Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, што Пуцін звольніў намесьніка кіраўніка сваёй адміністрацыі, які выступаў за перамовы з Украінай


Дзьмітрый Козак і Ўладзімір Пуцін, лістапад 2013 году. Ілюстрацыйнае фота
Дзьмітрый Козак і Ўладзімір Пуцін, лістапад 2013 году. Ілюстрацыйнае фота

Дзьмітрый Козак пакіне пасаду намесьніка кіраўніка адміністрацыі расейскага прэзыдэнта 19 верасьня.

«Прашэньне намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Дзьмітрыя Козака аб адстаўцы задаволена, пятніца стане яго апошнім працоўным днём», — паведаміла расейскае агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу.

Раней іншае расейскае агенцтва РБК паведаміла, што Козак напісаў заяву аб звальненьні. Аднак афіцыйна пакуль гэтую інфармацыю не пацьвердзілі.

Козак 25 гадоў працаваў на адказных дзяржаўных пасадах. У 2000-2004 гадах быў намесьнікам кіраўніка і першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, у 2004-2007 гадах — паўнамоцным прадстаўніком у Паўднёвай фэдэральнай акрузе, у 2007-2008 працаваў міністрам рэгіянальнага разьвіцьця, у 2008-2020 — віцэ-прэм’ерам. У 2020 годзе вярнуўся ў адміністрацыю Пуціна на пасаду намесьніка кіраўніка.

Дзьмітрый Козак быў адным з найбліжэйшых дарадцаў Уладзіміра Пуціна і кантраляваў стратэгію Крамля датычна Ўкраіны. Ён не пагадзіўся з палітыкай вайны супраць Украіны.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што ягонае звальненьне сьведчыць аб тым, што Пуцін застаецца адданым намеру працягваць вайну супраць Украіны.

«Імавернае рашэньне Пуціна выціснуць з свайго блізкага атачэньня вядомага высокага службоўца Крамля пасьля выказваньня жаданьня спыніць вайну ва Ўкраіне яшчэ раз сьведчыць аб тым, што Пуцін і ягоныя дарадцы аб’ядноўваюцца вакол сваёй адданасьці працягваць вайну ва Ўкраіне і вакол максымалісцкіх ваенных патрабаваньняў Пуціны», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG