Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ абвясьціў «экстрэмісцкім фармаваньнем» дасьледчы цэнтар BEROC


Сядзіба КДБ у Менску
Сядзіба КДБ у Менску

«Экстрэмісцкім фармаваньнем» прызнаны дасьледчы цэнтар BEROC. Рашэньне аб гэтым прыняў Камітэт дзяржбясьпекі 15 верасьня.

Запіс аб гэтым зьявіўся ў адпаведным пераліку, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Датычнымі да BEROC яго названыя Павал Данэйка, Зьміцер Крук, Кацярына Барнукова, Анастасія Лузгіна, Радзівон Марозаў і Алег Мазоль.

У структуру «фармаваньня» уключаныя акаўнты арганізацыі ў сацсетках і ў Youtube.

31 студзеня Менскі гарадзкі суд завочна прыгаварыў адміністрацыйнага дырэктара BEROC, вядомага эканаміста Данэйку да 12 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пастанавіў спагнаць зь яго штраф — 13 тысячаў базавых велічынь (546 тысячаў рублёў).

Па ч. 1 арт. 357 КК (змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) яго пакаралі 9 гадамі зьняволеньня і штрафам у памеры 420 тыс. рублёў; ч. 3 арт. 3611 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім) — трыма гадамі і штрафам у 126 тыс. рублёў.

Эканаміст таксама прызнаны вінаватым у «арганізацыі і кіраўніцтве прадпрымальніцкай дзейнасьцю, якая ажыцьцяўляецца без спэцыяльнага дазволу (ліцэнзіі), і прадпрымальніцкай дзейнасьці, якая ажыцьцяўляецца без спэцыяльнага дазволу (ліцэнзіі), спалучанай з атрыманьнем даходу ў асабліва буйным памеры» (ч. 4 арт. 16, ч. 2 арт. 233). За гэта яму прызначаны штраф у 84 тыс. рублёў.

BEROC — вядучы незалежны акадэмічны дасьледчы цэнтар у галіне эканамічных дасьледаваньняў у Беларусі. Ён праводзіць акадэмічныя і прыкладныя дасьледаваньні, арганізуе адукацыйныя праграмы па сучаснай эканоміцы.

Пачаў сваю дзейнасьць у краіне ў 2008 годзе як сумесны праект Стакгольмскага інстытуту пераходных эканомік (SITE) і Эканамічнага адукацыйнага і дасьледчага кансорцыюма (EERC) пры фінансавай падтрымцы Швэдзкага агенцтва ў разьвіцьці (SIDA) і Фонду Эўразія (East Europe Foundation).

Цяпер працуе з-за мяжы.

У красавіку зьмест сайта і акаўнтаў арганізацыі ў сацсетках атрымаў статус «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG