Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры расейскія зьнішчальнікі парушылі паветраную прастору Эстоніі


Міг-31, архіўнае фота
Міг-31, архіўнае фота

19 верасьня тры расейскія зьнішчальнікі МіГ-31 без дазволу ўвайшлі ў паветраную прастору Эстоніі над Фінскім залівам.

Самалёты знаходзіліся ў эстонскай паветранай прасторы каля 12 хвілін, паведаміла Міністэрства замежных спраў краіны.

Парушэньне адбылося раніцай у раёне вострава Вайндло. Паводле эстонскага войска, расейскія самалёты ляцелі з выключанымі транспондэрамі, бяз пляну палёту і двухбаковай радыёсувязі з эстонскімі авіядыспэтчарамі.

На інцыдэнт неадкладна адрэагавалі зьнішчальнікі F-35 італьянскіх ваенна-паветраных сілаў, якія цяпер выконваюць місію NATO па паветранай ахове на авіябазе ў Эмары непадалёк ад эстонскай сталіцы.

Паводле міністра замежных спраў Эстоніі Маргуса Цахкны, гэта чацьвёртае парушэньне паветранай мяжы Расеяй за гэты год.

Ён назваў інцыдэнт «беспрэцэдэнтна жорсткім» і заявіў, што на агрэсіўнасьць Расеі трэба адказваць узмацненьнем палітычнага і эканамічнага ціску.

У сувязі з інцыдэнтам Міністэрства замежных спраў Эстоніі выклікала часовага паверанага ў справах Расейскай Фэдэрацыі, каб уручыць яму ноту пратэсту.

Вярхоўная прадстаўніца Эўразьязу ў міжнародных справах і палітыцы бясьпекі Кая Калас назвала парушэньне «надзвычай небясьпечнай правакацыяй» і падкрэсьліла, што гэта ўжо трэці выпадак за некалькі дзён. Яна заклікала не паказваць слабасьці, бо Пуцін «правярае рашучасьць Захаду».

Прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен выказала поўную салідарнасьць з Эстоніяй і заявіла, што Эўропа будзе рашуча адказваць на кожную правакацыю і ўмацоўваць свае ўсходнія межы.

Хроніка сёлетніх парушэньняў эстонскай паветранай прасторы з боку Расеі

13 траўня, паўвостраў Юмінда: Зьнішчальнік Су-35 без дазволу перасек паветраную мяжу Эстоніі. Самалёт ляцеў з выключаным транспондэрам, бяз пляну палёту і сувязі з дыспэтчарам.

22 чэрвеня, востраў Вайндло: Транспартны самалёт Іл-76 бяз сувязі з дыспэтчарам увайшоў у паветраную прастору Эстоніі і прабыў там каля чатырох хвілін. У адрозьненьне ад іншых выпадкаў, у самалёта быў плян палёту, а транспондэр быў уключаны.

7 верасьня, востраў Вайндло: Верталёт Мі-8 без дазволу і сувязі ўвайшоў у паветраную прастору Эстоніі і прабыў там каля чатырох хвілін. Транспондэр і плян палёту адсутнічалі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG