Фінал на чэмпіянаце сьвету ў Токіё Марыя Жодзік пачала з вышыні 1,88, якую яна ўзяла з другой спробы, паведаміла выданьне by.tribuna.com. Потым беларуска зь першага разу скокнула 1.93 і 1.97. Далей яе і яшчэ пяць лёгкаатлетак чакала вышыня 2,00. Аднак пачалася залева і спаборніцтвы спынілі на 10 хвілін. З трэцяй спробы Жодзік узяла рэкордныя для сябе 2,00.
Гэтую вышыню пераадолела толькі аўстралійка Нікола Алісклагерс — паколькі яна зрабіла гэта зь першай спробы, то і заняла першае месца. Іншыя спартоўкі не змаглі ўзяць гэтую вышыню. Марыя Жодзік — на другім месцы і трэцяе падзялілі ўкраінка Яраслава Магучых і сэрбка Ангеліна Топіч.
У гэтым сэзоне Жодзік ужо пабіла ўласны рэкорд, узяўшы вышыню 1,98 м. У фінале гэта адзіны мэдаль у камандзе Польшчы.
Першынство сьвету ў лёгкай атлетыцы праходзіла ў Токіё (Японія).
У 2020 годзе Марыя Жодзік падпісала адкрыты ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту. Але рэжым Лукашэнкі ў Беларусі ўтрымаўся, і гэта закрыла атлетцы дарогу ў нацыянальную каманду. Як і шэраг іншых спартоўцаў, яна вымушаная была пакінуць Беларусь. У 2024 годзе Марыі дазволілі выступаць за Польшчу.
У тым жа годзе Жодзік выступіла за гэтую краіну на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Аднак выступ быў няўдалым. Узяўшы толькі 1,83 м, ураджэнка Баранавічаў выбыла з барацьбы за мэдалі.
Зьмена спартоўкамі беларускага грамадзянства на польскае — цяпер ужо не адзінкавая зьява. Ужо некалькі гадоў з польскім пашпартам выступае беларуская лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская. Увесну 2021 году атрымала польскае грамадзянства і адмовілася ад беларускага бягуха Маргарыта Качанава, яна таксама спрабуе выбудаваць кар’еру ў зборнай Польшчы. У пачатку 2025 году стала вядома, што польскае грамадзянства атрымала беларуская лучніца Карына Казлоўская.
Форум