У тэлефоне ў працоўным кабінэце мэра Львова Андрэя Садавога знайшлі прыладу для праслухоўваньня. Пра гэта ён расказаў у відэазвароце, апублікаваным гарадзкой радай 17 верасьня.
Садавы сказаў, што ў яго ў ягоным кабінэце шмат тэлефонаў, у тым ліку «спэцыяльных», і адзін з іх пачаў «глючыць».
«Гэта тэлефон, зарадная прылада для яго. Мы аднесьлі яго да нашых спэцыялістаў на рамонт, адкрылі і знайшлі тут усталяваную прыладу для праслухоўваньня, карту памяці, SIM-карту. Узьнікае пытаньне, хто гэта зрабіў?» — спытаў мэр.
Паводле яго слоў, калі праслухоўваньне было ўсталявана замежнымі спэцслужбамі, на гэта павінна адрэагаваць Служба бясьпекі Ўкраіны і «нашы кантрольныя органы, якія гэтым займаюцца».
Садавы дадаў, што калі гэта зрабіў хтосьці з украінскіх спэцслужбаў, дык ён хацеў бы бачыць расьсьледаваньне, «каб кіраўніцтва СБУ і ўсе, хто мае да гэтага дачыненьне, маглі даць мне адказ, што гэта такое».
Украінскія праваахоўныя органы пакуль не адрэагавалі на гэтую заяву мэра Львова.
Форум