Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асобным беларускім спартоўцам дазволяць удзел у Алімпіядзе-2026 у Італіі ў нэўтральным статусе


Беларуска Сюзана Валодзька на Алімпіядзе 2024 году ў Парыжы, дзе яна выступала ў нэўтральным статусе. Яна паказала там чацьвёрты вынік у вагавай катэгорыі да 71 кг
Беларуска Сюзана Валодзька на Алімпіядзе 2024 году ў Парыжы, дзе яна выступала ў нэўтральным статусе. Яна паказала там чацьвёрты вынік у вагавай катэгорыі да 71 кг

Асобныя спартоўцы зь Беларусі і Расеі змогуць удзельнічаць у зімовых Алімпійскіх гульнях у Міляне і Картына-д’Ампэцца ў 2026 годзе на тых жа ўмовах, што і ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024-м.

Такое рашэньне прыняў Выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) на паседжаньні ў Міляне 19 верасьня. На сайце МАК паведамляецца, што на паседжаньні ўлічылі досьвед Алімпійскіх гульняў у Парыжы, у якіх прынялі ўдзел 32 спартоўцы з расейскім або беларускім пашпартам у 10 розных відах спорту, бязь нейкіх інцыдэнтаў.

Спартоўцы зь Беларусі і Расеі, якія пройдуць кваліфікацыйны адбор празь міжнародныя спартовыя фэдэрацыі, будуць мець статус «Індывідуальных нэўтральных атлетаў» (AIN). Як і астатнія спартоўцы, яны павінны будуць падпісаць Умовы ўдзелу з абавязаньнем паважаць Алімпійскую хартыю, у тым ліку «мірную місію Алімпійскага руху».

Камандны ўдзел спартоўцаў з расейскім або беларускім пашпартам ня будзе разглядацца.

  • Спартоўцы, якія «актыўна падтрымліваюць вайну», ня будуць мець права ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Дапаможны пэрсанал, які «актыўна падтрымлівае вайну», таксама ня мае права ўдзелу ў Алімпіядзе.
  • Таксама забаронены ўдзел спартоўцаў і дапаможнага пэрсаналу, калі тыя працуюць па кантракце з расейскімі ці беларускімі вайскоўцамі альбо органамі нацыянальнай бясьпекі.
  • Як і ў выпадку з Алімпійскімі гульнямі 2024 году ў Парыжы, створаць адмысловую камісію, каб ацаніць правамоцнасьць удзелу ў Алімпіядзе кожнага такога спартоўца і іх дапаможнага пэрсаналу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG