6 лістапада — апошні дзень кантрольнага абыходу кватэраў перапісчыкамі ў межах агульнанацыянальнага перапісу-2019. Напярэдадні мы папрасілі прэсавую сакратарку Белстату Тацьцяну Лапкоўскую адказаць на некалькі пытаньняў наконт сёлетняга перапісу.
— Падчас перапісу як перапісчыкі кадыфікавалі адказ «трасянка» на моўныя пытаньні — пра родную мову і мову штодзённых зносін? Як «беларуская мова», як «іншая мова», ці быў асобны варыянт адказу «трасянка»?
— У выпадку, калі на пытаньні «Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве)» і «На якой мове Вы звычайна размаўляеце дома», рэспандэнт адказваў «трасянка», то гэты адказ і заносіўся перапісчыкам у пляншэт. У слоўніку моваў, які выкарыстоўваецца для кадаваньня адказаў рэспандэнтаў на пытаньні аб мовах, адказ «трасянка» мае самастойны код.
— Падчас гэтага перапісу перапісчыкі заносілі дадзеныя ў адмысловыя пляншэты. Гэтыя пляншэты падчас збору дадзеных былі падлучаныя да інтэрнэту, дадзеныя зьбіраліся ў рэальным часе або перапісчыкі потым пераносілі сабраныя дадзеныя на сэрвэр Белстату?
— Пасьля таго, як перапісчык правёў апытаньне па адрасе і націснуў на экране пляншэта кнопку «Адправіць», усе перапісныя аркушы па дадзеным адрасе аўтаматычна кадзіраваліся, пасьля чаго закадаваныя перапісныя аркушы ў аўтаматычным рэжыме па вылучаным канале сувязі адпраўляліся на сэрвэр Белстату і выдаляліся з пляншэту перапісчыка таксама ў аўтаматычным рэжыме.
— Як хутка пасьля завяршэньня перапісу будуць апублікаваныя яго вынікі? Гэта адбудзецца хутчэй, чым было ў 2009 годзе?
— Папярэднія зьвесткі перапісу насельніцтва будуць даступныя карыстальнікам ужо ў лютым 2020 году, дэталізаваную разьбіўку дадзеных плянуецца запусьціць недзе да верасьня 2020 году, па сельскагаспадарчаму апытальніку — да ліпеня 2021 году.
— Ці ёсьць ускосныя ацэнкі, якая частка насельніцтва не была перапісаная па тых ці іншых прычынах — працоўная міграцыя, адмова ўдзельнічаць у перапісе і гэтак далей?
— У цяперашні час уся атрыманая падчас перапісу інфармацыя знаходзіцца на сэрвэры Белстату ў зашыфраваным выглядзе, таму правесьці якую-небудзь ацэнку не ўяўляецца магчымым. Па завяршэньні 6 лістапада 2019 году ў 21.00 кантрольнага абыходу адрасоў, выбраных выпадковым чынам (гэта ўсясьветная практыка), пачнецца апрацоўка атрыманай інфармацыі, першым этапам якой будзе расшыфроўка запісаў, якія паступілі на сэрвэр Белстату. Пасьля гэтага зьявіцца магчымасьць праводзіць ацэнку.