Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збор грошай вызваленым палітвязьням на BySol перавысіў 110 тысяч эўра


Частка дастаўленых у Літву палітвязьняў на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні, 12 верасьня 2025 году
Частка дастаўленых у Літву палітвязьняў на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні, 12 верасьня 2025 году

Фонд BySol 11 верасьня, абвяшчаючы збор грошай, паведаміў, што кожны вызвалены атрымае 1000 эўра праз BySol з дапамогай Міжнароднага гуманітарнага фонду.

Збор адразу прыцягнуў увагу беларускай дыяспары і салідарных з палітвязьнямі. Людзі пачалі ахвяраваць грошы.

Ужо ўвечары таго ж дня, 11 верасьня, удалося нават перавысіць заяўленую суму ў 50 тысяч эўра.

18 верасьня збор працягваецца, а сума збору перавысіла заяўленую ў пачатку больш як удвая і складае 110 850 эўра.

Палітвязьні апынуліся за мяжою ў выніку прымусовай экспатрыяцыі, без дакумэнтаў і часта безь неабходных рэчаў.


Як слушна называць прымусовы вываз палітычных вязьняў за мяжу Беларусі

Палітычных вязьняў, якіх улады Беларусі вызваляюць з турмаў у межах пагадненьняў з амэрыканскім бокам, не пакідаюць у Беларусі. Гэта абурае многіх зь іх, якія амаль даседзелі прызначаны турэмны тэрмін і спадзяваліся жыць на радзіме, аднак апынуліся за мяжою, бяз дому і часта без дакумэнтаў. Як будзе найбольш карэктна называць гэты прымусовы вываз людзей з краіны? Разьбіраемся.

Выправаджэньне (выдварэньне)?

Не, бо выправадзіць зь Беларусі могуць толькі замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства за правапарушэньні.

Такія дзеяньні адбываюцца ў форме высланьня (высылкі), распараджэньня пакінуць краіну, якое іншаземец можа выканаць добраахвотна;

або дэпартацыі, адміністрацыйнага выправаджэньня іншаземца за межы краіны.

Высланьне і дэпартацыя іншаземных грамадзян і асобаў без грамадзянства рэглямэнтуюцца адпаведнымі заканадаўчымі актамі. Высланьне і дэпартацыя грамадзян Беларусі забароненыя законам.

Найбольш слушным тэрмінам у цяперашнім становішчы беларускіх палітвязьняў будзе прымусовая экспатрыяцыя (антонім рэпатрыяцыі). Гэта — выгнаньне грамадзяніна Беларусі за межы ягонай радзімы. Прымусовая экспатрыяцыя — незаконная працэдура, яна супярэчыць Канстытуцыі краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG