Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі будуць абараняць «кожную цалю» тэрыторыі краін-удзельніц NATO. Пра гэта заявіў 22 верасьня прадстаўнік ЗША ў Арганізацыі аб’яднаных нацый Майкл Уолц на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН, прысьвечаным некалькім выпадкам меркаванага парушэньня Расеяй паветранай прасторы краін NATO.
- Паводле польскіх уладаў, у ноч на 10 верасьня каля 20 расейскіх дронаў перасеклі мяжу Польшчы. Некалькі апаратаў былі зьбітыя авіяцыяй NATO.
- Міністэрства абароны Румыніі паведаміла, што 13 верасьня расейскі дрон тыпу «Герань» 50 хвілін ляцеў над ейнай тэрыторыяй, пасьля чаго павярнуў ва Ўкраіну.
- 19 верасьня, як заявілі ўлады Эстоніі і іншых краін NATO, тры расейскія зьнішчальнікі парушылі паветраную прастору Эстоніі над Балтыйскім морам і заставаліся ў ёй ня менш за 12 хвілін.
Прадстаўнікі шэрагу краін NATO жорстка крытыкавалі Расею на пасяджэньні. Вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў міжнародных справах і палітыцы бясьпекі Кая Калас, якая таксама ўдзельнічала ў пасяджэньні, заявіла, што некалькі інцыдэнтаў, якія адбыліся менш чым за два тыдні, ня могуць быць выпадковасьцю. Яна адзначыла, што Масква працягне «правакацыі», калі яны будуць схадзіць ёй з рук.
Прадстаўнік Расеі Дзьмітрый Палянскі заявіў, што краіны NATO ня маюць доказаў таго, што Расея парушыла іх паветраную прастору, і назваў тое, што адбываецца, «тэатрам абсурду».
Нейкіх рашэньняў на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН прынята не было. Чакаецца, што 23 верасьня на запыт Эстоніі пройдуць кансультацыі краін NATO ў адпаведнасьці з чацьвёртым артыкулам Паўночнаатлянтычнай дамовы.
Майкл Уолц упершыню прыняў удзел у пасяджэньні Рады бясьпекі ў якасьці прадстаўніка ЗША. Раней ён быў памочнікам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў нацыянальнай бясьпецы.
Форум