Два дні навукоўцы, палітыкі і экспэрты з эўрапейскіх краінаў і ЗША абмяркоўваюць месца Беларусі ў сыстэме эўрапейскай бясьпекі, пэрспэктывы трансфармацыі ў дэмакратыю і актуальныя праблемы адносін Эўразьвязу з рэжымам, які ўсталяваў у Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Правядзеньне канфэрэнцыі стала магчымым дзякуючы фінансавай дапамозе беларускага прадстаўніцтва Фонду імя Конрада Адэнаўэра (Нямеччына) ў Вільні.
З кіраўніцай гэтага прадстаўніцтва Габрыэле Баўман карэспандэнт Свабоды сустрэўся ў перапынку паміж дыскусіямі навукоўцаў.
«Я нядаўна пачала працу ў прадстаўніцтве па Беларусі Фонду імя Конрада Адэнаўэра, але зьвязаная зь Беларусьсю даўно, больш за 30 гадоў. У 80-х гадах я менавіта ў Беларусі пачала сваю прафэсійную кар'еру перакладчыка — паехала працаваць у гэтай якасьці ў Жлобін, дзе аўстрыйская кампанія будавала мэталюргічны завод. Пазьней, у 90-х, працавала перакладчыцай на розных сустрэчах з дэлегацыямі зь Беларусі.
Тады пазнаёмілася зь беларускімі палітыкамі Аляксандрам Дабравольскім, Анатолем Лябедзькам, давялося сустракацца з Генадзем Грушавым. А потым я прыйшла на працу ў Фонд імя Конрада Адэнаўэра. Спачатку ў прадстаўніцтвах фонду ў Санкт-Пецярбургу, потым ва Ўкраіне, у Стакгольме. А ад пачатку году ўзначальваю прадстаўніцтва Фонду па Беларусі ў Вільні», — распавяла Габрыэле Баўман.
Фонд імя Конрада Адэнаўэра — нямецкая фундацыя, якая займаецца прасоўваньнем дэмакратыі, эўрапейскага адзінства і прынцыпаў рынкавай эканомікі. Фонд мае прадстаўніцтвы ў большасьці эўрапейскіх краінаў. Прадстаўніцтву фонду па Беларусі давялося зь Менску зьехаць, ад 2007 году яно працуе ў Вільні. Габрыэле Баўман перакананая, што нават на адлегласьці трэба і магчыма працаваць дзеля дэмакратызацыі Беларусі:
«Мы працягваем шмат рабіць дзеля прасоўваньня дэмакратыі ў Беларусі. Патрэба ў нашай працы нават павялічылася, бо цяпер складаны час і шмат разумных людзей, навукоўцаў, аналітыкаў аказаліся выкінутымі зь Беларусі. Але яны хочуць працаваць, прыносіць карысьць, дзяліцца сваімі ведамі і карыстацца дзеля гэтага сваімі здольнасьцямі. А мы іх падтрымліваем, у тым ліку працай, калі прадстаўляем розныя навуковыя пляцоўкі, а таксама падтрымліваем фінансава. Гэтыя людзі займаюцца рознымі навуковымі напрамкамі. Ня толькі палітычнымі навукамі, але і эканомікай, культурай. Яны мусілі зьехаць зь Беларусі не па сваёй волі, цяпер жывуць хто ў Літве, хто ў Польшчы, Нямеччыне, іншых краінах.
Разумныя беларусы аказаліся раскіданымі па розных краінах Эўропы, але гэта ў нечым і карысна, бо яны бліжэй знаёмяцца з жыцьцём у Эўропе, становяцца абаронцамі эўрапейскіх каштоўнасьцяў. І мы дапамагаем ня толькі палітыкам. Прыкладам, у нас ёсьць праекты з палітычнымі сіламі, як з офісам Сьвятланы Ціханоўскай, але мы падтрымліваем і стыпэндыятаў, якія вучацца ў ЭГУ, фінансуем іншыя навучальныя праграмы і праводзім навуковыя канфэрэнцыі, як гэтая ў пытаньнях бясьпекі ў Эўропе. Агулам за год мы выдаткоўваем на такую дапамогу каля 500 тысяч эўра», — паведаміла Габрыэле Баўман.
Паводле Габрыэле Баўман, дапамагаць беларусам, якія аказаліся за мяжой — гэта сьвядомае рашэньне фонду, скіраванае ў будучыню:
«Мы хочам, каб у будучыні Беларусь была эўрапейскай краінай, на якую можна разьлічваць як на сябра. Каб Беларусь была прадказальным і надзейным партнэрам. Гэта вельмі важна. Цяпер Беларусь моцна прывязаная да Расеі, але хацелася б бачыць яе самастойнай і дэмакратычнай».
Тое, што Фонд імя Конрада Адэнаўэра больш не працуе з Расеяй, Габрыэле Баўман патлумачыла стаўленьнем расейцаў да вайны супраць Украіны.
«Пасьля 2022 году ўсе праграмы ў Расеі мы закрылі. Бо гэта таталітарная краіна, якая вядзе вайну, і мы страцілі ілюзіі, што нашы намаганьні там дадуць плён. Што да мяне, дык абсалютна надзеі на дэмакратызацыю Расеі ў мяне не засталося. А вось што да Беларусі, дык такая надзея ёсьць. Працуючы шмат гадоў зь беларусамі, я зразумела, што яны ўсё ж іншыя, у іх няма імпэрскага складу мысьленьня, беларусы насамрэч ня хочуць вайны. За гады ад абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі сотні тысяч беларусаў пабывалі ў Эўропе. Як турысты, па чарнобыльскіх праграмах, як працаўнікі. Мы бачым, што многія захавалі гэтыя сувязі, яны працягваюць бываць у эўрапейскіх краінах і там вучыцца дэмакратыі. Трэба падтрымліваць гэты працэс узаемаадносін беларусаў з Эўропай, а не абрываць яго», — мяркуе спадарыня Баўман.
Паводле Габрыэле Баўман, да канца 2025 году прадстаўніцтва Фонду плянуе правесьці яшчэ некалькі буйных форумаў па беларускай тэматыцы. У кастрычніку адбудзецца штогадовы кангрэс дасьледчыкаў Беларусі, пазьней у Бэрліне адбудзецца кангрэс «Беларусь будучыні», а таксама заплянаваны форум імя Канстанціна Астроскага ў Львове, дзе зьбяруцца навукоўцы зь Беларусі і Ўкраіны для абмеркаваньня пытаньняў агульнай гістарычнай і культурнай спадчыны.
Габрыэле Баўман прыйшла на размову з кнігай «Голас волі з-за кратаў». Гэта анталёгіяй твораў беларускіх палітзьняволеных, якую пры падтрымцы Фонду імя Конрада Адэнаўэра выпусьціў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у 2013 годзе.
«Голас волі» — назва верша паэта Рыгора Барадуліна, якім пачынаецца ўступ да анталёгіі. У кнігу ўвайшлі вершы, апавяданьні, мэмуары, дзёньнікі і эсэ беларусаў, якія ўжо адбылі або працягвалі на той момант адбываць пакараньне ў беларускіх вязьніцах па палітычных матывах. Сярод іх былі паэты, журналісты, палітыкі і грамадзкія дзеячы. У зборніку прадстаўлены ляўрэат Нобэлеўскай прэміі і праваабаронца Алесь Бяляцкі, хрысьціянскія актывісты Зьміцер Дашкевіч і Павал Севярынец, журналіст Анджэй Пачобут, анархісты Аляксандр Францкевіч і Ігар Аліневіч, журналіст і мэдыяменэджар Павал Шарамет, які загінуў у выніку тэракту ў Кіеве, і многія іншыя.
Выданьню папярэднічае прадмова доктара Ганса-Герта Пэтэрынга, былога старшыні Фонду Конрада Адэнаўэра і былога прэзыдэнта Эўрапейскага парлямэнта. Вядомы нямецкі палітык у ёй выказвае надзею, што такая дакумэнтацыя чалавечага досьведу ад беларускіх вязьняў натхняе веру ў тое, што Беларусь пойдзе сваім шляхам да дэмакратыі і правоў чалавека і вернецца ў сям’ю эўрапейскіх народаў.
Габрыэле Баўман з сумам адзначыла, што многія аўтары, якія прадстаўленыя ў кнізе «Голас волі з-за кратаў», як Алесь Бяляцкі, Павал Севярынец, Анджэй Пачобут ды іншыя, пасьля 2020 году зноў аказаліся ў няволі, а барацьба за іх вызваленьне пакуль не дала плёну. Прадстаўніцтва Фонду імя Конрада Адэнаўэра па Беларусі не выключае фундаваньня новых кніг аўтарства палітвязьняў.
Форум