Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча выпусьціла афіцыйнае распараджэньне пра адкрыцьцё мяжы зь Беларусьсю


На польска-беларускай мяжы
На польска-беларускай мяжы

У ноч на 25 верасьня памежны рух паміж Польшчай і Беларусьсю будзе адноўлены.

Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі падпісаў распараджэньне пра вяртаньне памежнага руху паміж Польшчай і Беларусьсю. Пра гэта раней папярэдзіў прэм’ер-міністар краіны Дональд Туск.

Як тлумачыць у сваім паведамленьне МУС Польшчы, рух на мяжы прыпыняўся ў зьвязку з манэўрамі «Захад-2025», якія праходзілі на беларускай тэрыторыі пры ўдзеле расейскіх войскаў.

«Як і было абвешчана, пасьля дбайнага аналізу, заснаванага на інфармацыі, атрыманай ад уладаў, мы зноў адкрываем мяжу. Мы пастаянна сочым за сытуацыяй» — заявіў Марцін Кервіньскі, падпісваючы дакумэнт.

Мяжа была зачыненая апоўначы 12 верасьня.

Аднаўленьне памежнага руху будзе распаўсюджвацца ў абодвух напрамках — на выезьдзе з Польшчы ў Беларусь і наадварот. Гэта тычыцца як аўтамабільнага транспарту, так і грузавых цягнікоў.

Легкавыя аўтамабілі вернуцца на памежны пераход Тэрэспаль-Берасьце, а грузавікі — на памежны пераход Кукурыкі-Казловічы.

Будуць адкрыты чыгуначныя памежныя пераходы для грузавых перавозак: Кузьніца Беластоцкая — Горадня, Семяноўка — Сьвіслач і Тэрэспаль — Берасьце.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG