Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія ўлады пацьвердзілі, што дом у Вырыках пацярпеў не ад дрону


Разбураны дом у вёсцы Вырыкі ў Люблінскім ваяводзтве Польшчы, 10 верасьня 2025
Разбураны дом у вёсцы Вырыкі ў Люблінскім ваяводзтве Польшчы, 10 верасьня 2025

Міністар-каардынатар спэцслужбаў Польшчы Томаш Семоняк пацьвердзіў, што дом у вёсцы Вырыкі, што за 10 км ад беларускай мяжы, пашкодзіў не залётны дрон.

У інтэрвію Polast News Томаш Семоняк не зрабіў катэгарычнай заявы, але зь ягоных дыпляматычных фармулёвак усё ж стала зразумела, што ў дом трапіла ракета.

Міністар спаслаўся на высновы пракуратуры, якая выключыла вэрсію зь бесьпілётнікам, і спытаўся: «Калі не бесьпілётнік, то што тады?».

Ён пагадзіўся, што памер пашкоджаньняў, бачны на фатаграфіях дому, не адпавядае таму, што мог бы нарабіць дрон. І адзначыў, што вельмі верагодна, што інцыдэнт стаў вынікам прымяненьня зброі польскімі або саюзнымі пілётамі падчас апэрацыі па нэўтралізацыі расейскіх бесьпілётнікаў, якіх, як заявіў міністар, было больш за 20.

Семоняк падкрэсьліў, што, хоць сытуацыя непрыемная, але галоўны акцэнт мусіць быць на агрэсіі Расеі, празь якую і ўзьнялі ў неба вайсковыя самалёты.

Міністар раскрытыкаваў палітыкаў, у тым ліку прадстаўнікоў Бюро нацыянальнай бясьпекі, за тое, што яны спрабуюць выкарыстоўваць гэты выпадак для ўнутранай палітычнай барацьбы. Ён заявіў, што ў такіх пытаньнях усе павінны дзейнічаць згуртавана.

Семоняк заявіў, што ўрад Польшчы не спрабаваў схаваць інфармацыю пра інцыдэнт ад прэзыдэнта. Цяпер вядзецца расьсьледаваньне, каб разабрацца, хто выпусьціў ракету.

10 верасьня Апэратыўнае камандаваньне Ўзброеных сіл Польшчы заявіла аб «беспрэцэдэнтным» парушэньні паветранай прасторы расейскімі бесьпілётнікамі. Польшча падняла свае самалёты ў паветра і прывяла вайскоўцаў у стан найвышэйшай гатоўнасьці. Тады паведамлялася пра 19 уварваньняў у паветраную прастору Польшчы за ноч, прычым значная частка бесьпілётнікаў заляцела зь Беларусі. Паводле ўраду, чатыры з 19 бесьпілётнікаў былі зьбітыя. Моцна пацярпеў адзін дом — як сьпярша паведамлялася, ад дрона ці ягоных абломкаў.

16 верасьня Rzeczpospolita паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што ў гэты дом трапіла ракета, выпушчаная з польскага самалёта F-16, зь якога спрабавалі зьбіць расейскі бесьпілётнік. Неўзабаве на старонцы Бюро нацыянальнай бясьпекі зьявілася паведамленьне, што прэзыдэнта Польшчы Караль Наўроцкі чакае ад ураду неадкладнага высьвятленьня інцыдэнту ў Вырыках.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG