Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У іх ніхто не пытаецца». У сацыяльных сетках разгарнулася дыскусія вакол апошняга вызваленьня палітвязьняў


Падчас сустрэчы вывезеных зь беларускіх турмаў палітвязьняў. Вільня, 11 верасьня 2025
Падчас сустрэчы вывезеных зь беларускіх турмаў палітвязьняў. Вільня, 11 верасьня 2025

Вялікі рэзананс выклікаў допіс у фэйсбуку беларускага палітоляга Пётры Рудкоўскага, які вітаў вызваленьне палітвязьняў нават у форме вывазу зь Беларусі і пачаў палеміку з тымі, каго турбуе кансэрвацыя аўтарытарнага рэжыму ў выніку гэтага.

У якасьці аргумэнта палітоляг нагадаў пра сьмерці ў вязьніцах ужо прынамсі 9 палітычных зьняволеных.

«На фоне ўсяго гэтага абясцэньваньне намаганьняў амэрыканцаў у вызваленьні палітвязьняў, пакепліваньне з гэтых намаганьняў — гэта праява крайняй неадказнасьці.

Калі ўжо так хвалюе сувэрэннае права палітвязьня застацца ў Беларусі — нават цаной знаходжаньня ў турме — то заўважце, што такая магчымасьць застаецца. Кейс Статкевіча гэта выдатна ілюструе.

Усё проста: людзей вызваляюць з турмаў і прымусова вывозяць за мяжу, а пазьней кожны можа прыняць індывідуальнае рашэньне: ці вяртацца назад у Беларусь (рызыкуючы зноў трапіць у турму), ці застацца за мяжой да лепшых часоў.

Але такое рашэньне няхай застаецца за самімі зацікаўленымі. Не трэба за палітвязьняў вырашаць, ці ім лепш быць у Беларусі і ў турме, ці быць вызваленымі і вывезенымі ў цывілізаваныя краіны», — лічыць Пётра Рудкоўскі.

Былая палітзьняволеная Натальля Дуліна, якую вызвалілі і зь мехам на галаве вывезьлі да літоўскай мяжы сёлета ў чэрвені, шмат у чым з Рудкоўскім ня згодная.

«Даведкі аб вызваленьні ні ў каго з нас, выправаджаных, няма. Я і такія, як я, пазбавіліся пэнсіі. Я напісала заяву ў калёнію, каб яны аформілі гэтую даведку і накіравалі яе на адрас маіх блізкіх, якія маюць генэральную даверанасьць і могуць атрымліваць мае дакумэнты. Месяц мінуў — адказу няма. Але я не спынюся. Бо максымалістка, паводле Вашага азначэньня.

Фінал у Вас, я сказала б, матэматычны. Нават для матэматыкі ён надта абстрагаваны. Вы пішаце: усё проста. Маўляў, палітзьняволенага вызваляюць, прымусова вывозяць, а пазьней ён вырашае, вяртацца яму ў Беларусь, рызыкуючы турмой, ці застацца там, куды вывезьлі, да лепшых часоў. Вось такі альгарытм.

А, прабачце, можа, прасьцей вырашыць на месцы, перад прымусовым вывазам? Каб, як кажуць, „двойчы не ўставаць“.

А ў канцы Вы з дакорам тлумачыце праціўнікам вызваленьня палітвязьняў узамен на саступкі аўтакрату: ня трэба за іх, зьняволеных, гэта вырашаць, хай самі вырашаюць.

Паважаны Пётра, але ж ніхто не пытаецца! Статкевіч пайшоў у Беларусь, а зь „Белавія“ зьнялі (ці прыпынілі) санкцыі — але ўсё роўна».

Да дыскусіі далучыўся экспэрт, амэрыканіст Антон Пянькоўскі.

«Беларускае грамадзтва, здаецца, застаецца закладнікам чаканьняў „ідэальных сцэнароў“. Фантазіі аб тым, што вызваленьне ўсіх палітвязьняў адбудзецца адразу, у поўным складзе, без кампрамісаў і зь пераможным фіналам, фармуюць загадзя нерэалістычныя чаканьні. Менавіта на такім фоне вызваленьне 52 чалавек на гэтым тыдні ўспрынятае многімі з расчараваньнем, а не з разуменьнем маштабу падзеі. За апошнія пяць гадоў ніхто не дабіўся вызваленьня беларускіх палітвязьняў — акрамя ўраду ЗША. Ані эўрапейскія сталіцы, ані міжнародныя арганізацыі, і сапраўды не беларускія дэмакратычныя сілы. Пасьлядоўны вынік у гэтай галіне ёсьць толькі ў Вашынгтону, і гэта факт, які непрыемна прызнаваць, але немагчыма ігнараваць», — адзначыў Антон Пянькоўскі ў сваім фэйсбуку.

Экспэрт спадзяецца, што ў гэтым кірунку можна чакаць новых добрых вынікаў.

«Найлепшае, што можна зрабіць зараз, — не расчароўвацца ў рэальным прагрэсе, а падтрымліваць і ўзмацняць яго. Галоўнае — выказваць падзяку і трансьляваць запыт на працяг такой лініі Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Бо толькі так вызваленьне зьняволеных перастане быць выпадковасьцю і стане працэсам».

З аўтарам допісу згодны Андрэй Старжыцкі, які, як відаць, моцна незадаволены пазыцыяй Эўразьвязу.

«ЭЗ нас адкрыта здае, Украіну выкарыстоўвае як заслону для працягу свайго летаргічнага сну. І толькі ЗША зараз думаюць пра доўгатэрміновыя наступствы. І толькі пры Трампу, бо камуністы (закрэсьлена) дэмакраты на тых жа пазыцыях, што ЭЗ, і шмат у чым яны гэтую моду распаўсюдзілі».

Палітоляг Вадзім Мажэйка робіць істотную заўвагу.

«Усё праўда — як праўда і тое, што калі б не было артыкуляванага запыту на „ідэальныя сцэнары“, то не было б і кампрамісных. У простых лічбах — калі б столькі гадоў столькі разоў у столькіх месцах не казалі пра 1300/1400+ вязьняў, то не было б кроку ў 52. Так і з усімі іншымі патрабаваньнямі адпаведна», — мяркуе Вадзім Мажэйка.

Паводле Вадзіма Мажэйкі, шлях да вызваленьня палітвязьняў — гэта шлях кампрамісу.

«Менск публічна заяўляе, што хоча скасаваньня ўсіх санкцыяў; Вашынгтон — вызваленьня ўсіх закладнікаў. На практыцы — выходзяць* 52 чалавекі (*дэпартуюць, прычым у тым ліку тых, каму мала заставалася сядзець), скасоўваюцца санкцыі* супраць адной авіякампаніі (*у такіх фармулёўках, што яшчэ невядома, што гэта дазволіць на практыцы). Гэта ж і ёсьць кампраміс».

Палеміка вакол дакладнасьці вызваленьняў з вывазам атрымлівае новы паварот. Былы спартовец Аляксандар Апейкін, завочна асуджаны ў Беларусі на 12 гадоў, мяркуе, што вызваленыя палітвязьні ўжо не апынуцца ў «грамадзкім авангардзе».

«Людзі выходзяць на волю, і гэта вельмі добрая навіна для іхных блізкіх і родных. Але сфармаваць якую-небудзь палітычную плынь ці выкарыстаць сымбалічны капітал з гэтага ўжо ня ўдасца. Як бы цынічна гэта ні гучала, але палітычны кантэкст 2020 году ўжо цалкам нерэлевантны для грамадзтва. Гэта можна добра пабачыць на прыкладзе Сяргея Ціханоўскага.

Беларуская дзяржава і грамадзтва ўвайшлі ў новы вэктар разьвіцьця, фармуючы новую сацыяльную дамову (нагадвае пэрыяд 2015–2017 гг). Праявы гэтай новай дамовы можна ўжо добра было фізычна пабачыць у першыя два тыдні верасьня: больш за 25 тысяч удзельнікаў Менскага паўмаратону 7 верасьня, а таксама вялікі шматтысячны натоўп у „Дзень Менску“. Можна для параўнаньня ўзгадаць, як гэтыя падзеі выглядалі 2-3 гады таму.

У грамадзтва фармуецца запыт на новыя трэнды і новых лідэраў думак, і палітвязьні тут, на жаль, вельмі далёка па-за цэнтрам увагі. Ім спачуваюць, але рацыяналізм і сумныя высновы з падзеяў 1920 году не пакідаюць магчымасьцяў бачыць іх у грамадзкім авангардзе», — дзеліцца сваімі поглядамі Аляксандар Апейкін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG