«Гэта было сьвядомае падняцьце ставак Варшавай»
— Сёньня было абвешчана, што Польшча адкрые мяжу зь Беларусьсю ў ноч на 25 верасьня. Адбылося гэта ўсяго праз некалькі дзён пасьля заканчэньня вучэньняў Захад, якія і былі прычынай для закрыцьця мяжы. Хаця некаторыя палітолягі заяўлялі, што закрыцьцё мяжы на самой справе надоўга. Што, па-вашаму, стала асноўнай прычынай даволі хуткага адкрыцьця мяжы?
— Пачнем з таго, што ад пачатку, калі была закрытае чыгуначнае злучэньне, было зразумела, што даволі доўга Польшча вытрымліваць гэты рэжым ня можа. Бо выгадатрымальнікам ад кітайскага транзыту ёсьць ня толькі Беларусь, але і Эўрапейскі Зьвяз. А краіна, якая ў Эўразьвязе атрымлівае найбольшыя бонусы ад наяўнасьці сухапутнага транспартнага калідору — гэта менавіта Польшча.
І за кошт вузлавога статусу Польшча як краіна на ўсходзе ЭЗ можа атрымліваць у тым ліку дадатковыя магчымасьці супрацоўніцтва з Кітаем. Адпаведна, рашэньне Варшавы прыпыніць транзыт было пагрозай і для іншых гандлёвых кірункаў.
Таму адкрыцьцё мяжы мусіла адбыцца. Іншая справа, я думаў, што гэта адбудзецца ўсё ж такі дзесьці ў пачатку кастрычніка. Польшча сьвядома падняла стаўкі. Пры гэтым, калі глядзець і ацэньваць рыторыку польскіх кіраўнікоў — то ў кожнага, бадай, была свая вэрсія. Адны кажуць пра правакацыі на мяжы, другія пра палітвязьняў, трэція пра пагрозу вучэньняў і працу беларускай прапаганды. Адпаведна, стваралася ўражаньне, што супольнай пазыцыі няма. Насамрэч гэта хутчэй праява палітычнага плянаваньня, каб працягваць гандаль наконт умоваў адкрыцьця мяжы.
І тут для Варшавы было важным і ключавым узмацненьне прысутнасьці Кітаю і амэрыканскі перамоўны трэк Вашынгтона зь Менскам. Паводле амэрыканскага трэку, яго далейшае разьвіцьцё прадугледжвае нейкае зьмяшчэньне санкцыйнага ціску на Беларусь. І ў такім фармаце адсутнасьць уласнага польскага перамоўнага трэку зь Беларусьсю ставіла Варшаву ў вельмі нязручнае становішча, калі хтосьці за цябе вырашае. Ладна ЗША, але яшчэ і Кітай. А таму гэта было сьвядомае падняцьце ставак Варшавай, якое я хутчэй бы назваў запрашэньнем Менску да дыялёгу.
— Хіба гэтае падняцьце ставак згуляла сваю ролю? Польшча хіба нешта атрымала ад гэтага? На момант, як мы запісваем наша інтэрвію, не відаць нейкіх беларускіх крокаў у адказ: Пачобут ня вызвалены, радыкальныя захады супраць мігранцкага ціску не прынятыя. Ці варта чакаць, што ўсё-такі нейкія крокі Менску ў адказ будуць?
— Давайце пачнем з таго, што атрымала Варшава. Варшава прыцягнула Пэкін у якасьці пасярэдніка.
Я хачу нагадаць, што Варшава адзін раз ужо прыцягвала Кітай ў 2024 годзе. І тады мігранцкі крызіс на мяжы зь ліпеня 2024-ы па новы год практычна сышоў на нуль. Іншая справа, што на той момант Варшава не зрабіла крокаў у адказ.
Другі чыньнік — у студзені быў абмен ратыфікацыйнымі граматамі пра ўзаемапрызнаньне візаў паміж Беларусьсю й Расеяй і, адпаведна, зараз пастаўшчыком мігрантаў зьяўляецца Расейская Фэдэрацыя. Менск амаль ня мае легальных магчымасьцяў выкідаць іх са сваёй тэрыторыі. Хіба толькі лавіць іх каля мяжы і выкідаць за парушэньне рэжыму знаходжаньня ў памежнай зоне.
— Тое, што афіцыйны Менск гадамі акуратна рабіў, да 2021-га году.
— Да 2020-га рабіў, але лёгіка мігранцкага крызісу акурат у тым, што да 2020-га году Эўрапейскі Зьвяз інвэставаў у разьвіцьцё беларускай памежнай інфраструктуры. І тут тая філязофія гандляра афіцыйнага Менску — няма грошай, мы іх ня ловім.
Візыт кітайскага міністра замежных справаў Ван І ў Варшаву прывёў да падпісаньня некалькіх дакумэнтаў. Дзе самы важны для Польшчы — агульны мэмарандум супрацы, дзе гаворка ідзе пра рэдказямельныя элемэнты і пра супрацу структураў, адказных за экспартны кантроль за гандлем таварамі падвойнага прызначэньня. Бо ўлічваючы й супрацьстаяньне Кітая з ЗША, улічваючы ціск Вашынгтону на краіны Ўсходняй Эўропы, частка тавараў пастаўляюцца ў абмежаванай колькасьці пад пэўным кантролем.
А Польшча цяпер можа стаць ключавым пасярэднікам у рэгіёне для такой групы тавараў. Гэта тое, што Польшча атрымала ўжо зараз. І гэта вельмі вялікія грошы. Асабліва ўлічваючы тое, што падчас вайны ва Ўкраіне 90% зьмесьціва і расейскіх, і ўкраінскіх дронаў — гэта кітайская камплектацыя.
Другое, што Польшча ўжо атрымала, — тое, што Кітай увайшоў як пасярэднік. Што да наступных крокаў — для пачатку дыялёгу патрэбны нейкі крок з іншага боку. Я не выключаю, што на Польшчу, хутчэй за ўсё, ціснулі адначасова і Злучаныя Штаты Амэрыкі, і Нямеччына, і Францыя, якія залежныя ад пастаўкі кітайскіх тавараў, і той жа самы Пэкін.
Аднак Пэкін паралельна ціснуў і на афіцыйны Менск. Таму ў дадзеным выпадку гэта так, пакуль можна ўспрымаць як аднабаковы крок Польшчы. Але паглядзім на рэакцыю Менску. Я не зьдзіўлюся, калі ў першыя хвіліны працы зноў адкрытага памежнага пераходу пройдзе хтосьці зь беларускіх палітычных вязьняў
Аднак ключавыя тэмы будуць абмяркоўвацца ўжо ў кастрычніку, бо вельмі імаверна, што пачнецца двухбаковы працэс перамоваў. Я ня ведаю, наколькі ён будзе публічным, але тое, што кансультацыі на ўзроўні ўрадаў пачнуцца — я лічу вельмі імаверным.
«Расея яўна будзе не ў захапленьні ад гэтага»
— У Польшчы заўсёды была даволі зацятая ўнутрыпалітычная барацьба. Трэба чакаць, што зараз апанэнты цяперашняга ўраду накінуцца на яго, што ён адкрыў і закрыў мяжу, нічога не дамогшыся. Што будзе адказваць урад Туска, ці ня будзе гэта выглядаць, што ўсё-такі Польшча прагнулася перад Кітаем ці нават Менскам?
— Калі на працягу трох тыдняў ніякіх крокаў з боку афіцыйнага Менску ня будзе, то тады ў Туска праблемы. Але Менск можа пэўным чынам, калі не спыніць, дык зьменшыць колькасьць спробаў перасячэньня мяжы. І гэта паказалі дні вучэньняў «Захад-2025», калі колькасьць гэтых спробаў пераходу мяжы ў сярэднім за дзень упала ўдвая ў параўнаньні з жнівеньскім паказьнікам. Таму калі будзе хаця б такі сыгнал, то Польшча можа сказаць, што Беларусь адрэагавала.
— Якім вы бачыце ва ўсёй гэтай сытуацыі расейскі чыньнік? Многія ў Беларусі лічаць, што Лукашэнка настолькі несамастойны, што ўсе гэтыя наскокі на Польшчу ажыцьцяўляе Расея. Наўрад ці Крамлю спадабаюцца нейкія станоўчыя перамовы паміж Варшавай і Менскам…
— Расея яўна будзе не ў захапленьні ад гэтага, а таксама яна не ў захапленьні ад таго, што адбываецца ў Менску з амэрыканскім трэкам.
Яшчэ раз паўтару сваю тэзу, што мігрантаў станам на сёньня пастаўляе РФ. Таму закінуць пару тысячаў мігрантаў на тэрыторыю Беларусі, каб паглядзець, што будзе рабіць зь імі Лукашэнка, для Расеі не праблема.
Ствараць нейкія правакацыйныя моманты — альбо ў публічным полі, тым болей, што Расея мае ўваход у беларускае інфармацыйнае поле, альбо фізычна дзесьці на мяжы — гэта таксама не такая вялікая праблема для Расейскай Фэдэрацыі. Таму правакацыі могуць быць.
Давайце ўзгадаем, як з пункту гледжаньня тэхналягічнага вельмі прафэсійна Расея разыграла карту «літвінізму» зь літоўскімі палітыкамі. Гэта была клясычная інфармацыйная апэрацыя. І літоўцы нічога не змаглі, апроч як купіцца й ісьці ў пажаданым для арганізатара атакі рэчышчы. Штосьці падобнае, я не выключаю, можа быць і на польскім кірунку.
Форум