Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Расея гатовая яшчэ год прытрымлівацца «цэнтральных абмежаваньняў» у дамове аб стратэгічнай наступальнай зброі


Расейскія вайскоўцы на вучэннях загружаюць ракету «Іскандэр» на мабільную пускавую ўстаноўку, архіўнае фота
Расейскія вайскоўцы на вучэннях загружаюць ракету «Іскандэр» на мабільную пускавую ўстаноўку, архіўнае фота

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у панядзелак на нарадзе з чальцамі Савету бясьпекі абвінаваціў Захад у падрыве стратэгічнай стабільнасьці.

Ён фактычна даў зразумець, што да 5 лютага 2026 году, калі заканчваецца тэрмін дзеяньня дамовы паміж Расеяй і ЗША аб стратэгічнай наступальнай зброі, гэтая дамова наўрад ці будзе працягнута. Але пры гэтым, паводле Пуціна, Расея ня хоча «правакаваць далейшую гонку стратэгічных узбраеньняў» і паспрабуе «на цяперашнім этапе» захаваць статус-кво.

Для гэтага, паводле Пуціна, Масква бярэ на сябе абавязаньне «цягам аднаго года працягваць прытрымлівацца цэнтральных колькасных абмежаваньняў», прадугледжаных у дамове, калі ЗША «будуць дзейнічаць аналягічным чынам і ня зробяць крокаў, якія падрываюць або парушаюць існыя суадносіны патэнцыялаў стрымліваньня».

Пуцін не сказаў, што дамова будзе выконвацца Расеяй у поўным аб’ёме. Ён таксама не сказаў, ці гатовая Расея заключыць з ЗША новую дамову або працягнуць тэрмін дзеяньня цяперашняй.

Цяперашняя Дамова аб стратэгічнай наступальнай зброі была падпісаная ў 2010 годзе, а ў 2021 тэрмін яе дзеяньня прадоўжылі на 5 гадоў. Гэтая дамова вызначае абмежаваньні на колькасьць разгорнутых носьбітаў ядзернай зброі і ядзерных боегаловак, а таксама меры кантролю над ядзернай зброяй.

Ад пачатку маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну як сам Пуцін, так і іншыя прадстаўнікі Крамля нярэдка казалі пра ядзерную зброі, дапускаючы магчымасьць скарыстаць яе з пэўных абставінах. Расея таксама зьмяніла ядзерную дактрыну, пашырыўшы сьпіс патэнцыйных падставаў для выкарыстаньня ядзернай зброі, у тым ліку ў адказ на няядзерныя ўдары.

Яшчэ ў 2024 годзе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што на тэрыторыі Беларусі ўжо разьмешчаная расейская ядзерная зброя. Аднак сярод заходніх аналітыкаў дагэтуль няма згоды, ці гэты сапраўды так.

ЗША пакуль не адрэагавалі на апошнюю заяву Пуціна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG