Дата дня
12 верасьня 1995 году на загад камандаваньня войскамі супрацьпаветранай абароны ў раёне горада Бяроза быў зьбіты паветраны шар з амэрыканскім экіпажам, які браў удзел у міжнародных спаборніцтвах на дальнасьць палётаў. Два чальцы экіпажу — Алан Фрэнчэль і Джон Сьцюарт — загінулі.
Таксама ў гэты дзень
490 да н. э. — грэцкі воін Фідзіпід прабег ад горада Маратон да Атэнаў і прынёс вестку пра перамогу грэкаў над пэрсамі — «Радуйцеся! Мы перамаглі» — і памёр. Калі ў 1896 годзе ў Атэнах праходзілі першыя сучасныя Алімпійскія гульні, у яго гонар быў уладкаваны забег паміж Маратонам і Атэнамі. З тых часоў спаборніцтвы па маратонскім бегу сталі адным з самых папулярных відаў лёгкай атлетыкі.
1263 — змоўнікамі забіты разам з двума сынамі Міндоўг, кароль Літвы.
1772 — адбылася бітва пад Сталавічамі. Войска гетмана Міхала Казіміра Агінскага, якое змагалася супраць далучэньня беларускіх земляў да Расейскае імпэрыі, зазнала паразу ад расейскіх палкоў на чале з Аляксандрам Суворавым. У жорсткім баі загінулі больш за 3 тысячы абаронцаў незалежнасьці.
1848 — Швайцарыя, якая да таго часу была зьвязам паасобных кантонаў, ператварылася ў фэдэратыўную дзяржаву.
1933 — амэрыканскі фізык Лео Сылард прапанаваў ідэю ланцуговай ядзернай рэакцыі.
1963 — першае месца ў брытанскім гіт-парадзе заняў гурт The Beatles зь песьняю «She Loves You».
1990 — дамову аб аб’яднаньні Нямеччыны падпісалі міністры замежных справаў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і абедзьвюх Нямеччын.
2020 — тысячы жанчын выйшлі на Жаночы марш у Менску, каля ста зь іх былі захопленыя міліцыяй.
У гэты дзень нарадзіліся
1712 — Сьцяпан Аскерка, эканаміст і юрыст родам з Наваградчыны. Скончыўшы Слуцкую гімназію, а пасьля Кёнігсбэрскі і Бэрлінскі ўнівэрсытэты, Аскерка быў запрошаны на пасаду дарадцы юстыцыі да прускага караля Фрыдрыха II.
1921 — Станіслаў Лем, польскі пісьменьнік, сатырык, філёзаф і фантаст.
1929 — Мікалай Матукоўскі, беларускі драматург.
1929 — Яша Бурш, мастак, беларускі паэт-мадэрніст у Польшчы.
1945 — Рыгор Семашкевіч, беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўца.
1949 — Яўген Чыквін, палітык, беларускі і праваслаўны дзяяч у Польшчы.
1954 — Алесь Жлутка, беларускі мовазнаўца і гісторык.
У памяці
1933 — Антон Каменскі, мастак, ілюстратар, пісьменьнік.
1934 — Яўген Барычэўскі, беларускі літаратуразнаўца і перакладчык.
1964 — Сяргей Пясецкі, авантурнік, пісьменьнік, удзельнік антынацысцкага Супраціву.
1972 — Сяргей Шутаў, археоляг і краязнавец.
2008 — Кастусь Козак, настаўнік беларускай мовы ў 1942-44, вязень ГУЛАГу, адзін з кіраўнікоў паўстаньня палітычных вязьняў у СССР.
2015 — Аляксей Кароль, беларускі гісторык, палітоляг, галоўны рэдактар газэты «Новы Час».