Старшыня Сейма Літвы: «Зробім усё, каб палітвязьні ў Беларусі былі вызваленыя»

Сьвятлана Ціханоўская і Юозас Олекас, 15 верасьня 2025 году

15 верасьня старшыня Сейма Літвы Юозас Олекас сустрэўся са Сьвятланай Ціханоўскай. Ён падкрэсьліў, што Літва прыкладзе ўсе намаганьні дзеля вызваленьня беларускіх палітвязьняў, паведаміла ELTA.

«Мы вітаем і радуемся з нагоды вызваленьня часткі палітычных зьняволеных. Перажываем, што яшчэ тысяча палітычных зьняволеных далей утрымліваецца ў беларускіх турмах, але сумеснымі намаганьнямі зробім усё, каб гэтыя палітычныя зьняволеныя (...) былі вызваленыя», — заявіў Олекас.

«Нашы сумесныя намаганьні накіраваныя на тое, каб беларусы, якія жывуць тут, маглі адчуваць сябе як дома, каб яны, працуючы і жывучы ў Літве, маглі ўмацоўваць літоўскую эканоміку, і каб сумеснымі намаганьнямі мы маглі бачыць гэты рэгіён больш стабільным і бясьпечным», — сказаў ён.

Паводле палітыка, падчас сустрэчы абмяркоўвалася далейшае прававое супрацоўніцтва паміж Сеймам і ўрадам з мэтай умацаваньня дэмакратыі ў Беларусі і падтрымкі яе дэмакратычных сіл.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Блогер «Шэры Кот» і дацэнтка Дуліна пра высылку зь Беларусі

У сваю чаргу, Сьвятлана Ціханоўская, якая прамаўляла па-літоўску, падзякавала Літве за падтрымку дэмакратычных беларускіх сіл.

«Старшыня выдатна ведае Беларусь і шмат гадоў быў нашым голасам у Эўрапейскім парлямэнце», — сказала яна.

«Я ўпэўненая, што разам мы можам умацаваць беларуска-літоўскія адносіны і вырашыць важныя выклікі. Мы працягнем ціск на рэжым Лукашэнкі, каб дасягнуць сыстэмных і незваротных зьмен у Беларусі», — дадала Ціханоўская.

Паводле яе слоў, яны абмеркавалі вучэньні «Запад-2025», становішча беларусаў у Літве, будучае старшынства Літвы ў Радзе ЭЗ у 2027 годзе і падпісаньне дамовы пра супрацоўніцтва паміж Сеймам і дэмсіламі Беларусі.

«Наша мэта — прынесьці свабоду Беларусі і, вядома, вярнуцца дадому. Для нас Літва ёсьць прыкладам прынцыповасьці, трываласьці і мужнасьці. Мы як беларускі народ ніколі гэтага не забудзем», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпікерам Сейма Літвы стаў Юозас Олекас, які піша лісты беларускім палітвязьням