Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія пракуроры знайшлі «экстрэмісцкія» кнігі ў інтэрнэт-крамах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пракуратура Маскоўскага раёну Менску знайшла ў продажы тры «экстрэмісцкія» кнігі на сайтах трох інтэрнэт-крамаў, паведаміла прэс-служба ведамства.

Работнікі пракуратуры знайшлі ў продажы прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кнігі:

  • беларускага пісьменьніка Ўладзімера Бяшанава «Год 1942 — „учебный“, якая, паводле апісаньня з сайтаў інтэрнэт-крамаў, «расказвае пра ваенныя катастрофы 1942 году»;
  • расейскага аўтара Віктара Суворава «Тень Победы» (кніга пра маршала Жукава, яе аўтар Віктар Сувораў у 1978 годзе ўцёк у Вялікую Брытанію, быў завочна асуджаны ў СССР на расстрэл);
  • расейскага аўтара Аляксандра Бялова «Велес — бог руссов. Неизвестная история русского народа».

У выніку намесьнік пракурора запатрабаваў прыбраць кнігі з продажу, і іх прыбралі.

Кнігу Віктара Суворава «Тень победы» ўжо знаходзілі на сайце буйнога онлайн-аўкцыёну ў лютым 2023 году — тады яе таксама прыбралі на патрабаваньне пракуратуры Менску.

  • У Рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, які знаходзіцца на сайтах некаторых дзяржаўных органаў, унесены тысячы найменьняў друкаванай прадукцыі, сайтаў і тэлеграм-каналаў, маркі, значкі, CD-дыскі. Сьпіс папаўняецца амаль штодзённа.
  • Так, раней «экстрэмісцкімі» прызналі творы клясыка беларускай літаратуры Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, некаторыя творы Ўладзімера Арлова, Альгерда Бахарэвіча, Уладзімера Някляева, іншых беларускіх літаратараў, кнігу «Адысея капiтана БНР» гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG