Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 3000 рублёў, «высокія прэміі». Колькі гатовыя плаціць ідэолягам прыватныя і дзяржаўныя кампаніі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ідэолягу прапануюць заробак у 2,3 раза большы, чым вядучаму інжынэру. Каго бяруць на такія пасады і чым яны займаюцца.

На сярэдзіну верасьня ў беларускай агульнадзяржаўнай базе вакансіяў было 76 вольных месцаў для ідэолягаў. Пасьля рашэньня ўладаў прызначаць ідэолагаў і ў прыватныя кампаніі такіх спэцыялістаў шукаюць таксама камэрцыйныя структуры. Застаюцца адкрытымі ідэалягічныя вакансіі і ў дзяржаўных арганізацыях.

Напрыклад, ідэолягу ў Белгідрамеце (які займаецца, сярод іншага, прагнозамі надвор’я) абяцаюць да 3100 рублёў на месяц.

Пасада называецца «намесьнік кіраўніка па ідэалягічнай працы», ад прэтэндэнтаў патрабуюць 5 гадоў досьведу і вышэйшую адукацыю.

Гэтая ж арганізацыя шукае вядучага інжынэра. Яму гатовыя плаціць да 1300 рублёў на месяц, ці ў 2,3 раза менш, чым ідэолягу.

Інжынэру-сыноптыку прапануюць яшчэ менш — да 1200 рублёў.

Прыватнае віцебскае прадпрыемства «ПраМеханіка» таксама шукае намесьніка дырэктара па ідэалягічнай працы. Абавязкі:

  • плянаваньне вытворчасьці;
  • кантроль выкананьня тэрмінаў выпуску і якасьці выпушчанай прадукцыі;
  • кіраваньне пэрсаналам;
  • работа з замоўцамі

Абяцаюць 2500 рублёў на месяц і «высокія прэміі за добрыя вынікі працы». Ад кандыдата патрэбныя вышэйшая адукацыя і досьвед такой працы, ня меншы за 3 гады.

Электраэразіяністу ў гэтай жа кампаніі прапануюць на 500 рублёў менш.

Мабільны апэратар МТС таксама шукаў вядучага спэцыяліста ў ідэалягічнай працы, такая вакансія зьявілася на партале «Минск Бизнес».

Патрабуюць трохгадовага досьведу, веданьня нарматыўна-праўнай базы ідэалягічнай працы, досьведу распрацоўкі карпаратыўных праграмаў і прэзэнтацыяў у кірунку «ідэалёгія», навыку публічных выступаў, здольнасьці пераконваць. Заробак не пазначаны.

Таксама ідэолягаў шукаюць школы, лясгасы, аздараўленчыя цэнтры, санаторыі, каледжы. Заробкі ад 1500 да 3000 рублёў.

Чаму спатрэбілася столькі ідэолягаў

Сёлета 9 красавіка выйшла дырэктыва Лукашэнкі «Аб рэалізацыі асноваў ідэалёгіі беларускай дзяржавы». Згодна з гэтым дакумэнтам, ідэалягічная праца мусіць весьціся на ўсіх прадпрыемствах незалежна ад формы ўласнасьці.

Адна з мэтаў гэтага дакумэнту — павысіць якасьць ідэалягічнай працы. Сярод асноўных яе задач называюцца:

  • Тлумачэньне і практычнае прымяненьне ідэалёгіі беларускай дзяржавы
  • Дасягненьне разуменьня і шырокай падтрымкі беларускім насельніцтвам беларускай мадэлі грамадзкага разьвіцьця
  • Выхаваньне патрыятызму, у тым ліку як гатоўнасьці кожнага грамадзяніна абараняць інтарэсы дзяржавы, канстытуцыйны лад і тэрытарыяльную цэласнасьць
  • Умацаваньне станоўчага міжнароднага іміджу краіны

Арганізоўваць ідэалягічную працу прапануецца з апорай на «прызнаньне ўнікальнасьці беларускай мадэлі грамадзкага разьвіцьця».

«Смачная пасада»

На пасады ідэолягаў набіраюць былых сілавікоў, якія раней працавалі ў ідэалягічным апараце МУС, кажа ў размове з Свабодай Уладзімер Жыгар, прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol.

«Набіраюць асобаў, якія працавалі ў ідэалягічным апараце. Напрыклад, гэта можа быць былы намесьнік начальніка РУУС у ідэалягічнай і кадравай рабоце, умоўны былы начальнік штаба. Людзі працавалі ў гэтай сыстэме, яны ведаюць нарматыўную базу, для дзяржавы такія людзі правераныя часам. Улады разумеюць, якія былі памылкі да 2020 году, што ў ідэолягаў прысутнічаў шалёны фармалізм у працы. Такі чалавек у структуры арганізацыі — гэта пункцік у бясьпецы з боку рэжыму», — мяркуе Ўладзімер Жыгар.

З словаў суразмоўцы, асноўная задача ідэолягаў — не прапусьціць ніякіх нявыгадных для дзяржавы крокаў у калектыве.

«Былы супрацоўнік МУС, якія выйшаў з гэтай сыстэмы, спрабуе ўмацаваць тую мэтодыку кіраваньня калектывам, тыя асновы, якія ёсьць у сыстэме МУС. Сыстэма пабудаваная на стукацтве, на даносах, на татальным кантролі. Такі чалавек будзе заўважаць нейкія няправільныя, зь яго пункту гледжаньня, крокі і пасьля даваць справаздачу ў тыя ці іншыя органы», — разважае Ўладзімер Жыгар.

Для чалавека, які раней працаваў у сілавых структурах і ўладкаваўся на такую пасаду, гэта добрая пазыцыя, дадае суразмоўца.

«На такую пасаду пасьля МУС было ўладкавацца праблематычна, людзі ішлі на пасады, зьвязаныя зь бясьпекай. А пасада, зьвязаная з ідэалёгіяй, — гэта цікава для вялікага пласта былых супрацоўнікаў. Ідэалёгію ў МУС насаджваюць моцна. Гэта цікава для супрацоўнікаў аддзелу кадраў, штабу, намесьніка начальніка ў ідэалёгіі. Кадраў можа і не хапіць на пачатковым этапе. Могуць выкарыстоўваць ня толькі былых супрацоўнікаў МУС», — кажа Уладзімір Жыгар.

Што да эфэкту ад працы такіх людзей на нейкім прадпрыемстве, то ён можа быць паступовы, гаворыць суразмоўца. Улады хочуць кантраляваць раней больш вольны прыватны сэктар.

«Яны цяпер будуць ахопліваць той сэгмэнт, які быў вольны ў прыняцьці рашэньняў. Гэта сэгмэнт, які няправільна паказаў сябе з гледзішча ўладаў у 2020 годзе. Раней дзяржаўная ідэалёгія не даносілася ў гэтыя структуры. Цяпер на такіх пасадах будуць былыя сілавікі, што будзе трымаць калектыў у дадатковай напрузе», — папярэджвае Жыгар.

У беларускай вышэйшай сыстэме адукацыі нават ёсьць спэцыяльнасьць «ідэоляг». Такіх спэцыялістаў рыхтуюць у Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце, спэцыяльнасьць называецца «дзяржаўнае кіраваньне і ідэалёгія».

Раней Свабода паведамляла, што вось ужо два гады беларусаў, якія ўладкоўваюцца на дзяржаўныя пасады, правяраюць праз базы сілавікоў. Праверка можа цягнуцца да двух месяцаў. Глядзяць, ці былі ў чалавека адміністрацыйныя палітычныя затрыманьні, ці ёсьць яго імя ў базах сілавікоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG