Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку журналіст Сяргей Ваганаў, дзядуля жонкі Ігара Ільяша, палітзьняволенай Кацярыны Андрэевай. Ільяшу далі апошняе слова, у якім ён адхіліў усе абвінавачаньні ў інкрымінаваных яму злачынствах, а сваёй віну не прызнаў. Наступнае пасяджэньне прызначанае на 16 верасьня. Чакаецца, што на ім будзе вынесены прысуд.
Ільяша абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і ў садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці. Пра яго затрыманьне 22 кастрычніка 2024 года паведамілі праўладныя СМІ, сьцьвярджаючы, што журналіст даваў інтэрвію незалежным і замежным мэдыя, у тым ліку ўкраінскім, што нібыта магло быць выкарыстана супраць дзяржавы.
22 лістапада 2024 года праваабаронцы прызналі журналіста палітычным вязьнем.
Жонка Ільяша, Кацярына Андрэева (Бахвалава), разам з відэааператаркай Дар’яй Чульцовай была затрыманая ў лістападзе 2020 года падчас трансьляцыі разгону людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць актывіста Рамана Бандарэнкі. У лютым 2021 года суд прыгаварыў іх да двух гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы палітычнымі вязьнямі.
У ліпені 2022 года Кацярына Андрэева атрымала 8 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў здрадзе дзяржаве, з улікам папярэдняга прысуду тэрмін склаў 8 гадоў і 3 месяцы. Яе скаргу ў Вярхоўным судзе ў верасьні 2022 года не задаволілі, але фармулёўку абвінавачаньня зьмянілі на «шпіянаж».
Форум