Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Якуба Коласа асудзілі на тры гады астрогу


Якуб Колас на фоне Пішчалаўскага замку (каляж)
Якуб Колас на фоне Пішчалаўскага замку (каляж)

Падзеі 15 верасьня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

15 верасьня 1954 году памёр Язэп Драздовіч, беларускі мастак, археоляг, пісьменьнік, этнограф і фальклярыст першай паловы XX стагодзьдзя.

Язэп Драздовіч. Аўтапартрэт. 1943 год
Язэп Драздовіч. Аўтапартрэт. 1943 год

Язэп Драздовіч нарадзіўся ў Дзісенскім павеце, атрымаў мастацкую адукацыю ў Вільні, працаваў у «Нашай Ніве». Служыў у войску ў Саратаве, у 1917-м вярнуўся на радзіму. Хутка пераехаў у Менск, дзе выкладаў маляваньне, зрабіў сэрыю замалёвак гістарычных раёнаў гораду, дасьледаваў рэчышча Нямігі, выяжджаў на раскопкі ў Заслаўе і Сьвір, працаваў ілюстратарам у літаратурных выдавецтвах і мастаком-дэкаратарам у Беларускім дзяржаўным тэатры, арганізаваў культурна-асьветнае таварыства «Заранка».

У 1921 годзе Драздовіч пераехаў на родную Дзісеншчыну, дзе стварыў беларускую школу, некалькі бібліятэк і мастацкіх суполак, зьбіраў фальклёр і спрабаваў займацца літаратурнай дзейнасьцю. Пэрыядычна выяжджаў у этнаграфічныя экспэдыцыі, працаваў то ў Менску, то ў Вільні, то ў Беластоку. Па вяртаньні на радзіму выкладаў астраномію, маляваньне і гісторыю.

Драздовіч выдаў першую на беларускай мове кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі» з уласнымі ілюстрацыямі, стварыў тры сэрыі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў — «Жыцьцё на Марсе», «Жыцьцё на Сатурне» і «Жыцьцё на Месяцы».

У СССР творчую спадчыну Язэпа Драздовіча ігнаравалі, бо ягонае мастацтва не стасавалася з мэтадам «сацыялістычнага рэалізму», а лад жыцьця вандроўнага мастака не адпавядаў вобразу будаўніка камунізму. Першай афіцыйнай згадкай пра Драздовіча стала выдадзеная ў 1984 годзе кніга «Вечны вандроўнік» фальклярыста і этнографа Арсеня Ліса.

Гэты дзень у гісторыі

1908 — Якуб Колас засуджаны на 3 гады турмы за ўдзел у настаўніцкім зьезьдзе і нелегальную працу. Увесь тэрмін адбываў у Менскім астрогу (у Пішчалаўскім замку, дзе пазьней было СІЗА № 1, больш вядомае як «Валадарка»).

1916 — падчас Першай сусьветнай вайны ў бітве на Соме былі ўпершыню выкарыстаныя танкі (гэта былі брытанскія цяжкія танкі Mark I).

1922 — у Менску заснаваная Беларуская дзяржаўная і ўнівэрсытэцкая бібліятэка.

1971 — у Ванкувэры (Канада) заснаваная міжнародная экалягічная арганізацыя Greenpeace.

1995 — прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў падпісаў указ аб перанясеньні сталіцы з Алматы ў Астану (тады горад называўся Акмала).

Астана
Астана

1997 — пачаў працу сайт-пошукавік Google.

2006 — упершыню зьняволены Зьміцер Дашкевіч, палітык і палітвязень. Асуджаны на паўтара года калёніі. Вызвалены 23 студзеня 2008 году.

Франак Вячорка, Наста Палажанка і Зьміцер Дашкевіч каля ізалятара на Акрэсьціна, студзень 2008
Франак Вячорка, Наста Палажанка і Зьміцер Дашкевіч каля ізалятара на Акрэсьціна, студзень 2008

2023 — адбылася сусьветная прэм’ера спэктаклю Беларускага свабоднага тэатру «Дзікае паляваньне караля Стаха» на сцэне лёнданскага тэатру Barbican.

У гэты дзень нарадзіліся

1254 Марка Полё, вэнэцыянскі гандляр, вандроўнік, пісьменьнік.

1890 Агата Крысьці, славутая ангельская аўтарка дэтэктываў.

Агата Крысьці
Агата Крысьці

1907Барыс Суравы, настаўнік і грамадзкі дзяяч, у часе Другой сусьветнай вайны быў школьным інспэктарам, кіраўніком Саюзу беларускай моладзі ў Слонімскай акрузе. Дзяяч беларускай эміграцыі ў Вялікай Брытаніі.

1911Юлі Таўбін, беларускі паэт, перакладчык.

Кожны з маленства злучаны выракам,
А потым крывёю аплочвае чыншы.
На Беларусі зрабіцца лірыкам
Куды лягчэй, як чым-небудзь іншым.

Вагон прарываецца рыбай празь нерат,
Бярозы гальлём быццам бʼюцца а шыбы,
І так мая лірыка рвецца наперад,
Як гэтая самая ў нераце рыба.

...З маленства з нас кожны злучаны выракам
І плоціць за вырак багатыя чыншы...
Гавораць, што жыць лірыкам,
Магчыма, цяжэй, як іншым.

1929 Арлен Кашкурэвіч, беларускі графік, народны мастак Беларусі.

1930Мэраб Мамардашвілі, савецкі філёзаф (нарадзіўся ў Грузіі).

Мэраб Мамардашвілі
Мэраб Мамардашвілі

1944 Якаў Малайчук, беларускі хормайстар, краязнавец, заснавальнік музэю Рыгора Шырмы ў Пружанах.

У памяці

1862Уладзіслаў Сыракомля, паэт, драматург, перакладнік, літаратурны крытык і краязнаўца, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 1860-х, палітвязень.

Шырокую вядомасьць набыў беларускі верш Уладзіслава Сыракомлі «Добрыя весьці», напісаны ў 1848-м, калі ў Эўропе адбываліся рэвалюцыі:

Заходзіць сонца пагодняга лета,
Вее вецер з заходніх нябёс.
Здароў будзь, вецер з далёкага сьвету:
Добрыя ж весьці да нас ты прынёс!..

Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа
За нашу крыўду, за горкі наш жаль.
Запяём песьню: «Хваліць цябе, Божа!»
Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль.

Уладзіслаў Сыракомля
Уладзіслаў Сыракомля

1937 — быў расстраляны Аляксандар (Алесь) Адамовіч, дзяржаўны дзяяч, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.


1975 Павал Сухі, савецкі авіяканструктар, адзін з заснавальнікаў рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі, ураджэнец Беларусі.

Мэмарыяльная дошка ў памяць Паўла Сухога, Гомельскі тэхнічны ўнівэрсытэт
Мэмарыяльная дошка ў памяць Паўла Сухога, Гомельскі тэхнічны ўнівэрсытэт

1997Алексантэры Ахола-Вала, фінскі і беларускі мастак і мысьляр.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG