Падзеі 20 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Афіша
20 сакавіка ў Менску пройдзе прэзэнтацыя кнігі Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР». Урыўкі з архіўнага раману пра Беларускую народную рэспубліку публікаваліся на сайце Радыё Свабода. 23 сакавіка прэзэнтацыя кнігі пройдзе ў Горадні.
На імпрэзе таксама будзе прэзэнтавана кніга ўспамінаў старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы «Дарога. Стоўпцы — Капэнгагэн — Парыж — Мадрыд — Варшава — Менск». Кнігі з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» можна спампаваць тут.
Менск, Культурны інкубатар ОК16 (вул, Кастрычніцкая, 16).
Пачатак а 19-й гадзіне.
Уваход вольны.
Дата дня
20 сакавіка 1767 году для ўраўнаньня правоў каталікоў і некаталікоў з ініцыятывы расейскага ўраду была створана Слуцкая канфэдэрацыя. Вынікам канфэдэрацыі было ўраўнаньне ў Рэчы Паспалітай правоў праваслаўных і пратэстантаў з каталікамі.
Таксама ў гэты дзень
1815 — Напалеон увайшоў у Парыж пасьля высылкі на выспу Эльба. Гэта падзея ўвайшла ў францускую гісторыю як пачатак «ста дзён» Напалеона.
1933 — у Дахаў пачаў функцыянаваць першы ў нацысцкай Нямеччыне канцэнтрацыйны лягер.
1988 — у Менску на месцы Менскага замчышча адбыўся мітынг у абарону гістарычнага Верхняга гораду і супраць будаўніцтва станцыі мэтро «Няміга».
2003 — пачатак вайсковай апэрацыі ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Польшчы ў Іраку.
У гэты дзень нарадзіліся
1828 — Генрык Ібсэн, нарвэскі драматург.
У памяці
1922 — ад сухотаў памёр Аляксандар Бурбіс, беларускі грамадзка-палітычны і культурны дзяяч.
1976 — памёр Уладзімер Дубоўка, беларускі літаратар і перакладчык.