На прэс-канфэрэнцыі 21 чэрвеня ў Міністэрстве спорту і турызму прадстаўнік ведамства Віталь Грыцэвіч заявіў пра магчымыя зьмены ў бязьвізавым рэжыме для замежных турыстаў у Беларусі.
Пра што гаворка?
Ад лютага 2017 году грамадзяне больш як 70 краінаў могуць прыехаць у Беларусь бязь візы на:
- 5 дзён, калі турыст прылятае праз аэрапорт «Менск-2»;
- 10 дзён для наведнікаў паркаў «Аўгустоўскі канал» і «Белавеская пушча», а таксама асобных раёнаў Берасьцейшчыны і Горадзеншчыны.
Што хочуць зьмяніць?
- Аб’яднаць зоны «бязьвізу» у Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях.
Крокі па аб’яднаньню не канкрэтызуюцца. У мінспорту і турызму назіраюць попыт на роварныя і пешыя маршруты ў Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях, піша БелаПАН. Грыцэвіч лічыць, што аб’яднаньне гэтых зонаў дало б «большы эфэкт».
- Пашырыць бязьвізавыя тэрыторыі.
Грыцэвіч апавёў, што «палякам было б цікава наведаць Наваградак». Цяпер міністэрства аналізуе эфэктыўнасьць пашырэньня «бязьвізу», якое адбылося ў сьнежні 2017 году.
- Павялічыць тэрмін бязьвізавага знаходжаньня.
Міністэрства цікавіць павелічэньне «бязьвізу» да 15 дзён для кліентаў санаторыяў, піша БелТА.
Колькі бязьвізавых турыстаў прыехала ў Беларусь ад пачатку году?
- Праз Нацыянальны аэрапорт «Менск» — 120 тысяч чалавек.
- На Горадзеншчыну — 30 тысяч турыстаў.
- У турыстычную зону «Берасьце» і Белавескую пушчу — больш 5 тысяч чалавек.
5 прыкладаў таго, як бязьвізавы рэжым зьмяняе Беларусь
У сьнежні 2017 году Аляксандар Лукашэнка павялічыў бязьвізавы тэрмін знаходжаньня замежных турыстаў з 5 да 10 дзён для грамадзянаў 77 краіны ў:
- Горадні і Горадзенскім раёне;
- Сьвіслацкім раёне Горадзеншчыны;
- Берасьці і Берасьцескім раёне;
- Жабінкаўскі, Камянецкі, Пружанскі раёнах Берасьцейшчыны.
12 лютага мінулага году Беларусь увяла 5-дзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў, што прыбываюць празь менскі аэрапорт. Гэтае рашэньне Менску выклікала непрыхаванае раздражненьне Масквы.