«Пасольства ЗША ў Менску (Беларусь) атрымала запрашэньне для нашага вайсковага аташэ ўзяць удзел у вайсковых вучэньнях „Захад-2025“ у Беларусі ў рамках дня ганаровых гасьцей, і мы прынялі гэтае запрашэньне з улікам нядаўніх плённых двухбаковых кантактаў паміж нашымі краінамі», — працытавала агенцтва Reuters галоўнага сьпікера Пэнтагону Шона Парнэла.
Паводле яго, удзел у днях ганаровых гасьцей у часе вучэньняў — «звычайная практыка паміж вайскоўцамі, і вайсковы аташэ ЗША ўваходзіць у вялікую міжнародную групу прысутных вайскоўцаў».
«Дзякуючы супадзеньню тэрмінаў новы вайсковы аташэ змог удзельнічаць у падзеі разам з ранейшым аташэ», — дадаў прадстаўнік Пэнтагону.
У Расеі заявілі, што не запрашалі амэрыканскіх вайскоўцаў на частку вучэньняў «Захад-2025», якая праходзіла на расейскай тэрыторыі.
«Не, не запрашалі. Гэта былі супольныя вучэньні зь Беларусьсю. У гэтым выпадку запрашэньні накіравалі нашы беларускія хаўрусьнікі і сябры», — сказаў журналістам намесьнік міністра замежных справаў Расеі Сяргей Рабкоў, паведаміла расейскае агенцтва «Інтэрфакс».
15 верасьня прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі апублікавала відэазапіс таго, як міністар абароны Віктар Хрэнін сустракаў на 227-м агульнавайсковым палігоне ў Менскай вобласьці, дзе праходзілі вучэньні «Захад-2025», двух амэрыканскіх вайскоўцаў. Як вынікала з апублікаваных фота, на палігон прыбыў Браян Шуп, раней акрэдытаваны вайсковым аташэ ў амбасадзе ЗША ў Беларусі.
Апошні раз ЗША назіралі за вучэньнямі «Захад» у 2021 годзе.
Форум