Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь умацоўвае сувязь з анэксаваным Расеяй Крымам: сталі вядомыя пабрацімы Сімферопаля і Феадосіі


Раман Чагрынец (справа) з ураджэнцам Слоніма Аляксандрам Ягоўдзікам, які больш за 25 гадоў жыў у Мелітопалі, які ў 2022 годзе захапілі расейскія войскі. Архіўнае фота
Раман Чагрынец (справа) з ураджэнцам Слоніма Аляксандрам Ягоўдзікам, які больш за 25 гадоў жыў у Мелітопалі, які ў 2022 годзе захапілі расейскія войскі. Архіўнае фота

Кіраўнік рэгіянальнай нацынальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Крыму» Раман Чагрынец паведаміў, што два беларускія гарады сталі пабрацімамі двух крымскіх гарадоў.

«У нас ужо горад Віцебск стаў пабрацімам горада Сімферопаль, а горад Наваполацак Віцебскай вобласьці — пабрацімам горада Феадосіі, і гэтак далей. Там ёсьць шэраг эканамічных праектаў, культурных і сацыяльных», — паведаміў Раман Чагрынец у эфіры крымскага тэлеканалу «Крым 24».

Пры гэтым ён назваў падпісаньне дамовы аб супрацы паміж Віцебскай вобласьцю Беларусі і Крымам першым дакумэнтам, «падпісаным з эўрапейскай краінай».

Раман Чагрынец дадаў, што ў Ялце плянуюць адкрыць музэй беларускага паэта, публіцыста і літаратуразнаўца Максіма Багдановіча.

«У нас ёсьць адзін чалавек, чыя памяць вельмі збліжае нашыя рэгіёны, Рэспубліку Беларусь і Крым. Гэта Максім Адамавіч Багдановіч, ён лічыцца беларускім Пушкіным, стваральнікам беларускай славеснасьці і беларускай мовы», — адзначыў ён.

Чагрынец нагадаў, што Максім Багдановіч апошнія гады свайго жыць правёў у Крыме і пахаваны ў Ялце. Паводле яго, ініцыятыву аб стварэньні музэю ўжо адобрылі Міністэрства замежных спраў Расеі і Міністэрства культуры Беларусі.

Кіраўнік беларускай дыяспары ў Крыме дадаў, што расшырэньне супрацы будзе абмяркоўвацца ў часе Дзён Рэспублікі Крым у Беларусі, якія пройдуць з 23 па 26 верасьня ў Менску і Горадні.

Беларусь пачала ўмацоўваць кантакты з анэксаваным Расеяй Крымам пасьля расейскага поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе:

  • У верасьні 2022 году пагадненьне аб супрацы падпісалі Менск і горад Севастопаль,
  • У сакавіку 2023 году дамову аб супрацы падпісалі Віцебскі аблвыканкам і акупацыйныя ўлады Крыму.
  • У чэрвені 2024 году ўлады Віцебска і Віцебскай вобласьці падпісалі пагадненьні з акупацыйнымі ўладамі Сімфэропаля, Феадосіі і Сакскім раёнам Крыму, а таксама падпісалі пратакол аб намерах па стварэньні свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск — Крым».

Што вядома па Чагрынца

Раман Чагрынец нарадзіўся ў 1982 годзе ў Гвардзейскім Сімферопальскага раёну Крыму.

Мае дыплём Таўрычаскага гуманітарна-экалягічнага інстытуту па спэцыяльнасьці «паліталёгія».

Да расейскай анэксіі Крыму выбіраўся дэпутатам Сімферопальскай раённай рады. У 2014 годзе далучыўся да арганізацыі «Русская община Крыма» і пэўны час уваходзіў у кіраўнічы склад крымскага аддзяленьня «Маладой Гвардыі Адзінай Расеі».

У 2015-2017 гадах ачольваў «Беларускую грамаду Крыму», а з 2017 — рэгіянальную нацынальна-культурную аўтаномію «Беларусы Крыму», якая ўваходзіць у склад Фэдэральнай нацыянальна-культурная аўтаноміі беларусаў Расеі.

Раман Чагрынец актыўна падтрымаў расейскую агрэсію супраць Украіны і як кіраўнік беларускай дыяспары ў Крыме падпісаў дамову аб супрацы зь дзяржаўным фондам «Абаронцы Айчыны», які праводзіць розныя грамадзкія праекты па падтрымцы ўдзельнікаў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG