Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 5 чэрвеня: 2 гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі; палітвязьня Мядзьведзкага перавялі ў калёнію

абноўлена

Дзьмітры Суслаў
Дзьмітры Суслаў

У Беларусі амаль штодня адбываюцца суды за абразу Лукашэнкі, сілавікоў або іншыя формы пратэсту супраць іх.

Бабруйчанку асудзілі да 2 гадоў «хіміі» за абразу Лукашэнкі

Як стала вядома Бобруйск Online, яшчэ 2 чэрвеня суд Асіповіцкага раёну асудзіў 45-гадовую бабруйчанку на 2 гады «хіміі». Жанчыну прызналі вінаватай у абразе Лукашэнкі (арт. 368).

Па вэрсіі пракуратуры, жанчына 4 студзеня патэлефанавала на лінію «102» і выказала сваё стаўленьне да Лукашэнкі. Сваю віну бабруйчанка падчас судовага працэсу не прызнала.

Пры гэтым незразумела, чаму справу жанчыны перадалі асіповіцкаму суду.

Бабруйскага журналіста пакінулі ў ізалятары да панядзелка

У Бабруйску ў пятніцу затрымалі журналіста мясцовага «Коммерческого курьера» Дзьмітрыя Суслава. Па яго прыйшлі проста ў рэдакцыю і забралі «на гутарку», пазьней на тэлефонны званок знаёмага Дзьмітры адказаў, што затрыманы.

Увечары галоўнай рэдактарцы ў ГУУС адказалі, што Суслаў прабудзе ў ізалятары да панядзелка, яму інкрымінуюць нейкую адміністратыўнную справу.

Палітвязьня Арцёма Мядзьведзкага, які ў лютым зьбег з «хіміі», перавялі ў калёнію «Воўчыя норы»

Палітзьняволены Арцём Мядзьведзкі ў пачатку лютага здолеў уцячы з папраўчай установы № 45 у Камянцы празь лякарню, куды трапіў зь лёгкім страсеньнем мазгоў пасьля таго, як пасьлізнуўся і зваліўся ў будынку ПУАТ.

Празь некаторы час пасьля ўцёкаў Арцёма затрымалі і вярнулі на «хімію». У канцы красавіка ў судзе Камянецкага раёну судзьдзя Аксана Шкель пастанавіла перавесьці Мядзьведзкага з «хіміі» ў калёнію тэрмінам на 9 месяцаў.

Стала вядома, што адбываць тэрмін Арцёма накіравалі ў папраўчую калёнію № 22, так званыя «Воўчыя норы», што ў Івацэвічах.

Арцёма затрымалі 19 кастрычніка 2020 году. Яго абвінавацілі ў тым, што ён увечары 10 жніўня ўдзельнічаў у акцыі пратэсту каля ст. м. «Пушкінская», выкаціў на дарогу камень, што прывяло да блякаваньня праезнай часткі. 15 студзеня 2021 году палітвязьню прысудзілі 3 гады «хіміі».

У Наваполацку ператрус у журналісткі Палынскай

Сілавікі прыйшлі з ператрусам да наваполацкай журналісткі Ціны Палынскай. Пра гэта напісаў муж журналісткі Аляксандар. Таксама ён паведамляе, што Ціну зьбіраюцца затрымаць.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG