выніку перамоваў з ЗША вызвалілі 52 палітвязьні. 51 зь іх дэпартавалі за мяжу, а ў некаторых забралі пашпарты. Палітык Мікола Статкевіч адмовіўся пакідаць Беларусь. Распыталі праваабаронцаў і юрыстаў, чаму для ўладаў важна выціснуць гэтых людзей з Беларусі.

52 палітвязьні беларускія ўлады адпусьцілі з-за кратаў 12 верасьня. Увечары таго ж дня большасьць зь іх былі ў Вільні, бо вызваленых вывезьлі з тэрыторыі Беларусі. Палітык Мікалай Статкевіч адмовіўся выяжджаць і некаторы час правёў у нэўтральнай зоне на беларуска-літоўскай мяжы, яго можна было бачыць праз онлайн-камэры Памежнага камітэту.

Мікалай Статкевіч у нэўтрадльнай зоне каля мяжы з Літвой
Мікалай Статкевіч у нэўтрадльнай зоне каля мяжы з Літвой

Пасьля ён, паводле літоўскіх памежнікаў, пайшоў на беларускі памежны пункт. Паплечнік Статкевіча ў партыі Яўген Вільскі расказаў, што палітыка забралі людзі ў масках, якія ўвесь час знаходзіліся побач. Што зь ім цяпер, невядома.

Многім вызваленым беларускія сілавікі не вярнулі пашпартоў, яны выяжджалі фактычна без дакумэнтаў. Вызваленьне з-за кратаў адбылося пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША. Свабода распытала праваабаронцаў і былых палітвязьняў, чаму вызваленьне праходзіць менавіта так.

«Нязручныя і небясьпечныя людзі»

Былую выкладчыцу італьянскай мовы, дацэнтку Натальлю Дуліну вызвалілі сёлета 21 чэрвеня без даведкі аб вызваленьні і вывезьлі за мяжу. Былая палітзьняволеная мяркуе, што людзі не зьмянілі сваіх праглядаў і таму для ўладаў важна, каб яны былі за мяжой, а не ўнутры краіны.

Натальля Дуліна
Натальля Дуліна

«Асноўная прычына: гэтыя людзі нязручныя і небясьпечныя для рэжыму. Яны не зьмянілі сваіх поглядаў. Тым больш, што іх вызвалілі раней — ня важна, колькі часу заставалася да заканчэньня тэрміну. Калі пакінуць іх у Беларусі, яны могуць аб’яднацца і зноў паспрабаваць скінуць дзейную ўладу. Можна, вядома, пасадзіць яшчэ раз. Але тут прасьцей дзейнічаць прэвэнтыўна. Такое ў гісторыі Савецкага Саюзу здаралася неаднаразова. І ў людзей забіраюць яны ўсе паперы, усе дакумэнты для таго, каб сьцерці ўсе сьляды, бо мы можам усё гэта паказаць тут, гэта рэчавы доказ», — мяркуе былая палітзьняволеная.

Паводле суразмоўцы, такім чынам беларускія ўлады імкнуцца пазбавіцца ад далейшых праблем.

«Я наогул ня схільная прыпісваць ім нейкія такія спэцыяльна прадуманыя вытанчаныя зьдзекі, занадта гэта ўсё інтэлектуальна для іх. І такія здагадкі пра помсту, я лічу, гэта нашы эмоцыі. Першапрычына — пазьбегнуць праблем», — кажа Натальля Дуліна.

Якія нормы парушылі ўлады Беларусі, вывозячы людзей за мяжу

Права грамадзяніна знаходзіцца ў сваёй краіне — базавае права, кажа юрыстка-міжнародніца Кацярына Дзейкала.

Кацярына Дзяйкала
Кацярына Дзяйкала

«Грамадзянін можа бесьперашкодна знаходзіцца ў сваёй краіне грамадзянства. Гэта права, якое яму належыць. Лічу, што выцісканьне за мяжу — гэта форма дадатковай кары, гэта прыніжэньне людзей, якіх дзяржава паставіла ў катэгорыю другога гатунку. Дзяржава для сябе вырашыла, што гэтыя людзі для яе „няправільныя“. Нават калі для нейкай выгады яны адпускаюць людзей, то робяць так, каб для іх жыцьцё не было простым. Дзяржава адмаўляецца ад выкананьня сваіх функцый. Некаторыя людзі застаюцца без пашпартоў — гэта адмова ад функцый дзяржавы», — гаворыць юрыстка.

Вываз людзей за мяжу без іх згоды парушае міжнародныя абавязаньні, якія ўзяла на сябе Беларусь. Напрыклад, Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека, якую ратыфікавала яшчэ БССР у 1973 годзе, кажа, што «ніхто ня можа быць адвольна пазбаўлены права трапіць у сваю краіну». Таксама такія правы прапісаныя ў беларускай Канстытуцыі:

Артыкул 30. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесьперашкодна вяртацца назад.

Пра гэта нагадвае Кацярына Дзейкала:

«У чалавека ёсьць свабода заставацца ў краіне свайго грамадзянства і бесьперашкодна ўяжджаць у краіну свайго грамадзянства. А беларуская дзяржава фактычна адмаўляецца ад часткі сваіх людзей. Юрыдычна, нават без пашпарта, людзі застаюцца грамадзянамі Беларусі і ў дзяржавы захоўваюцца абавязкі па абароне гэтых грамадзян. Да вялікага шкадаваньня, мы цяпер стаім перад дылемай, якой проста не павінна быць: з аднаго боку — фізычнае выратаваньне людзей, што, канешне, базавы ўзровень бясьпекі. З другога — такое пазбаўленьне іх суб’ектнасьці. Аб гэтым нельга разважаць у фармаце „альбо — альбо“», — даводзіць юрыстка.

Таксама суразмоўца дадае, што свабода — гэта магчымасьць абіраць для чалавека, што зь ім будзе, дзе ён будзе жыць. Калі чалавек гэтага пазбаўляецца — гэта прыніжэньне годнасьці.

«Пакуль, напэўна, амэрыканцы ня могуць іншым чынам вырашыць пытаньне вызваленьня. Беларускі бок ставіць свае ўмовы. Нягледзячы на гэта, пункт аб спыненьні практыкі прымусовага вывазу павінен быць на стале разам з патрабаваньнямі аб вызваленьні. Улады могуць не пагаджацца, але гэты пункт проста павінен быць, і трэба дамагацца максымальна магчымых зьмен гэтай сытуацыі», — дадае юрыстка.

«Дэпартацыя — працяг пакараньня»

Знаходжаньне ў выгнаньні — выключае прымяненьне катаваньняў для людзей, аднак — гэта працяг рэпрэсій, мяркуе юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

«Дэпартацыя — гэта працягу пакараньня палітзьняволеных. Гэта працяг рэпрэсіўнай практыкі. Улады гэта робяць, каб перастрахавацца ад спробаў палітычнага актывізма. Таксама — гэта сыгнал беларускаму грамадзтву ўнутры краіны, што ніякіх зьменаў палітычнага курсу не адбываецца», — гаворыць суразмоўца.

Таксама Павал Сапелка згадвае практыку невяртаньня пашпартоў.

«Магчыма, гэта інструмэнт для таго, каб не дазволіць адразу вярнуцца на тэрыторыю Беларусі. Хаця грамадзянін мае права гэта зрабіць. Магчыма, гэта проста такая подласьць, каб чалавек жыў без дакумэнта з грамадзянскай прыналежнасьцю ў іншай краіне», — дадае Павал Сапелка.

Паводле праваабарончага цэнтру Вясна цяпер у Беларусі за кратамі знаходзіцца 1159 палітзьняволеных. Асуджаных за палітыку пры гэтым, можа быць болей. Праваабарончая ініцыятыва dissidentby прыводзіць лічбу ў 1295 палітзьняволеных.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG