Пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды» кажуць былыя палітвязьні – Дзьмітры Казлоў, вядомы як блогер «Шэры Кот» і выкладчыца італьянскай мовы, экс-дацэнтка МДЛУ Натальля Дуліна.
Дзьмітры Казлоў:
- Пакуль што спрабую адаптавацца, аднавіць кантакты. Таму што мяне фактычна выкінулі з краіны, не далі заехаць дадому. Вядома ж цяпер няма ніякіх рэчаў, няма доступу да кантактаў, да тэхнікі. Усё гэта трэба аднаўляць. Тэлефон пакуль знайшоў, жытло.
- Нават калі б я выйшаў на волю ў Беларусі, дык паводзіў бы сябе, зразумела, трошкі ня так, як астатнія людзі, бо за 5 зь лішкам галоў зьмянілася шмат чаго. А тут яшчэ замежная дзяржава, у якой ніколі ня быў.
- Я думаў пра аднаўленьне Youtube-каналу яшчэ знаходзячыся ў турме, пэўныя накіды ёсьць. Я прапусьціў вельмі шмат інфармацыі, я пакуль да канца ня ў курсе, хто, што, чаго, як. Таму нешта спрабаваць аналізаваць на публіку я б ня стаў. Але ёсьць шмат іншых момантаў, ня толькі палітычных — таго, што ты заўважыў, знаходзячыся ў турме. Матэрыялу заўсёды хапае, было б жаданьне працаваць.
- Рэальна тых, хто сядзіць за палітыку ў Беларусі, думаю, разы ў тры-чатыры больш, чым тыя 1300, пра якіх кажуць. І галоўная праблема, што ў месцы пазбаўленьня свабоды ўвесь час трапляюць новыя людзі. Цяпер вось 50 выпусьцілі, але як мінімум яшчэ столькі ж назад запусьцілі. Гэты працэс не спыняецца.
- Калі зараз зьняць санкцыі, то выпусьцяць адных людзей, а за гэты час можа ўдвая больш [трапіць у зьняволеньне]. І што тады прапаноўваць потым дыктатару за тых людзей? Ці застануцца нейкія козыры ў руках? Гэта насамрэч сур’ёзная праблема.
Натальля Дуліна:
- Цяпер нас дэпартуюць, хоць няма ніякіх законных падставаў, каб людзі, якія адседзелі ў турме, меліся б быць дэпартаваныя. На якой падставе можа быць дэпартаваны з краіны грамадзянін Беларусі?
- Але добра. Калі ставіць пытаньне такім чынам, дык тады дайце нам магчымасьць вырашаць. Скажыце: «У вас ёсьць два варыянты на выбар. Або вы застаяцеся ў турме і даседжваеце свае паўгода, 5 гадоў, 12 гадоў, ну ўсё роўна, так?»
- У нас існуе паняцьце правоў чалавека, канстытуцыі. Мы называемся рэспубліка і мы дэмакратычная рэспубліка. Гэта значыць пэўныя катэгорыі, якія адпавядаюць такому палітычнаму ладу. І гэтыя катэгорыі парушаюцца, яны не выконваюцца.
- Лукашэнка пачуў, што ён глыбокапаважаны. Я разумею дыпляматыю, я разумею палітыку, але ёсьць нейкія межы. А калі ён бачыць, што межаў няма, дык ён у адказ пачынае яшчэ больш, як кажуць, «класьці ногі на стол».
- Мы спрабуем выцягнуць закладнікаў, якіх, вобразна, трымаюць пад руляй пісталета і кажуць: «Вось мне, калі ласка, самалёт і чамадан грошай. Тады я іх выпускаю». Значыць, рэжым усё больш мацнее і робіцца больш нахабным ад таго, што бачыць: яму пачалі ісьці насустрач... Ніхто яму не перашкодзіць садзіць новых людзей.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум