Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнаньні Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту «экстрэмісцкай арганізацыяй». Пра гэта паведаміла ведамства на сваіх старонках у сеціве.
«ЭГУ, пазыцыянуючы сябе ў якасьці беларускага ВНУ ў выгнаньні, праводзіць мэтанакіраваную працу для дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнага становішча ў краіне, аказвае мэтадычную, арганізацыйную і фінансавую дапамогу прадстаўнікам радыкальных палітызаваных груповак і выкарыстоўваецца спэцыяльнымі службамі некаторых сумежных дзяржаваў для нанясеньня стратаў інтарэсам Беларусі.
Дэкляраваныя мэты — рыхтаваньне беларускай моладзі да рэалізацыі заходніх сцэнароў трансфармацыі палітычнай сыстэмы ў Беларусі, прасоўваньне „альтэрнатыўных“ трактовак гістарычных, культурных і іншых падзеяў, так званых дэмакратычных каштоўнасьцяў, ідэяў „эўрапейскасьці“», — гаворыцца ў паведамленьні Генэральнай пракуратуры.
ЭГУ заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, але з 2004 году працуе ў Вільні, бо ў Беларусі ад установы адабралі ліцэнзію. Каля 80% цяперашніх студэнтаў ЭГУ — беларусы. Беларусаў шмат і сярод выкладчыкаў. Агулам ва ўнівэрсытэце каля 1500 студэнтаў і каля 100 выкладчыкаў.
Сайт і сацыяльныя сеткі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту прызнаў «экстрэмісцкімі» суд Цэнтральнага раёну Менску 20 жніўня.
Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт напісаў пасьля прызнаньня экстрэмісцкімі ягонага сайту і сацыяльных сетак уладамі Беларусі:
«Зьвяртаем вашу ўвагу, што экстрэмісцкімі прызнаныя канкрэтныя інфармацыйныя каналы ЭГУ. Навучаньне ва ўнівэрсытэце, навукова-акадэмічная і ўсякая іншая дзейнасьць, зьвязаная з ЭГУ, ня можа быць прадметам правапарушэньня»,— заявілі ў ВНУ.
Форум