Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча адкрые мяжу зь Беларусьсю ў ноч на 25 верасьня


Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск
Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск

З заявай выступіў прэм’ер-міністар Польшчы, чакаецца афіцыйная пастанова Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што памежныя пераходы з Беларусьсю будуць зноў адкрытыя апоўначы зь серады на чацьвер, піша Reuters.

«Мы прынялі рашэньне разам з міністрам унутраных спраў, які сёньня выпусьціць адпаведную пастанову аб адкрыцьці чыгуначных і аўтамабільных памежных пераходаў зь Беларусьсю, якія былі закрытыя з-за вучэнняў „Захад“ і ўзрослай пагрозы і палітычнай нестабільнасьці ўздоўж нашай мяжы», — абвясьціў прэм’ер-міністар Дональд Туск перад пасяджэньнем ураду. Межы адкрыюцца ў ноч са серады на чацьвер, піша Onet.pl.

Варшава закрывала мяжу зь Беларусьсю з 12 верасьня зь меркаваньняў бясьпекі з нагоды вучэньняў «Захад-2025».

Прэм’ер адзначыў, што вучэньні скончыліся, але ў цэлым сітуацыя, не дае нагодаў для задавальненьня або радасьці. Туск дадаў, што пры вырашэньні адкрыць мяжу былі прыняты да ўвагі і эканамічныя інтарэсы польскіх перавозчыкаў, у тым ліку кампаніі чыгункі Польшчы.

«Мы прыйшлі да высновы, што гэтая прэвэнтыўная мера выканала сваю задачу. І, вядома, гэтая прылада застаецца ў нашых руках. Калі ўзьнікне такая неабходнасьць, калі ўзрасьце напружаньне ці мы сутыкнемся з агрэсіўнымі паводзінамі каго-небудзь з суседзяў, мы без ваганьняў зноў прымем рашэньне аб закрыцьці памежных пераходаў. Але цяпер уяўляецца, што непасрэдныя прычыны для іх закрыцьця адпалі», — заявіў Туск.

Мяжа, паводле слоў прэмʼера Польшчы, адкрыецца ў 00.00 у ноч з 24 на 25 верасьня.

Аб закрыцьці пунктаў пропуску на мяжы Польшчы і Беларусі стала вядома 9 верасьня. Як заявіў міністар Кервіньскі, Варшава закрывае мяжу зь Беларусьсю не на пэрыяд вучэньняў «Захад-2025», а «ў сувязі зь іх правядзеньнем».

Пасьля заканчэньня вучэньняў «Захад-2025» Польшча заявіла пра ўзмацненьне актыўнасьці дронаў каля мяжы з Беларусьсю. Міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі сказаў, што Польшча зноў адкрые мяжу, калі гэта будзе бясьпечна.

Занепакоенасьць Польшчы вучэньнямі «Захад» узмацнілася, калі ў ноч з 9 на 10 верасьня прыблізна 21 расейскі бесьпілётнік увайшоў у яе паветраную прастору.

17 верасьня беларускае МЗС заявіла, што праз 10 дзён пачне «прымяняць прадугледжаныя законам меры» да амаль паўтары тысячы польскіх фураў, якія не пасьпелі пакінуць Беларусь да закрыцьця мяжы. Выехаць празь мяжу зь Літвой ці Латвіяй Беларусь ім не дазваляе.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG